Галоўным вынікам прэзідэнцкай кампаніі ў Расіі стала не чаканая перамога Пуціна, а вялізны ўздым грамадскага руху, да якога далучылася болей за 20 тысяч чалавек, што хацелі справядлівых выбараў. Хто гэтыя людзі і чаму яны сталі назіральнікамі за выбарамі?

Некалькі сотняў чалавек, пераважна маладых, занялі амаль усе крэслы ў вялікай канферэнц-зале гатэля «Ізмайлава-Вега» на ўсходзе Масквы, дзе праходзіць Форум назіральнікаў.
Шмат хто з іх трымае ў руках невялікія даведнікі альбо кнігі, якія распаўсюджваюцца грамадскімі арганізацыямі, што займаюцца навучаннем назіральнікаў за выбарамі. За некалькі тыдняў да прэзідэнцкіх выбараў 4 сакавіка курсы па назіранні набылі нечуваную папулярнасць у вялікіх расійскіх гарадах. Палова з прысутных ніколі раней не былі назіральнікамі, хаця нядаўна і прайшлі адпаведныя курсы. Другая палова за дзень да выбараў вырашыла атрымаць адпаведныя веды, каб пайсці на ўчасткі і правесці там у выходны дзень мінімум 16 гадзін.
Да трыбуны Форуму выходзіць мілая супрацоўніца міжнароднай арганізацыі Transparency International Соф’я Драбінская, якая на мінулых парламенцкіх выбарах нечакана для сябе стала назіральніцай на ўчастку ў роднай школе.

«Я вырашыла стаць назіральнікам за некалькі дзён да тых выбараў. Проста пайшла ў арганізацыю „Голас“ і запісалася на курсы», — кажа яна.

Такіх, як Соф’я, у час мінулых выбараў было няшмат. Як кажа Аляксей Захараў, адзін са стваральнікаў праекта «Грамадзянін назіральнік», што таксама займаецца падрыхтоўкай назіральнікаў, да думскіх выбараў арганізацыя навучыла 172 назіральнікаў. «І нават калі да нас прыходзіў яшчэ хаця б адзін чалавек, што жадаў вучыцца, мы вельмі радаваліся гэтаму.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі прыкладна 12 тысяч чалавек прайшлі нашы курсы».

Праект «Расвыбары», створаны вядомым блогерам і юрыстам Аляксеем Навальным, падрыхтаваў прыкладна такую ж колькасць назіральнікаў. Ініцыятыва «Голас», што акрамя трэнінгаў стварыла «Карту парушэнняў на прэзідэнцкіх выбарах», дзе кожны карыстальнік сеціва мог пазначыць парушэнне выбарчага заканадаўства ў любым пункце Расіі, мае яшчэ 10 тысяч назіральнікаў. Пры гэтым ніхто не можа назваць колькасці тых, хто збіраўся сачыць праз інтэрнэт за 180 тысячамі вэб-камераў, усталяваных на большасці выбарчых участкаў Расіі. Гэтыя лічбы Соф’я называе «гіганцкімі»:

«Такога не было ў час думскіх выбараў. Таму я вельмі радая, што столькі людзей прыходзяць на курсы і гатовыя назіраць». Цікаўнасць да выбараў такая высокая, што ўпершыню назіральнікі з’явяцца на закрытых участках — у турмах, шпіталях і санаторыях. Спрыяюць гэтаму і маскоўскія знакамітасці: журналіст Леанід Парфёнаў і пісьменнік Барыс Акунін, што стварылі яшчэ адну назіральніцкую ініцыятыву — Лігу выбарцаў. Парфёнаў і Акунін самі падаліся ў назіральнікі — першы на радзіме ў Чарапаўцы.

Як адзначае Ілля Байкоў, прадстаўнік сацыяльнай сеткі грамадзянскага кантролю grakon.org, што была створаная валанцёрамі літаральна за некалькі дзён да выбараў,

паводле сацыялагічных даследаванняў, каля 80% тых, хто запісаўся ў назіральнікі, зрабілі гэта не праз нейкія палітычныя прыхільнасці, а каб дапамагчы правесці справядлівыя выбары.

Большасць тых, хто стаў назіральнікам на гэтых выбарах, — звычайныя людзі, якія раней ніколі не паглыбляліся ў палітычную актыўнасць. Многія з іх апошнія месяцы носяць белыя стужкі — сімвал цяперашняга абуджэння грамадскай свядомасці ў Расіі. Людзей са стужкамі можна лёгка пабачыць на вуліцах Масквы, гэтаксама як і тых, хто пачытвае ў метро дапаможнік для назіральнікаў асацыяцыі «Голас».

Соф’я лічыць, што «наша краіна і горад моцна змянілася» пасля першых нясмелых пратэстаў, што адбыліся адразу пасля думскіх выбараў у пачатку снежня 2011 года.
З таго часу пазбаўленыя палітычных лэйблаў актывісты здолелі арганізаваць нашумелыя на ўвесь свет стотысячныя акцыі пратэсту на праспекце Сахарава і стварыць жывое кола людзей з белымі стужкамі вакол Садовага кальца, замкнуўшы такім чынам цэнтр Масквы.

Многія з удзельнікаў гэтых акцый прыйшлі на сустрэчы назіральнікаў, падобных да Форуму ў гатэлі «Ізмайлава-Вега». Некаторыя з іх ужо пабывалі на ўчастках, дзе ў дзень выбараў ім давядзецца да 12-й ночы, а можа, і да раніцы чакаць падліку галасоў. Адна з удзельніц Форуму расказвае, што назірае на ўчастку, дзе, верагодна, адбудуцца вялікія парушэнні. Адзін з прысутных экспертаў прапануе дзяўчыне пакінуць кантакты журналістам, «якія шукаюць такія падазроныя ўчасткі». У выпадку парушэнняў яны маглі б хутка дабрацца да ўчастка і паведаміць пра парушэнне.

«Ад 8 раніцы да 8 вечара ўчастак, дзе я назірала, быў даволі „добры“. Выдатныя кабінкі для галасавання… Я магла бачыць усё, што адбывалася», — прыгадвае Соф’я свой вопыт з папярэдніх выбараў.

«Але ў 8 вечара, калі выбары скончыліся, прадстаўнікі ўчастковай камісіі знялі свае маскі і ператварыліся ў зусім іншых людзей. На адной са старонак кніг, дзе падпісваюцца выбарцы аб тым, што яны атрымалі бюлетэнь, былі прадстаўленыя подпісы члена камісіі. Аднолькавыя».

«Пасля гэтага мы пабачылі, як робяцца ўкіды бюлетэняў. Яны былі спрэсаваныя ў „катлеты“ па 50–60 штук. Бюлетэні так і вывальваліся са скрыні: такімі вялікімі стосамі.

А на наступную раніцу я прачнулася і пабачыла на сайце ЦВК, што за адну з партый на маім участку прагаласавала нашмат болей людзей, чым было зафіксавана ў час падліку».

Такія парушэнні: укіды бюлетэняў альбо простая фальсіфікацыя пратакола, калі назіральнікі бачаць адно, а ў вышэйшыя інстанцыі перадаецца іншая інфармацыя, — вельмі распаўсюджаныя і ў час цяперашняга галасавання на выбарах прэзідэнта. Часам назіральнікі заўважаюць гэтыя парушэнні і пачынаюць пратэставаць. У адказ камісія спрабуе пазбавіцца ад нязручнага назіральніка.

Напрыклад,

у некаторых месцах выбарчыя камісіі, якія звычайна складаюцца з настаўнікаў сярэдніх школаў, падліваюць у гарбату слабіцельнае, якую пасля прапануюць выпіць назіральнікам. Пасля такога напою назіральнікаў нават не трэба афіцыйна выдаляць з участка — яны сыходзяць самі.

Часам узнікаюць нават пагрозы жыццю назіральніка. «Калі да вас на ўчастку падыходзяць невядомыя людзі і прапануюць выйсці паразмаўляць, ніколі не згаджайцеся — адразу тэлефануйце ў міліцыю», — раіць гуру расійскага назірання Грыгорый Мельканьянц, адзін са стваральнікаў асацыяцыі «Голас».

Асацыяцыя адчула вялікі прэсінг, калі паспрабавала арганізаваць паралельны падлік галасоў выбарцаў. Яшчэ адзін праект асацыяцыі, «Карта парушэнняў на выбарах», была заблакаваная ў час мінулых думскіх выбараў DDOS-атакамі. Цяпер Грыгорый кажа, што «ў карты шалёная наведвальнасць і калі яе не „заваляць“, ёй будуць карыстацца ўсе, каб даведацца пра фальсіфікацыі».

Пасля назірання за выбарамі «мой свет перавярнуўся»

Да трыбуны Форуму выходзіць Ілья Байкоў. Ён расказвае пра тое, што ў снежні здолеў папярэдзіць вялікую фальсіфікацыю з укідам бюлетэняў на ўчастку, дзе быў назіральнікам. У выніку кіроўная партыя «Адзіная Расія» набрала там меней за 20% галасоў. Зала ўзрываецца авацыямі.

Але нават калі назіральнікі заўважаюць фальсіфікацыі, дамагчыся адмены выбараў на ўчастку ці перападліку галасоў амаль нерэальна.

«Калі я пабачыла, як праходзяць выбары ў маёй роднай школе, мой свет перавярнуўся. Раней я вельмі наіўна да гэтага ставілася», — кажа Соф’я.

«Я вырашыла падаць у суд. Але гэта стала для мяне вялікай дылемай: калі я падаю ў суд на сябраў камісіі, то я падстаўляю сваіх былых выкладчыкаў. Але максімум, што яны могуць атрымаць, — гэта ўмоўны тэрмін. Таму ў суд пасля доўгіх развагаў я ўсё ж звярнулася».

Справа аб укідзе бюлетэняў на ўчастку Соф’і трапіла пад асабісты кантроль рады па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі.
Але працэс цягнецца ўжо трэці месяц. Хаця асаблівых спадзеваў на станоўчы яго вынік Соф’я не мае: «Суды даюць сапраўды вар’яцкія адказы: калі мы даказваем, што выніковыя пратаколы галасавання сфальсіфікаваныя, суд вырашае, што камісіі проста трэніраваліся, ствараючы падробленыя паперы».

Ужо цяпер праекты, што займаюцца назіраннем за выбарамі, кажуць пра «значныя» парушэнні на выбарах прэзідэнта Расіі. Цэнтральны выбарчы камітэт пад кіраўніцтвам Віталя Чурава абвінавачанні адкідае і раіць звяртацца ў суд. Аднак тыя, хто займаецца навучаннем назіральнікаў, лічаць, што іх справа патрэбная і нават «застанецца ў гісторыі». Шанцы на гэта сапраўды вялікія. Паводле розных дадзеных, на 95 тысяч расійскіх выбарчых участкаў 4 сакавіка выйшла болей за 80 тысяч назіральнікаў ад кандыдатаў і незалежных арганізацыі (апошнія — як журналісты). У буйных гарадах на адным участку знаходзіцца ў сярэднім па 4 назіральнікі.

«Тое што мы робім, увойдзе ва ўсе гістарычныя падручнікі, — кажа Аляксей Захараў з „Грамадзяніна назіральніка“, звяртаючыся да тых, хто прыйшоў на Форум. — І прысутныя тут будуць расказваць сваім дзецям і ўнукам, як удзельнічалі ў гэтым працэсе».

Хаця ўсё ж большасць людзей ідзе назіраць з іншай мэтай. Звычайным офісным супрацоўнікам проста цікава на свае вочы пабачыць тое, што адбываецца на ўчастках. Пра гэта кажа і 27-гадовы праграміст Даніла Сухараў. Праз суткі пасля сканчэння Форуму ён трапіць на выбарчы ўчастак у падмаскоўным Жалезнагорску як карэспандэнт асацыяцыі «Голас». Там яго выкінуць з участка, а пасля разам з напарніцай паб’юць невядомыя ў цывільным наўпрост у будынку мэрыі горада. Паб’юць прафесійна, ад чаго на твары і целе амаль не застанецца слядоў. «Затое цяпер я ведаю, як у нас праходзяць выбары», — скажа Даніла, паціраючы левую руку, што ўсё яшчэ баліць.

Дзяўчына, што была з Данілам на адным участку і таксама трапіла пад гарачую руку невядомых у цывільным, — Ліза Клімовіч, — кажа, што «даўно зразумела, хто такі Пуцін. Але раней я думала, што я адзіная ў Расіі ведаю пра яго сутнасць. Цяпер бачу, што дакладна не адзіная».

«Я вельмі радая, што далучылася да гэтага руху, — усміхаецца Соф’я. — І яшчэ натхнёная: цяпер я назіраю на ўчастку, дзе ёсць усё для завядзення крымінальнай справы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?