Былы дырэктар Інстытуту ядравай энэргетыкі й стваральнік малагабарытнай атамнай станцыі «Памір» Васіль Несьцярэнка расказаў «Нямецкай хвалі», як адаб’ецца на бясьпецы скарачэньне тэрмінаў будаўніцтва станцыі.

— Дзевяць гадоў таму былі вельмі моцныя дэбаты ў беларускім урадзе: будаваць ці не будаваць атамныя станцыі. Мы дэталёва ўсе аспэкты бясьпекі паглядзелі, пераканаліся, што кадраў у Беларусі няма. Няма інфраструктуры, няма ўласнага паліва, не збудаваныя сховішчы. І самае галоўнае, што пакуль бясьпечнага тыпу рэактара няма. Мінула дзевяць гадоў, а такі рэактар не зьявіўся. Я думаю, што гэта тэхналёгія высокай рызыкі».

Паводле словаў Васіля Несьцярэнкі, Беларусь ня зможа знайсьці ў бюджэце сродкі на будаўніцтва нармальнай бясьпечнай АЭС, якая, больш за тое, хутка не акупіцца. Урад кажа пра неабходныя для будаўніцтва 2,5‑3 мільярды даляраў, аднак:

— Я ацэньваю, што калі мы будзем два блёкі ставіць, то гэта абыдзецца ў суму ня меншую за 10 мільярдаў даляраў. Толькі само абсталяваньне будзе каштаваць больш за 5 мільярдаў даляраў, ды інфраструктура столькі сама пацягне. Ня толькі мы, але і нашыя дзеці, і ўнукі будуць дзесяцігодзьдзямі сплачваць гэтую пазыку.

Раней на рэалізацыю праекту па будаўніцтве беларускай АЭС адводзілася 9 гадоў. Але Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне ўкласьціся ў 4‑5 гадоў. Як адаб’ецца на бясьпецы скарачэньне тэрмінаў будаўніцтва і эканомнае фінансаваньне?

— Чарнобыль жа таксама датэрмінова будавалі. Ёсьць такія віды дзейнасьці, дзе трэба строга пільнавацца тэхналёгіяў і тэрмінаў. Вось тут сьпяшацца нельга, таму што калі гэта якасна не зрабіць, то заплацім такімі аварыямі, як здарылася ў Чарнобылі, — лічыць Віталь Несьцярэнка.

На пытаньне, колькі гадоў неабходна для таго, каб пабудаваць атамную станцыю з выкананьнем усіх мераў бясьпекі спэцыяліст адказвае:

— 12‑15 гадоў — мінімальны тэрмін. Меней ня будзе. Кадры для маленькай станцыі мы рыхтавалі 10 гадоў. Падрыхтоўка інфраструктуры не пачыналася. А куды дзяваць адкіды? Сёньня ніхто ня ведае, як ажыцьцяўляць захоўваньне высокаактыўных адкідаў больш за 50‑70 гадоў. Гэта ахілесава пята атамнай энэргетыкі. Паліва таксама няма, таму што паліўны цыкль нагэтулькі дарагі, што гэта могуць толькі самыя багатыя краіны дазволіць. Я думаю, што ў Расею пабяжым за палівам, тады ў чым жа наша незалежнасьць? А калі станцыю будуем, значыць, будуць і аварыі. таму што гэта тэхналёгія высокай рызыкі. А яшчэ адну аварыю ў Беларусі нам не перажыць.

У 1986 годзе спадар Васіль першым усчаў трывогу пра неабходнасьць ёдапрафіляктыкі й адсяленьня людзей з 100‑кілямэтровай зоны вакол чарнобыльскага рэактара. Цяпер ён узначальвае недзяржаўны інстытут радыяцыйнай бясьпекі «Белрад». Дагэтуль прыборы супрацоўнікаў інстытуту фіксуюць у чарнобыльскай зоне забруджаньне грыбоў да 50 Бк/кг і назапашаныя людзьмі дозы радыенуклідаў у 20 большыя за дапушчальныя.

— Мы будзем дзесяцігодзьдзі гэта ўсё разграбаць. Галоўная небясьпека — брудныя прадукты. А цэзій вельмі марудна, дзесьці 1‑2 мм ў год, рухаецца. Ён знаходзіцца ў каранёвым слоі. Яшчэ 30‑40 гадоў, калі лічыць ад сёньня, забруджаньне будзе. А там людзі працуюць, вырабляюць прадукцыю, спрабуюць яе прадаць. і яна, як саранча, паўзе па рэспубліцы.

На думку Васіля Несьцярэнкі, урад Беларусі ня мае права выкарыстоўваць тэхналёгіі такой высокай рызыкі. Ён лічыць, што Беларусь магла б разьвіваць ветраэнэргетыку і выкарыстоўваць энэргію біямасы:

— Калі б дзяржава туды такія грошы ўклала, як зьбіраецца ўкласьці ў АЭС, посьпех быў бы большым.

Паводле: Марына Мазуркевіч, «Нямецкая хваля»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0