Калегія Брэсцкага абласнога суда вынесла сёння прысуд у дачыненні да трох былых службовых асоб па справе аб выбуху на заводзе СТАА «Пінскдрэў-ДСП» ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дзяржаўны абвінаваўца па справе Ларыса Караневіч.

Да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаны былы дырэктар СТАА «Пінскдрэў-ДСП», якога прызналі вінаватым у службовай халатнасці.

Чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі паселішчы атрымаў былы галоўны інжынер ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» і тры гады пазбаўлення волі, таксама ў калоніі ва ўмовах пасялення, — галоўны інжынер СТАА «Пінскдрэў-ДСП». Яны прызнаныя вінаватымі ў парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое пацягнула за сабой гібель людзей і матэрыяльны ўрон прадпрыемству ў асабліва буйным памеры. Усе трое прызнаныя вінаватымі ў стварэнні без праектнай дакументацыі пажаранебяспечнай вытворчасці, у прыватнасці ўчастка па выпуску драўняных паліўных пелет, дзе і адбыўся выбух, які забраў жыцці чатырнаццаці чалавек. Абодва былых галоўных інжынера ўзятыя пад варту ў зале суда.

Як паведаміла Ларыса Караневіч, усім траім вынесена таксама аднолькавае дадатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.

Сваю віну былыя дырэктар і галоўны інжынер СТАА «Пінскдрэў-ДСП» прызналі часткова, былы галоўны інжынер холдынгу — адмаўляе.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым парадку.

Крымінальная справа ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Ларана Арыніча выдзелена ў асобную вытворчасць. На лаве абвінавачаных яго сёння не было, ён усё яшчэ знаходзіцца ў вышуку.

Трагедыя на заводзе СТАА «Пінскдрэў-ДСП» адбылася 25 кастрычніка 2010 года. Выбуховай хваляй разбурыла цэх па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт і размешчаны ў ім ўчастак драўняна-паліўных пелет, пашкоджана тэхналагічнае абсталяванне. Шкода перавысіла Br3,9 млрд., у даляравым эквіваленце на момант аварыі яна была роўнай прыкладна 1,2 млн. У момант выбуху загінулі два работнікі прадпрыемства, яшчэ 12 пазней памерлі ў бальніцах ад атрыманых апёкаў. Усяго ў выніку гэтай трагедыі пацярпеў 21 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?