Канферэнц-зала Інстытута Гётэ набілася бітком — людзям давялося сядзець у праходах, стаяць у калідоры.
Пры гэтым цягам дзвюх гадзінаў Альгерд Бахарэвіч проста чытаў фрагменты свайго новага рамана «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення». Ніякіх перформансаў, ніякага шоу. Проста вялікая зала, за сталом сядзіць Бахарэвіч і чытае, а публіка захоўвае поўную цішыню.

Бахарэвіч чытае без мікрафона, і, адчуваецца, сам вельмі радуецца асабліва ўдалым месцам у кнізе — у гэты час на экран за ягонай спінай дэманструюцца фотаздымкі з Шабаноў мінскіх і «Шабаноў» Гамбургскіх. Паміж урыўкамі гучыць музыка — фрагменты любімых песняў аўтара па 30–60 секундаў. Слайдаў няшмат, і за першыя некалькі ўрыўкаў можна ў падрабязнасцях разгледзіць іх усе. Да канца прэзентацыі можна запомніць прыблізны парадак.

На імпрэзу прыйшла розная публіка — тут і студэнты, і пенсіянеры, і жыхары Шабаноў (праўда, не такія, якімі мы іх звычайна уяўляем), а таксама тыя, каму карцела паразмаўляць пра «Гамбургскі рахунак».
У апошніх, дарэчы, нічога не выйшла — Бахарэвіч паабяцаў абмеркаваць «Рахунак» у верасні, калі той выйдзе кнігай.
Раман «Шабаны» мае некалькі сюжэтных ліній — у адной хлопец, які мусіць дайсці ад Зялёнага Луга да Шабаноў за ноч, у другой — жанчына, якая шукае мужа, што адправіўся выносіць смецце і знік, у трэцяй сам аўтар, якога мясцовыя алкашы, ведаючы, што ён сын інжынера, віталі з павагай словам «Здравствуйте!» і які цяпер жыве ў такіх самых Шабанах, толькі ў Гамбургу.

Калі нехта думае, што раман пра Шабаны абавзякова мусіць апавядаць пра гопнікаў, падрабязна апісваць папойкі і гэтак далей, то Бахарэвіч даказвае адваротнае. Ягоныя Шабаны з’яўляюцца нейкай асобнай тэрыторыяй — не горадам і не вёскай, дзе людзі жывуць сваім, спецыфічным жыццём, ходзяць у краму ў халатах і тапачках. Тэкст напоўнены нейкай інтэрнацыянальнай, характэрнай для Шабаноў усяго свету тугой, але туга тая бліжэйшая да меланхоліі, чым да дэпрэсіі.

Пасля чытанняў Бахарэвіч адказваў на пытанні слухачоў —
тут стала абсалютна відавочна, што чытаць услых яму прасцей, чым адказваць на пытанні: як ён сам і казаў, чалавек ён скрытны, і размаўляць з людзьмі не вельмі любіць.
Адзінае пытанне, якое змагло яго разварушыць, тычылася эміграцыі. «Я з’ехаў не па грошы, а па свабоду, і з майго боку гэта быў маладушны крок, — кажа Бахарэвіч. — Калі я з’язджаў, я быў на мяжы зрыву, самагубства».

Вярнуцца на радзіму? Пакуль не можа гэтага зрабіць. «Я вельмі паважаю людзей, якія засталіся жыць у Беларусі, я захапляюся імі». Але

сам вернецца ў Беларусь, толькі калі над краінай з’явіцца бел-чырвона-белы сцяг. «У той дзень, калі пачвары не стане, я вярнуся ў Мінск», — заявіў пісьменнік.

У Германіі Бахарэвіч прапагандуе беларускую культуру і мову, піша кнігі, выступае перад грамадскасцю: «І ў мяне нешта атрымліваецца — усё больш і больш немцаў праз мае кніжкі і выступы даведваецца аб тым, што адбываецца ў Беларусі».

«Калі ў Беларусі скончацца цёмныя часы, то людзі, якія тут жылі і нікуды не збеглі, будуць радавацца чыстай вялікай радасцю. Гэта будзе іх заслужаная радасць. Я такой радасці перажыць не змагу, таму што буду ведаць, што я ўцёк», — дадаў Альгерд Бахарэвіч.

Тым не менш, Бахарэвіч працягвае працу над новымі кнігамі: неўзабаве з’явіцца на паперы «Гамбурскі рахунак». З іншага боку, пісьменнік, якога болей за сто чалавек дзве гадзіны слухаюць, у набітай зале, можа сабе дазволіць рабіць паўзы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?