Фота Андрэя Аляксандрава.

Фота Андрэя Аляксандрава.

Фота Андрэя Аляксандрава.

Фота Андрэя Аляксандрава.

Жыццёвы шлях Дынглі шчыльна пераплецены з нашай краінай. Штуршком да гэтага, як сам ён кажа, сталася сустрэча з айцом Аляксандрам Надсанам. Тады, у 1965 годзе, скончыўшы Кембрыджскі ўніверсітэт, ён працаваў асістэнтам у аддзяленні славістыкі бібліятэкі Брытанскага музея.

Ад айца Аляксандра малады навуковец упершыню пачуў пра Вялікае Княства Літоўскае і пра тое, што першым усходнеславянскім друкаром быў не Іван Фёдараў, як вучылі яго ў Кембрыджы, а невядомы яму дагэтуль Францішак Скарына.

Ад таго моманту Дынглі пачаў шукаць крыніцы па гісторыі Беларусі і паступова адкрыў для сябе новы свет. Гэтая

зацікаўленасць беларускай тэматыкай застанецца з ім на доўгія гады.

Пазней, калі Дынглі працаваў выкладчыкам расейскай філалогіі ў Рэдынгскім універсітэце, ён пачаў рэгулярна наведваць Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане. Там ён сутыкнуўся з беларускім духоўным і культурным асяродкам, пазнаёміўся з будучым біскупам Чаславам Сіповічам.

У Лондане ў гэты час была вельмі актыўная беларуская эміграцыя, дзейнічала Англа-беларускае таварыства, выдаваўся гадавік Journal of Byelorussian Studies («Часопіс беларускіх даследаванняў»). Ладзіліся лекцыі, імпрэзы, завязваліся сяброўствы.
У 1960-70-яАнгла-беларускае таварыства згуртавала шмат брытанскіх палітычных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх былі Оберан Герберт, Джон Джоліф, нястомны даследнік беларускае спадчыны і царкоўнае музыкі Гай Пікарда, паэтка і перакладчыца Вера Рыч. На лекцыях таварыства Дынглі пазнаёміўся з калегам-славістам, цяпер вядомым даследнікам беларускае літаратуры Арнольдам Макмілінам.

Першую лекцыю у Англа-беларускім таварыстве Дынглі прысьвяціў пісьмовай крыніцы з часоў Вялікага Княства Літоўскага — перапісцы смаленскага ваяводы Філона Кміты-Чарнабыльскага. Пазней па матэрыялах Скарынаўкі даследаваў грашовую сістэму Вялікага княства. У Journal of Byelorussian Studies былі выдадзеныя ягоныя артыкулы, прысвечаныя «Граматыцы» Івана Ужэвіча, савецкай скарыніяне, палітычнай дзейнасці Вацлава Ластоўскага.

Ва ўмовах поўнае адсутнасці сістематычных ведаў пра Беларусь на Захадзе, выдаўцы і аўтары часопіса былі пачынальнікамі, што паўплывала на шырокі спектр даследаванняў Дынглі. Ягоныя лекцыі і публікацыі ў часопісе адлюстравалі ягоную надзвычайную эрудыцыю і шчырую зацікаўленасць беларускай гісторыяй і культурай.

У 70-я Джым Дынглі ўзначаліў Англа-беларускае таварыства і стаўся рэдактарам Journal of Byelorussian Studies. Досвед, набыты пры рэдагаванні часопіса, прыдасца яму для будучай працы рэдактара і перакладчыка.

У сярэдзіне 1970-х Джым стаў сакратаром рады бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане, і з’яўляецца ім дагэтуль.
Тады ж ён пачаў рэгулярна наведваць Варшаву і Беласток, дзе пазнаёміўся з Алесем Баршчэўскім, Сакратам Яновічам ды іншымі беларусамі ў Польшчы. У 1982 годзе на канферэнцыі ў Кембрыджы упершыню сустрэўся з Адамам Мальдзісам, з якім завяжа сталае сяброўства.

На пачатку 1980-х Дынглі перайшоў працаваць на факультэт славістыкі (School of Slavonic and Eastern European Studies) Лонданскага ўніверсітэта. Там ён распрацоўваў метадалогію выкладання замежных моваў, актыўна ўдзельнічаў у стварэнні міжнароднага бакалаўрэату, шмат падарожнічаў. У 1986 годзе ўзначаліў аддзяленне расейскае мовы і літаратуры.

У 1988 годзе, вяртаючыся з Казані, дзе ён арганізоўваў моўныя курсы для брытанскіх студэнтаў, Дынглі ўпершыню наведаў Беларусь. Тады ён пазнаёміўся з Барысам Сачанкам, Зянонам Пазняком і Алегам Бембелем. Ад гэтага часу Дынглі зрабіўся частым госцем у Беларусі, удзельнікам канферэнцыяў, семінараў і сяброўскіх сустрэчаў.

Падчас аднаго з такіх візітаў,

на полацкай канферэнцыі ў гонар 500-годдзя Скарыны, Дынглі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Элай, таксама філолагам. Як сам ён кажа, Скарына прывёў яго да Беларусі і як навукоўца, і асабіста.
Пазьней, у 1991 годзе Джым Дынглі стаў адным з арганізатараў першага Міжнароднага кангрэсу беларусістаў і быў абраны віцэ-прэзідэнтам новастворанае асацыяцыі. На знак прызнання ўнёску Дынглі ў беларусістыку, кангрэс узнагародзіў яго медалём Францішка Скарыны.

Цяпер

Джым з Элаю жывуць у мястэчку Маргейт на ўсходзе Англіі, і маюць дзвюх дарослых дачок. Алена — студэнтка-першакурсніца, вывучае ангельскую літаратуру і філасофію, Аляксандра — сканчае школу. Зусім нядаўна Аляксандра пачала гаварыць па-беларуску.

Адышоўшы ад акадэмічнае працы, Дынглі працягвае актыўна ўдзельнічаць у беларускім жыцьці.

Нядаўна ён скончыў пераклад кнігі Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» на англійскую мову.
Каб стварыць англійскі тэкст кнігі, спатрэбілася велізарная праца па ўнармаванні перакладу беларускіх гістарычных тэрмінаў. Як кажа сам Дынглі,
беларуская гісторыя на Захадзе часта ўспрымаецца з пункту погляду польскіх ці літоўскіх навукоўцаў, кнігі якіх шырока выдадзеныя па-англійску. Каб аб’ектыўна прадставіць гісторыю Беларусі на Захадзе, трэба данесці да англамоўнага чытача сур’ёзныя працы беларускіх гісторыкаў.
Таму ў будучыні Джым спадзяецца больш займацца перакладамі.

Сёлетні юбілей Джыма Дынглі супадае з ягоным сыходам з пасады старшыні Англа-беларускага таварыства. Актыўны арганізатар і выдатны прамоўца, адметны сваёю эрудыцыяй і досьціпам, ён стаў неад’емнай часткаю беларускага жыцьця ў Вялікабрытаніі.

Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі і Англа-Беларускае таварыства будуць адзначаць 70-годдзе Дынглі падчас святкавання Дня Волі ў Лондане.
Свой дзень народзінаў, як і большую частку жыцьця, Джым правядзе з беларусамі.

Беларуская супольнасць у Лондане шчыра дзякуе Джыму Дынглі за ягоную шматгадовую працу і віншуе з юбілеем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?