ААТ «Газпром» гатова разгледзець магчымасці супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы электраэнергіі, паведаміў 23 сакавіка журналістам у Мінску намеснік старшыні праўлення «Газпрома» Андрэй Круглоў.

«Гэта наш профільны бізнес. Прынята рашэнне аб тым, што наогул уся энергетыка і электраэнергетыка для нас з’яўляюцца профільным відам дзейнасці. І мы гэта бачым як больш высокі перадзел нашай прадукцыі, гэта значыць газу, і трансфармацыі газу ў электраэнергію», — растлумачыў намеснік кіраўніка «Газпрома».

Што да «Белтрансгаза», працягнуў Круглоў, то там зараз укараняюцца ўсе карпаратыўныя нормы «Газпрома», якія існуюць і ў частцы сацыяльнага забеспячэння, і ў частцы заработнай платы.

Узровень зарплат у «Белтрансгазе», адзначыў Круглоў, адпавядае ўзроўню зарплат даччыных таварыстваў «Газпрома» па транспартаванні газу, размешчаных у заходніх і паўночна-заходніх рэгіёнах Расіі.

Як паведамлялася раней, у канцы лістапада 2011 года «Газпром» купіў 50% акцый «Белтрансгаза» за 2,5 млрд. долараў, давёўшы сваю долю ў прадпрыемстве да 100%. Узамен Беларусь атрымала скідку на газ сёлета і падпісала кантракт на пастаўкі газу ў 2012–2014 гадах. Сярэднегадавая цана газу ў 2012 годзе складзе 165,6 долара за тысячу кубаметраў. Пры гэтым «Газпром» прыняў рашэнне перайменаваць кампанію «Белтрансгаз» у «Газпром трансгаз Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?