Магілёўскі абласны суд задаволіў скаргу праваслаўнага верніка Андрэя Патрэева на рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва аштрафаваць яго за адмову ад праходжання дактыласкапічнай рэгістрацыі. Такое рашэнне прыняў 22 сакавіка суддзя аблсуда Мікалай Гладкі.
Як паведамлялася раней,
17 лютага суд Ленінскага раёна пад старшынствам Станіслава Шандаровіча прыняў рашэнне аштрафаваць Патрэева на 700 тысяч рублёў за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі,якое праявілася ў тым, што ён, з’яўляючыся ваеннаабавязаным, адмовіўся ад праходжання абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Патрэеў не пагадзіўся з рашэннем, вынесеным суддзёй Шандаровічам, і абскардзіў яго дзеянні ў абласным судзе. На думку заяўніка, МУС варта было распрацаваць спецыяльны дакумент, згодна з якім і паводле ўзгаднення з Мінабароны ваеннаабавязаныя павінны праходзіць абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю. Аднак дагэтуль, сцвярджае Патрэеў, такога дакумента няма, а значыць — няма аб’ектыўнай магчымасці прайсці дактыласкапаванне.
Апрача таго, у сваім іску заяўнік сцвярджаў, што
супрацоўнікі міліцыі фальсіфікавалі дакументы, а менавіта абавязацельства па праходжанні дактыласкапічнай рэгістрацыі, прыпісаўшы туды дадатковы абзац і падрабіўшы подпіс.
У матэрыялах справы, апрача ўсяго, была ўказана няправільная дата нараджэння Патрэева, а сам штраф Ленінскі суд наклаў пасля заканчэння двухмесячнага тэрміну з моманту адмовы заяўніка праходзіць дактыласкапічную рэгістрацыю, што супярэчыць закону.
Даследаваўшы матэрыялы справы, суддзя Гладкі прыняў рашэнне аб адмене пастановы суда Ленінскага раёна і накіраванні справы на дадатковае судовае расследаванне. Пры гэтым
ён зачытаў толькі рэзалюцыйную частку рашэння, не называючы прычыны,з-за якіх яно было прынята.
«Я спадзяваўся, што выйграю суд, таму што мае патрабаванні былі законныя па праходжанні гэтак званай абавязковай дактыласкапіі. Судом Ленінскага раёна былі парушаны ўсе законы і працэсуальныя нормы, і грамадзянскія законы, і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь у першую чаргу», — пракаментаваў рашэнне аблсуда Андрэй Патрэеў.
Праваабаронцу Барыса Бухеля радуе адмена рашэння ніжэйшага суда. Аднак, дадаў ён, справа не спынена.
«Рашэнне суддзі Гладкага будзем абскарджваць старшыні суда на прадмет спынення, таму што справа поўнасцю незаконная. Суддзя нават не стаў тлумачыць прычыны свайго рашэння, і чаму ён перадаў справу на новы разгляд — незразумела.
Суддзя яўна на хацеў ствараць прэцэдэнт спынення такой справы і вырашыў проста спіхнуць яе з сябе», —выказаў меркаванне праваабаронца.
Варта зазначыць, што ў лютым суд Ленінскага раёна пад старшынствам Шандаровіча разглядаў аналагічную справу яшчэ аднаго праваслаўнага верніка — Максіма Алямоўскага, які адмовіўся праходзіць дактыласкапічную рэгістрацыю па рэлігійных перакананнях. Справа была адкладзена да 15 сакавіка, аднак дагэтуль слуханні не адбыліся. Алямоўскі зараз скардзіцца на незаконныя, на яго думку, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія патрабавалі ад яго здаць адпячаткі пальцаў.