Іспанія стала чэмпіёнам Еўропы ў 2008 г. і свету ў 2010 г.

Іспанія стала чэмпіёнам Еўропы ў 2008 г. і свету ў 2010 г.

Ужо ў чэрвені на васьмі стадыёнах Украіны і Польшчы пройдзе галоўная футбольная падзея года — Чэмпіянат Еўропы. Беларуская зборная, на жаль, зноў не здолела трапіць у фінальны раўнд. Аднак айчынныя заўзятары ўсё адно рыхтуюцца паехаць на чэмпіянат, каб жыўцом убачыць найлепшыя зборныя кантынента і адчуць атмасферу спартыўнага свята.

Яшчэ б — арганізатары чакаюць, што гульні змогуць наведаць каля 1 мільёна чалавек. Невялікая адлегласць да Польшчы і Украіны ды бязвізавы рэжым з апошняй дае беларусам выдатную магчымасць з’ездзіць на футбол, не патраціўшы на гэта шмат грошай.

Такім чынам, некалькі асноўных варыянтаў, як правесці Чэмпіянат Еўропы не на канапе.

Варыянт 1. Білет праз інтэрнэт

Сістэма продажу білетаў заўзятарам не змяняецца з года ў год, аднак па-ранейшаму не выглядае прывабнай для беларусаў. З 1,4 мільёна білетаў праз сайт УЕФА прадаваўся 1 мільён. І на яго наляцела больш за 12 мільёнаў патэнцыйных пакупнікоў!

Набыць білеты можна было, калі папярэдне зарэгістравацца на сайце і, галоўнае, аплаціць куплю праз інтэрнэт. Гэта і адсеяла многіх беларусаў, якія не маюць патрэбных картак для аплаты.

Білеты ў інтэрнэце ўжо прададзеныя, таму цяпер застаецца шукаць іх у спекулянтаў. Улічваючы невысокія заробкі ў Польшчы і тым больш ва Украіне, арганізатары зменшылі цану білетаў. У выніку самыя-самыя танныя каштавалі 30 еўра — за месца за варотамі, на матчы групавога этапу. Самы дарагі — 600 еўра на фінал у Кіеве.

А вось пры перапродажы давядзецца заплаціць у 2–10 разоў больш, у залежнасці ад «прэстыжнасці» гульні. Пакуль што ў беларускім інтэрнэце можна знайсці не больш за дзясятак аб’яў аб продажы, аднак чым бліжэй будзе чэмпіянат, тым актыўней будуць размяшчацца такія прапановы.

Адкуль білеты ў спекулянтаў — невядома, таму што саміх білетаў фізічна яшчэ няма. Яны будуць надрукаваныя за месяц да чэмпіянату.

УЕФА папярэджвае, што білеты з’яўляюцца імяннымі і іх перапродаж магчымы толькі на сайце арганізацыі, прычым па намінальным кошце. Праўда, многія перакананыя, што УЕФА толькі запалохвае перакупшчыкаў і ніякага пашпартнага кантролю на стадыёнах насамрэч не будзе.

Варыянт 2. Турфірма

Нейкую частку білетаў атрымалі для распаўсюду ліцэнзаваныя турыстычныя кампаніі з краінаў, зборныя якіх будуць гуляць на Еўра-2012. Беларускія турфірмы, у сваю чаргу, перакупляюць білеты ў замежных калег. Напрыклад, у кампаніі «Ваяж-Тур» карэспандэнту «НН» паведамілі, што за 11-дзённы тур на тры гульні зборнай Расіі (з Чэхіяй, Польшчай і Грэцыяй) давядзецца заплаціць 1650 еўра. У гэты кошт уключана і пражыванне ў гатэлях Варшавы і Вроцлава. Прычым выкупіць у турфірмы асобна білеты на футбол, без астатняй праграмы, немагчыма.

Намеснік дырэктара кампаніі «Тусон Ваяж» Руслан Сегянюк, мяркуе, што турысты будуць самастойна арганізоўваць паездкі, а турфірмы будуць дапамагаць толькі з візамі і білетамі на матчы.

Варыянт 3. Без білета

Зрэшты, тысячы беларусаў на цягніках, аўтамабілях ці аўтастопам гатовыя ехаць на чэмпіянат і без білета ў кішэні. Гульні пройдуць у Варшаве, Познані, Гданьску і Вроцлаве з польскага боку, а таксама ў Кіеве, Харкаве, Данецку і Львове ва Украіне. Прыехаўшы ў любы з гэтых гарадоў, можна будзе ўліцца ў шматтысячны вясёлы натоўп фанатаў ды паглядзець футбол на вялікіх экранах.

Вось толькі пра жыллё варта паклапаціцца загадзя. Напрыклад, зараз ва ўкраінскіх хостэлах койкамесца каштуе да $10, аднак падчас чэмпіянату за яго папросяць у чатыры-пяць разоў больш.

Тое ж датычыцца і менш камфортнага жылля — у чэрвені за начоўку ў двухмесным намёце давядзецца заплаціць $100. Цэны ў Польшчы будуць яшчэ больш высокімі, чым ва Украіне.

Многія заўзятары гатовыя пераначаваць і ва ўласным аўто. Ноч на ахоўваемым кемпінгу каштуе каля $50, аднак можна будзе заночыць і на звычайных паркоўках. Цёплы чэрвень будзе гэтаму спрыяць, як і хаатычна пастаўленым намётам пасярод украінскіх гарадоў. Зрэшты, праз асаблівасці мясцовага заканадаўства замежнікі фактычна могуць і не плаціць штрафы за адміністрацыйныя парушэнні. А вось у Польшчы небяспека трапіць на грашовае пакаранне значна большая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?