З 25 сакавіка Нацыянальная авіякампанія (НАК) «Белавія» пераходзіць на летні расклад, які будзе дзейнічаць да 27 кастрычніка.

«Калі раней кожны новы сезон суправаджаўся пераводам стрэлак гадзіннікаў, то цяпер пераход з зімовага на летні расклад азначае змяненні ў праграме палётаў: увядзенне сезонных рэйсаў і новых напрамкаў, павелічэнне частотнасці выканання палётаў», — гаворыцца ў паведамленні аддзела маркетынгу авіякампаніі.

У новым сезоне практычна па ўсіх кірунках павялічваецца частата выканання рэйсаў: Парыж, Тэль-Авіў, Екацерынбург, Тэгеран, Ларнака, Ашгабад, Санкт-Пецярбург, Баку і інш. Рэйс Мінск — Батумі з 15 чэрвеня 2012 года будзе выконвацца штодзённа.

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў павялічваецца колькасць рэйсаў у Лондан — НАК «Белавія» будзе перавозчыкам алімпійскай і паралімпійскай зборных Беларусі.

З 3 чэрвеня будзе адкрыты новы рэйс па маршруце Мінск — Новасібірск — Мінск. Новасібірск стане самым далёкім пунктам прызначэння ў маршрутнай сетцы авіякампаніі «Белавія».

У летнім сезоне адновіцца выкананне сезонных рэйсаў у Караганду, Кустанай, Паўладар, Манчэстэр, Сочы і Сімферопаль.

«Адкрываючы новы сезон, мы стараемся ўлічваць, у першую чаргу, пажаданні нашых пасажыраў і плануем у адпаведнасці з імі свае маршруты. Таксама мы імкнемся, каб у перыяд адпачынкаў нашы кліенты маглі выбіраць рэйсы са зручнымі стыкоўкамі і без стомных чаканняў пачынаць адпачываць», ― цытуе аддзел маркетынгу генеральнага дырэктара НАК «Белавія» Анатоля Гусарава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?