Паводле інтэрнэтнага выданьня EUobserver у дадатковы сьпіс санкцый ЭЗ патрапіў беларускі бізнэсовец Юры Чыж і «большасьць» яго фірмаў, але адну зь іх пашкадавалі на просьбу Славеніі.

Выступаючы на прэс-канфэрэнцыі 23 сакавіка ў Брусэлі пасьля таго, як Рада замежных справаў ЭЗ абклала санкцыямі 12 асобаў (у тым ліку двух беларускіх бізнэсоўцаў) і 29 кампаній, міністар замежных справаў Францыі Ален Жупэ, паводле выданьня, адзначыў, што санкцыі закранулі большасьць фірмаў Чыжа «за адным малым выключэньнем адносна адной доччынай кампаніі, таму што адна краіна-сябра, Славенія, не называючы гэтай кампаніі, папрасіла аб выключэньні».

Паводле Euobserver, рэч датычыць кампаніі «Elite», якая падпісала са славенскай кампаніяй «Riko Group» кантракт варты прыблізна 100 мільёнаў эўра на пабудову гатэлю клясы люкс у Менску.

Калі на асобнай прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі запыталі міністра замежных справаў Славеніі Карла Эр’яўца, ці дадатковыя санкцыі, ухваленыя 23 сакавіка, не датычаць кантракту паміж «Elite» і «Riko», ён адказаў: «Ня ведаю».

А дырэктар палітычнага дэпартамэнту міністэрства замежных справаў Славеніі, Матэй Марн, сказаў выданьню EUobserver, што Славенія ніколі не прасіла не ўключаць кампаніі «Elite» ў сьпіс санкцый.

Але іншыя дыпляматы ЭЗ, якія пажадалі застацца ананімнымі, сказалі выданьню, што Славенія падавала голас у абарону гэтай кампаніі. Адна з гэтых ананімных крыніцаў дадала, што просьба Славеніі стварыла «дрэнны прэцэдэнт», паколькі і Латвія таксама папрасіла выключыць дзьве беларускія кампаніі, якія маюць бізнэс зь беларускімі партнэрамі, з плянаванага сьпісу санкцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?