Апошнім часам беларускіх літаратараў, якія вядуць «жывыя дзёньнікі» (livejournal.com), значна паболела.

Ва ўмовах, калі правядзеньне літаратурных імпрэзаў у нашай краіне зрабілася праблематычным дзеля ціску ўладаў, Інтэрнэт па сутнасьці становіцца адзіным месцам, дзе беларускі пісьменьнік можа, не азіраючыся на дзьверы, спакойна пагутарыць з чытачом. Да таго ж, «жывыя дзёньнікі» даюць літаратару магчымасьць гаварыць з чытачамі колькі заўгодна і калі заўгодна, калі непасрэдны выступ перад аўдыторыяй ці сустрэча зь ёю, так бы мовіць, у часопісна‑газэтнай прасторы маюць пачатак і канец. (У свой час Максім Багдановіч вельмі шкадаваў, што дзеля абмежаваньня газэтнай плошчы ў «Нашай Ніве» нельга друкаваць артыкулаў памерам больш за 5—6 старонак).

Ня будзем забывацца таксама, што «жывыя дзёньнікі» пісьменьнікаў могуць рэдагаваць толькі яны самі, і поўная адсутнасьць дыктату рэдактараў, выдаўцоў і літаратурных крытыкаў у Інтэрнэт‑прасторы некаторым творцам мастацкіх каштоўнасьцяў прыйшлася даспадобы. Дый і чытачы ад з’яўленьня пісьменьніцкіх «жывых дзёньнікаў», здаецца, толькі выйгралі: цяпер яны маюць унікальны шанец зазірнуць у творчую лябараторыю літаратараў, даведацца, над чым яны працуюць, пакінуць свой водгук ці паведамленьне. І нават абмеркаваць са самімі пісьменьнікамі дэталі іх прыватнага жыцьця. Прыкладам, параіць Югасі Калядзе, якія беларускія прадукты харчаваньня лепш ніколі не набываць; напісаць Адаму Глёбусу, хто лепш атрымаўся на здымку — ён сам ці ягоная жонка.

Аднак у чытацка‑пісьменьніцкім асяродзьдзі Беларусі нямала і тых, хто лічыць, што людзі, якія ствараюць і чытаюць «жывыя дзёньнікі», імкнуцца толькі нагадаць пра сябе, выпхнуцца на «пярэдні плян». Няма, кажуць яны, у тых блогах шчырасьці, а толькі «откровения», глупствы, балбатня, лаянка. І адзначаюць, што карыстальнікі livejournal.com нагадваюць ім удзельнікаў reality‑шоў, якія дазваляюць назіраць за сабой кожнаму ахвотнаму і імкнуцца любымі сродкамі ва ўсім пераўзысьці астатніх гульцоў. Дарэчы, некаторыя пісьменьнікі — сталыя аўтары «жывых дзёньнікаў» — ускосна пацьвярджаюць гэтыя словы, раз‑пораз дэманструючы сваю стому ад штодзённага знаходжаньня ў віртуальнай прасторы поруч з натоўпам графаманаў ды вычварэнцаў і міжволі прыходзячы да высновы, што літаратура і «віртуальныя» дзёньнікі — несумяшчальныя. Ямчэй за ўсіх гэтую думку выказаў Уладзімер Сьцяпан: «Інтэрнэтаўскія тэксты двойчы не чытаюць» (пост ад 19.02.2007).

А як мяркуеце вы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?