Свята-Георгіеўская царква ў Вялікіх Круговічах доўгі час была ці ні адзінай на ўвесь Ганцавіцкі раён.

Свята-Георгіеўская царква ў Вялікіх Круговічах доўгі час была ці ні адзінай на ўвесь Ганцавіцкі раён.

Ганцавіцкі раён апошнім часам гучыць. То Дзень беларускага пісьменства там, то берасцейскі «ваявода» Сумар пагражае зняць з працы ганцавіцкага «старасту» Уладзіміра Столяра (і такі вызваліў яго ад пасады), то прыходзіць вестка аб смешных заробках у аграпрамысловым комплексе раёна, то новы старшыня райвыканкама пачынае нейкае дзіўнае аб’яднанне так званых сельскагаспадарчых вытворчых каапертываў… Але сёння я не пра тое.

Нядаўна натрапіў я ў Нацыянальнай бібліятэцы на кніжку «Праваслаўныя храмы Ганцаўшчыны», якая выйшла да Дня беларускага пісьменства.

Як чалавека з тых мясцін, гэтае выданне не магло мяне не зацікавіць. Калі хто не ведае, дык магу паведаміць, што

ад іншых раёнаў Берасцейскай вобласці Ганцавіцкі раён у савецкі час адрозніваўся атэістычным пейзажам. Малькавіцкі касцёл на загад уладаў разабралі, а ганцавіцкі ператварылі ў раённы дом культуры; малькавіцкую царкву мясцовыя злыдні спалілі, а храмы ў іншых сёлах, апроч Вялікіх Круговічаў, руйнаваліся самі, бо ўлада не давала згоды на прызначэнне святароў
у гэтыя прыходы.
Каб ахрысціць дзіця, павянчацца, паспавядацца і прычасціцца, трэба было ехаць або ў Круговічы, або ў суседнія раёны. А пахаваць чалавека са святаром і зусім было немагчыма.

Выдадзеная ў Пінскай рэгіянальнай друкарні, аддрукаваная на добрай паперы і даволі шчодра ілюстраваная, кніжка «Праваслаўныя храмы Ганцаўшчыны» знаёміць нас з гісторыяй храмавага будаўніцтва на тэрыторыі цяперашняга Ганцавіцкага раёна ў больш-менш далёкім мінулым і ў наш час. Пачынаецца яна з прадмовы ганцавіцкага благачыннага а. Пятра Піліпчука, потым ідзе раздзел, у якім чытачу тлумачаць, што такое храм, якія яго будова і формы. Кожнаму царкоўнаму прыходу і храму прысвечаны асобны артыкул.

Са зместу кніжкі вынікае, што прыходы ў Ганцавіцкім раёне невялікія, таму, асабліва ў яго паўночнай частцы, адзін бацюшка служыць у двух прыходах. Тлумачыцца гэта перш-наперш дэмаграфічнай сітуацыяй. І тым, што ў большасці прыходаў раёна маюцца цэрквы баптыстаў і пяцідзясятнікаў.

Я б мог «накідаць» нямала заўваг, датычных зместу кнігі, паасобных фактаў, і паказаць, што яна неналежным чынам адрэдагаваная. Але, бадай, самы галоўны недахоп у тым, што на дзень выхаду ў ёй не былі ўлічаныя звесткі аб царкоўным жыцці на тэрыторыі цяперашняга Ганцавіцкага раёна, якія ўтрымліваюцца ў пэўных працах беларускіх і польскіх гісторыкаў. Апроч таго,

у гэтым выданні чамусьці не паказаная сціплая цэркаўка, якую пабудавалі самі сабе праваслаўныя жахары вёскі Задуб’е.

Абавязкова трэба адзначыць, што «Праваслаўныя храмы Ганцаўшчыны» сярод выданняў падобнага тыпу самая ўнікальная, бо 

кніжка не мае канкрэтнага аўтара. Дакладней, бібліёграфы аўтарам кнігі паказваюць аддзел ідэалагічнай работы і аддзел культуры Ганцавіцкага райвыканкама.

Так і ўяўляецца, як чыноўнікі гэтых аддзелаў на чале са сваімі кіраўніцамі Лідзіяй Занька ды Ірынай Марцінкевіч ездзілі ў Мінск, Берасце, Пінск, капаліся ў старых кнігах і карпелі ў архівах. Дык няхай бы і пазначылі: пра малькавіцкую царкву напісала NN, а пра хатыніцкую — ZZ… Аднак у выходных дадзеных мы чытаем нешта іншае: «Матэрыялы прадстаўлены: раённым краязнаўчым музеем, бібліятэкамі раёна, настаяцелямі праваслаўных храмаў». А трохі ніжэй напісана: «Складальнікі: аддзел ідэалагічнай работы і аддзел культуры Ганцавіцкага райвыканкама».

Вось так: кніжку пісалі ці не два дзясяткі людзей.

Значыць, прэтэнзіі трэба прад’явіць аддзелам ідэалагічнай работы і культуры ды іх начальніцам. Гэта яны, не падбаўшы аб літаратурнай рэдактуры, «згарбузавалі» дасланае ім краязнаўцамі, бібліятэкаркамі і бацюшкамі ды пастараліся, каб на здымках, што аздабляюць кніжку, красаваліся дзеткі ганцавіцкіх начальнікаў.

І ўсё-такі чыноўнікі, рыхтуючы «Праваслаўныя храмы Ганцаўшчыны» да выдання і не зусім дбайна вычытваючы тэкст, учынілі адзін істотны недагляд.

На 61-й старонцы кніжкі яны пакінулі ў дужках словы «Заўвага аўтара».

Значыць, быў у кніжкі канкрэтны аўтар?

Можна меркаваць, што на пэўным этапе працы над выданнем сапраўднага аўтара чыноўнкі адвялі ў бок, ягонае імя вырашылі выкасаваць, а выпуск кнігі паставіць у заслугу двум аддзелам райвыканкама.

Вось такое ганцавіцкае дзіва. Ад яго так і патыхае сярэднявеччам.

* * *

Праваслаўныя храмы Ганцаўшчыны / [Аддзел ідэалагічнай работы і аддзел культуры Ганцавіцкага райвыканкама]. — Пінск: Пінская рэгіянальная друкарня, 2011. — 71 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0