23 сакавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (МАЦ) імя Ёханэса Рау адбылася рабочая сустрэча ініцыятыўных груп з усіх абласцей Беларусі, прысвечаная правядзенню ў краіне выставы «Чарнобыль: Людзі. Месцы. Салідарнасць. Будучыня», якая ў гэтым годзе пачне сваё падарожжа па 25 гарадах Беларусі.

«Ідэя выставы паўстала два гады таму, калі адзначалася 25-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, — сказала БелаПАН адна з арганізатараў экспазіцыі Святлана Марголіна. — Са студзеня па лістапад мінулага года яна пабывала ў 50 гарадах Германіі, і на кожную выставу прыляталі з Украіны і Беларусі ліквідатары аварыі. Вы можаце пазнаёміцца тут з анлайн-водгукамі, дзе нямецкая моладзь прызнаецца, што самымі памятнымі і хвалюючымі былі сустрэчы менавіта з гэтымі людзьмі. Дарэчы, некаторыя з ліквідатараў прысутнічаюць у гэтай зале».

«Разам з дэманстрацыяй выставы, — падкрэсліў на прэзентацыі экспазіцыі кіраўнік спраў Дортмундскага МАЦ Петэр Юнге-Вентруп, — мы арганізавалі паездкі відавочцаў трагедыі, ліквідатараў аварыі ў Германію, Аўстрыю і Нідэрланды, каб у першую чаргу яны пагутарылі з маладым пакаленнем Еўропы. Бярэм на сябе смеласць сцвярджаць, што тым самым мы ўнеслі ўклад у агульнаеўрапейскую культуру памяці. Мы вырашылі, што і ў тых краінах, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыльскай трагедыі — у Беларусі і Украіне, таксама павінны ўбачыць гэтую выставу, таксама павінен адбыцца дыялог з відавочцамі тых падзей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?