У выпадку санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі Латвія не будзе прынцыпова пярэчыць і далучыцца да агульнай думкі ЕС. Пра гэта заявілі прадстаўнікі ўрада.

Пытанне пра магчымыя санкцыі супраць Беларусі разглядалася ў аўторак на закрытай частцы пасяджэння ўрада.

Пасля пасяджэння в.а. міністра замежных спраў міністр абароны Арціс Пабрыкс заявіў, што Латвія не хацела б, каб у выніку неабгрунтаваных санкцый Беларусь аддалілася ад ЕС, так як гэта пытанне агульнай бяспекі. Таксама непрадуманыя эканамічныя санкцыі могуць прычыніць шкоду латвійскай эканоміцы.

«Аднак падзеі апошніх дзён у Беларусі змяншаюць шэрагі яе прыхільнікаў у ЕС», — сказаў міністр, патлумачыўшы, што мае на ўвазе пакаранне двух асуджаных за выбух у мінскім метро.

Ён адзначыў, што па пытанні наконт санкцый супраць Беларусі ў ЕС яшчэ чакаюць цяжкія дыскусіі, але ён не выключае, што Латвіі давядзецца лічыцца з вядомымі абмежаваннямі і санкцыямі ў дачыненні да суседняй краіны.

У ЕС зараз складаецца спіс лаяльных беларускаму рэжыму прадпрыемстваў, і не выключана, што гэта паўплывае і на бізнес у Латвіі.

«Аднак аб’ём і страты ў выніку магчымых санкцый не такія вялікія, як публічна абвешчаныя некалькі адсоткаў ад ВУП, хоць мы не хочам і гэтых страт», — сказаў Пабрыкс.

Пытанне аб санкцыях міністры ЕС будуць абмяркоўваць 23 сакавіка, але Латвія не лічыць, што ёй трэба выкарыстоўваць права вета.

Прэм’ер-міністр Валдзіс Дамброўскіс са свайго боку дадаў, што Латвія скептычна ставіцца да санкцый, але ў той жа час лічыць неабходным указаць на праблемы з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі.

Ён падкрэсліў, што ў міністраў ўрада, якія прадстаўляюць кааліцыйныя партыі, была адзіная пазіцыя па гэтым пытанні.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?