Памёрла жанчына, у якой многія з вас куплялі «Нашу Ніву» ў пераходах ля ГУМу і каля вакзалу. Да апошняга тыдня свайго жыцьця яна працягвала прадаваць незалежныя выданьні. Ня толькі такія вядомыя, як «НН» і «Народная воля», але і эстэцкія, як «Партызан».

Апошнія гады, перанёсшы цяжкі інсульт, яна недачувала, ёй цяжка было гаварыць, але яна ішла зноў і зноў з газэтамі ў пераходы. Яна не магла браць памногу асобнікаў, не магла падняць. Брала торбачку, нацягвала бурае штучнае футра, прыходзіла да нас у Рэдакцыю. Не магла націснуць на код дамафона, грукала ў шыбы.

Яе бязьлітасна ганялі работнікі органаў. Толькі нічога не маглі зрабіць з старым чалавекам.

У яе многа хто купляў газэты. Мала хто ведаў, як яе звалі: Валянціна Цюленева, дачка Васіля. Яна выгадавала сына Артура Клінава і паказала многім прыклад дзейнасьці.

Беларусь ня стала Туркменіяй, і Расеяй ня стала, бо былі такія, як Цюленева, і яны не сядзелі, а дзейнічалі. Дзякуючы ім «Наша Ніва» зрабіла беспрэцэдэнтнае ў беларускай гісторыі: ужо паўтара году разыходзіцца, нягледзячы на забарону.

Яна памёрла ў адзін дзень з Жанам Бадрыярам, дэканструктарам мэдыйнае маніпуляцыі.

Калісьці ў гэтым пераходзе ўстане помнік: бабулька трымае газэты. Гэта будзе помнік усім, хто заваёўвае свабоду слова. Безь якой нічога ня можа стаць.

Месца Цюленевай не павінна застацца пустым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?