Дзіцячае ўспрыманне свету, жыцця — лінейнае. Для пяці-сямігадовага хлапчаняці зыход Польшчы, прыход Саветаў, пачатак вялікай вайны — проста пачарговая змена падзей, жывыя абразкі часу, памятныя і знікомыя ўражанні.

Зіма 1940 года запомнілася не столькі вялікімі маразамі (яны такі сягалі сарака градусаў, стралялі вуглы будовы, старыя дрэвы), як снежнымі заносамі. Вуліца раптам узвысілася вялізнымі гурбамі — пайшла вышэй платоў.> Бачу і праз гады, як маці ў чорна-зялёным вазку на ветры, ледзь упраўляючыся з канём, кіруецца па той уздыбленай сняжніне ў дарогу. Выпраўлялася вырабіць патрэбныя паперы, каб паехаць у горад Роўна. Бацька на той час яшчэ не вярнуўся з польска-нямецкай вайны. Затабарыўся дзесь пад Роўна ў лагеры для ваеннапалонных. Напісаў, што яму там ніштавата: заняты вялікай работай — будуюць шашу, вырабляе норму, кормяць няблага. Адно кепска — даймае смутак па доме. На тую вестку без адкладу маці сабралася ў няблізкую дарогу. Пазней калі-нікалі з уражанняў ад таго падарожжа на Украіну штосьці прыгадвалася ўслых. На перасадках пасажыры бралі цягнік штурмам. Кожны раз прыходзіла ўзрушэнне, як сесці. Але шчасліва яе, у цяжку на сёмым месяцы, натоўп літаральна ўносіў у вагон. Міналі палескія станцыі, з дзяўчатамі на пероне, апранутымі ў вышываныя строі, абутымі ў лапцікі, з чырвонаармейцамі пад ручку. На адной са станцый у чаканні чарговага цягніка раз праняў да слёз пачуты з рэпрадуктара раманс «Выхожу один я на дорогу…»

Шчаслівае душэўнае ўзрушэнне словам, мелодыяй на ўсё жыццё — бывае такое. Уражвала яшчэ паведамленне з рэпрадуктара, выклікала подзіў, недаўменне. Дыктар бойка расказваў пра гераічную працу будаўнікоў, якія на саракаградусным марозе ўзводзілі высотныя будынкі. «Як чалавек вытрымлівае там, на рыштаваннях, на гэткім сіверы?» — думала, пыталася ў сябе. У пачакальні на станцыі Сарны сталага веку мужчына-чарнавус казаў суседу, але голасна, каб пачулася і далей: «Нас ужо, чалавеча, усадзілі ў мяшок, засталося толькі завязаць…» Гаварылі пра вывазы.

Там, пад Роўна, жончыны адведзіны былі нечаканасцю. Здалося, бацька аж спалохаўся, убачыўшы яе ля лагернай брамы.
У асобым стане, апранутая ў добрае зімовае паліто, набытае ў знаёмага смаргонскага крамара, побач з хударлявым, гарбаносым лагерным адміністратарам, яна выглядала досыць самавіта. Не сказаць, што змізарнелым лагернікам убачыла яна і свайго Сяргея. Быў не ў вайсковых абносках, як дзе хто, а ў цывільным сціплым картовым касцюмчыку. Нібыта на вольным пасяленні, хоць лагерныя будынкі бачна абходзіла наўкол высакаватая драцяная агароджа. Гаварыць міжсобку ім ніхто не перашкаджаў. Муж пахваліўся, што выбіваецца ва ўдарнікі. Толькі часам неяк нязвычна трымаў правую руку. Прызнаўся, што ахваціў яе: тачкі са жвірам пад насціл для цвёрдага пакрыцця дарогі — цяжкія.

* * *

Калі пасля лютых маразоў 1940 года наступіла вясна, наша сядзіба апынулася ў нязвычным атачэнні. Вымерз без мала ўвесь вялікі стары дзедаў сад. Засталося толькі тры летнія яблыні на прыгуменні. Яны былі мясцовага заводу і аказаліся больш устойлівымі перад маразамі.
Непадалёк ад хаты старая груша, што звычайна кожную вясну апраналася ў белы вэлюм суквеццяў, цяпер на фоне сіняга неба тоўстымі мёртвымі сукамі нагадвала распяцце. Несамавіта глядзеліся таўшчэзныя камлі старадрэвін-вішань ды іх высунутыя далёка ў прасцяг голыя чорныя сукі-галіны. А так добра было ўлетку, хоць і з цяжкасцю ўзабраўшыся на іх, смакаваць цёмна-чырвоныя сакавітыя ягадзіны.

Другую зіму з 1940 на 1941 год мы з маці зімавалі без бацькі, але ўжо ўтраіх. У мяне з’явіўся малодшы брацік Лёня,

а з ім, як у старэйшага, і клопат-абавязак: пакуль маці аглядалася па гаспадарцы, — гойдаць яго ў калысцы. Болей не было ў маці на каго абаперціся. Бабуля мая Прузына ў самае перадзім’е, вялікія маразы 1940 года, адышла ў іншы свет. Толькі праз гады, пазнаўшы жыццё, я мог расшыфраваць незразумелы мне тады яе ўздых: «Няма нічога ўсцешнага». Не было пры яе адыходзе ў вечнасць ніводнага з яе траіх сыноў. Два старэйшыя, хоць і адкрылася ў верасні 1939 года мяжа, як сышлі ў Расію, так і не азваліся. Не было з польска-нямецкай вайны і наймалодшага, яе Сярожкі. Праўда, аказаўся з лагера лістом — дзякаваць Богу жывы.

Я чакаў бацьку. Здаралася, як паглядзець з аддалі часу, дык і смешна. Узабраўшыся на заснежаную страху падпаветкі, я ўглядаўся ў паўднёва-заходнім напрамку, за рэчку. Ведаў, што недзе там, далёка, — бацька. Нават спрабаваў гукаць у той бок на захад сонца. З бацькам было мне надзейна, пэўна. Ён браў мяне ўсюды, дзе толькі было можна, з сабою. Калі схлынала паводка, і рыба пасля нерасту ў вярхоўях вярталася ў Вяллю, мы з ім разам выбіралі з бучоў серабрыстых плотак ды цёмна-зялёных з галоў, вастраносых шчупакоў. Цэлая асалода было ехаць, седзячы за яго спінай высока на возе з сенам, везучы з зарэчнай сенажаці духмяны водар высушанай травы ў адрыну. Ці калі ён, як я потым тое сцяміў, хітраваў, расказваючы мне казкі, пачынаючы з загадкавага: «Даўным-даўно, калі не было яшчэ ні неба, ні зямлі, а людзі калы білі і па плоце хадзілі…» «Як гэта не было ні неба, ні зямлі? — не даўмявалася мне. — Хіба яны не вечныя?» «Нішто не вечнае», — казаў бацька і пераставаў хітравата ўсміхацца.

З палону ён вярнуўся чакана-нечакана. Толькі за два месяцы да выбуху новай вайны.
Была раніца. Мы з маці якраз снедалі, калі наш Нэрусь, неяк нязвычна яўкнуўшы пад акном, стрымгалоў кінуўся на Букарава. Што духу паімчаў насустрач мужчыну з чамаданам у руцэ і праз момант ужо кідаўся на яго без лаю. Казаў бацька, што нават патрапіў лізнуць яго колькі разоў у твар. Як было не пазнаць нам таго, каго без мала два гады чакалі.
Не паспеў бацька дома агледзецца, як прыйшла павестка з ваенкамата — наказвалі неадкладна з’явіцца ў Смаргоні з канём і калясьмі. Атрымаў нарад вазіць каменне на пабудову аэрадрома. Новая ўлада загаспадарыла дынамічна. Некаму прырэзала панскай ды асадніцкай зямлі. Тут жа адразу клікалі сялян у калектыўную гаспадарку, невядомую на заходнебеларускіх землях з часоў цара Гароху: абшчыннае землекарыстанне на тутэйшых абшарах адышло ў нябыт яшчэ з сярэдзіны XVІ стагоддзя, часоў аграрнай рэформы Жыгімонта Аўгуста.
Мужчыны з зімы 1940 года былі кінуты на высечку і тралёўку завілійскіх лясоў. Праз Залескую станцыю ішлі і ішлі эшалоны з чырвонаармейцамі і вайсковай тэхнікай, танкамі. Усё дзесь у адзін бок, на Захад.

Нядоўга давялося бацьку вазіць каменне на аэрадромную будоўлю. Ізноў загрымела, і на гэты раз мацней, чым калі. У нядзелю нехта прынёс аскабалак цёмна-срабрыстага металу, структурай падобнага да кары старой сасны. Быў гэта асколак бомбы, што скінулі немцы на нашу маленькую станцыю. На шчасце, нядбала меціліся, прамахнуліся. На гасцінцах ноч і дзень грукацела, шумела. Залессе наша і блізкае ад яго Вётхава ляжаць паміж двух гасцінцаў: старога, які праставаў са Смаргоняў да Заскавічаў, Маладзечна і далей на Маскву, і навейшага, без абсады, што ішоў паўднёвей нас праз Паніззе, Сівіцу, Беніцу і зліваўся ў адзін шлях у Маладзечне. Немцы паказаліся ў нас няскора. З вайскоўцаў давялося бачыць перш-наперш чырвонаармейцаў, толькі не ў баявым шыку, як пры эшалонах, што нядаўна ішлі на Захад. Бацька прыводзіў іх цямнеючы ў хату, уладкоўваў нанач у тым застаронку гумна, дзе яшчэ заставалася крыху леташняй саломы. Раніцай рана яны знікалі гэтак жа непрыкметна, як і прыходзілі. Аднаго разу бацька, які хадзіў да шаўца Аляксандра Салагуба на Яраніну, днём прывёў чалавека без шапкі, коратка стрыжанага, у светла-зялёнай куртцы. З курткі той прыязны малады дзядзька дастаў мне некалькі алоўкаў — сапраўдны падарунак. Быў ён камандзірам танка. Яму ўночы ўдалося ўцячы з эшалону ваеннапалонных, якіх немцы везлі на Захад. Расказваў, скочыў на хаду з цягніка, кулі колькі разоў свістанулі над галавой. Убачыў палоскі поля — апала душа: маўляў, аднаасобнікі, не савецкая зямля, прапаў. Бацька гаварыў з ім добра па-руску — навучыўся ў палоне. Пераапранулі салдата ў сялянскае, далі торбу з боханам хлеба і кавалкам сала. Бацька раіў яму павесіць яе на граблі і даваць сустрэчным «Дзень добры». Адпраўляўся на Усход. «Буду жив, хозяин, доберусь до своих, никогда не забуду…»

Мне тады карцела адшукаць у альшэўніку яго танкісцкі шлем, які шчаслівы ўцякач з палону, пакуль асмеліўся аклікнуць са свайго схову ў кустах бацьку, сунуў у карчы. Невядома, ці ўдалося бедачыне дабрацца да фронту: шмат небяспекі чакала тады чалавека.

З’явіліся і немцы. Самыя першыя з трэскам на матацыклетах праляцелі праз усю вёску і зараз жа павярнулі назад.

Відаць таму, што з другога, палявога канца Вётхава, не было выхаду на гасцінец. Праз некалькі дзён яны павалілі групкамі па некалькі чалавек. І з вельмі нязвычным, як нам усім здалося, для салдатаў клопатам. «Матка, яйка, путэр, шпэк!» — наказвалі ваякі ў брудна-зялёнай форме, шапках лычом. Маці давала яйко на такую кампанію, і яны, удзячна махаючы галовамі «Danke, danke» ды нешта сабе гергечучы, вандравалі далей. К канцу дня, здаралася, ужо не было чаго даваць, чым адкупіцца, і маці абвяшчала ім па-польску: «Нема яйка, пан. Шмат тут вас сягоння перавярнулася», — казала ўбок. Пры такой асечцы раз было салдат пагрозліва кінуўся да караніка з пчоламі.
Але божыя стварэнні былі на старожы і пры набліжэнні салдата рупна бараніліся. Ваяўнічы тон чужаніцы змяншаўся, ён бег баразной назад да хаты, адганяючы рукамі ад шыі і вушэй раз’ятраных працаўніц мядовых палян.
Раз, праўда, заглянулі да бацькавых пчол спецыялісты, не прафаны. З шасці каранікоў спрактыкаваным вокам адразу прыкінулі тры лепшыя сям’і, выбралі ўвесь мёд да апошняй рамкі. На той раз у хаце сталі збірацца суседзі. Мой малы брацік, седзячы на руках у бацькі, сарваў яго шапку і кінуў на рабаўнікоў. Тады адзін з афіцэраў, а гэта былі яны: па пагонах бацька расчытаў іх званні, дастаў пісталет і стаў акуратна выціраць яго насоўкай. Пасля таго наезду маці параілі схадзіць у гміну, ужо была арганізавана сякая-такая цывільная ўлада, і заявіць пра рабунак. Там сядзелі, аказалася, тутэйшыя людзі, і выпісалі нам як кампенсацыю дрэва. З тых нятоўстых сасонак бацька скідаў пад старой ліпай свіронак, якога раней у нас не было.

Быў яшчэ такі эпізод. Аднаго дня зайшоў у хату, пастукаўшы, салдат і, нічога не просячы, не загадваючы, стаў нялоўка таптацца пры сцяне, бліжэй да качарэжніка. «Што ён хоча?» — сумелася маці. «Дай ты, Алена, на ўсякі выпадак яму яйко», — здагадаўся бацька. Маці вынесла з сяней яму адно яйко, і сяржант, мяркуючы па пагонах, схапіў яго з незвычайнай радасцю ды заківаўся ў паклоне.

Зусім нечаканай для бацькоў аднойчы была прэтэнзія салдата, палітычна пільнага, ці яму не стала жаданага яйка, ці што іншае яго ўзбурыла, добра не памятаю.

Помніцца адно, ён раптам вызярыўся на партрэт Янкі Купалы, што вісеў у нас з часоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады.
Тады яго разам з кніжкамі, памятаў бацька, вазіла і прадавала нейкая жанчына з Вільні. Як на сягонняшні мой досвед, была гэта самавітая графіка мастака Язэпа Горыда. Выява паэта, ладная памерам, адбітая на кардоне літаграфскім спосабам. Купала ўдумліва, вачыма, поўнымі надзеі, глядзеў на свет, людзей — у будучыню. «Сталін?!« — тыцкаючы рукой у напрамку кута, дзе вісеў партрэт, злосна дапытваўся ваяка. Мабыць таму што нядаўна ў нас дзяржаўна гаспадарыла палынчызна і ад здагадкі, што сярод нямецкіх салдатаў трапляліся пазнаньшчыкі, анямечаныя цягам гадоў, стараліся паразумецца з прыхаднямі па-польску. „То pіsaz bіaloruskі“, — даводзіў, тлумачыў блазнаватаму дапытвальніку бацька. Але той няўцямна глядзеў на гаспадара, аж пакуль бацька не спахапіўся і не стаў выяўляць у паветры рух пісання на паперы ды паказваць на паэта. Нарэшце, здаецца, да ідэалагічна пільнага ваякі штосьці дайшло, і ён апяшала, моўчкі шмыгнуў за дзверы.

Праз нейкі час прыход жабракоў у брудна-зялёнай форме прыпыніўся. Быў гэта, відаць, франтавы кантынгент, што пацёк сваім шляхам далей на Усход.

Аднае нядзелі на вётхаўскай вуліцы аб’явіліся нейкія нязвычныя ваяўнікі. Апранутыя ў светла-карычневую ўніформу, у адмыслова пераціснутых па сярэдзіне пілотках, праз вёску ехалі вясёлыя ўсмешлівыя верхнікі. У аднаго на сядле сядзеў прыгожы бухматы кот, у іншага з крупу каня звісала прытарочаная да сядла гітара. Яны не пабіраліся, не прасілі яйка, масла, сала, а проста ехалі ў свет не як на вайну, а як на пагулянку. Некалькі чалавек спынілася пры нашых варотах, зайшлі ў хату. У нас на той час, як часта здаралася святочным днём, было дома пару суседзяў. Адзін з чужнікоў, чорны, белазубы, падышоў да стала, і торгнуўшы за край белага абруса, стаў нешта пытацца, вымаўляючы пры гэтым слова „рус“. Затым падставіў бацьку прадплечча, паказаў рукой чытаць. На шчытападобнай нашыўцы бацька вычытаў слова „Espanіol…“ „Гішпанцы?“ — запытальна паглядзеў на візіцёраў бацька. Яшчэ паўтарыў: „Espanіol“. Яны на знак згоды заківалі галовамі. „Глядзі, знаюцца на нашай геаграфіі, — сказаў бацька ў бок суседзяў. — 

Гэта ж, торгаючы белы абрус, дапытваюцца, мусіць, беларусы мы ці рускія“. І выразна патросшы канец абруса, сказаў да гішпанцаў: „Рус“,
— а пад тое слова суседзі Іван Шыман і Южык Павел заківалі галовамі: беларусы!» Так як бы і паразумеліся. На тым і разышліся, узаемна ківаючы адны адным галовамі. Людзі, сарваныя крывавай паводкай вайны з Пірынеяў, і тутэйшыя хлебаробы, па зямлі якіх спрадвеку з Усходу на Захад і з Захаду на Усход ішлі ваяры, несні галовы пад меч найчасцей не за свае, а за чужыя інтарэсы.

Было тое недзе ў канцы лета 1941-га. Бацька аглядаў шырокія калодкі — прыстасаванне, укапанае ў зямлю, на якім гнулі палазы. Большая з калодаў, эліпсападобная, дзеля трываласці была акута металічнай паласой. Бацька мацаваў тую шыну, пастукваў па ёй малатком. Я на той час круціўся пры ім, незаўважна да нас ціха падышоў чалавек і даў «Дзень добры». Бацька ўсміхнуўся яму як знаёмцу, падаючы руку для вітання. Я ж пазнаў у чалавеку колішняга купца нашай садавіны не адразу. Потым мільганула ў памяці, як прыязджаў ён да нас возам, удваіх з хлопцам, сынам ці, можа, парабкам. Дамовіўшыся з бацькам, пасылаў ён таго хлапца лезці на нашу вялікую грушу трэсці яе. Грушы падалі важка і доўга. Затым удваіх яны збіралі долу іх у вялікія кашы. Мне было неяк несамавіта на душы. Непатрэбнымі, мізэрнымі здаваліся тыя белыя манеты з выбітымі на іх арлом і вусатым чалавекам, што прыезджы даваў бацьку за грушы. Быў тады гэты чалавек жвавы, гаманкі. Цяпер жа прыйшоў панылы, няголены, у чорным пакорчаным касцюме, на якім была нашыта жоўтая латка. Яны даўгавата гаварылі з бацькам, прысеўшы на прысвіронку. Я цікаваў здалёк, бо бацька загадаў мне ісці пагуляць. Затым на кароткі час зайшлі ў хату. Калі чалавек пайшоў, я спытаўся, чаму на пінжак прычапіў ён тую латку-зорку. Бацька адказаў не адразу. Сказаў: «Не сам прычапіў, прымусілі… — і тут жа спыніў мой роспыт неяк нядбала. — Шмат будзеш знаць — рана састарэеш…» З размовы бацькоў улавіў няўцямнае слова «гета». Маці абраніла адно: «У бядзе чалавек, гора ў людзей…» Але не патлумачыла, што да чаго.

Быў канец жніўня, апошні спелы яблык ружавеў на старой дзедавай яблыні, як да нас на падвор’е зайшлі двое, цывільны ў суправаджэнні салдата. Спытаўшы, хто ёсць гаспадар, цывіль сказаў: «Нямецкая ўлада загадвае здаць радыёпрымач № такі-та-такі». Наш дэтэктарны ўраз знік у салдацкім заплечніку. Аказваецца, наша радыёскрыначка са слухаўкамі ўжо ўлічана ў спісах нейкай структуры Рэйха як патэнцыйны сродак сувязі з вонкавым светам. Бацька каментаваў тое здарэнне словамі: «Хочуць, каб слухалі адно іх каманду».

Тут было як бы ўсё ясна. А вось некалькі дзён раней адбылася прыгода, што мяне, прызнацца, бянтэжыла.

У нас на дварэ сабраліся людзі, вяскоўцы і прапанавалі бацьку быць як бы прадстаўніком іх перад нямецкай уладай. Мабыць, памятала вёска бацькава заступніцтва за яе кроўнае пры паляках. Бацька тады быў давераным вёскі, калі яна судзілася з панам за сервітут. Яшчэ перад сходам маці з бацькам нешта абмяркоўвалі, і цяпер бацька цвёрда выказаў людзям сваю нязгоду на іх просьбу. Сказаў, каб выбралі для гэтага каго-небудзь іншага. Мне было не зразумела, чаму бацька адмаўляецца ад даверу, які выказалі яму людзі, суседзі.
Да таго ж для службовых патрэб яму абяцалі выдаць ровар. Мець ровар было маёй марай. Яшчэ большай, чым некалі лыжы. Тады, калі мне моцна зажадалася, бацька адразу выстругаў іх на варштаце і ўрачыста аб’явіў: «Маеш ясянёвыя, здолееш на іх бегаць з ветрам на перагонкі». Тым часам вецер не абганяўся, пакуль навучыўся на іх крочыць, часам станавіліся нажніцамі, і я ляцеў памірносам у снег. З роварам не выйшла, шкада. Пазней я ўразумеў бацькаву ўпартасць перад сходам. Меў рацыю, што не пагадзіўся тады з грамадой.

Што да шэфа новаўладнай тут структуры, солтыса, то ён нябавам быў выбраны ці хутчэй прызначаны. Мне разам з усімі давялося бачыць яго ў нашай хаце на сходзе. Перад сабранымі стаяў пажылы, сярэдняга росту чалавек у камізэльцы з аўчыны. Як на кій, ён абапіраўся адной рукой на старую зашмальцаваную стрэльбу, шапялявячы, нягучна прамаўляў да людзей. Пэўна, даводзіў нейкія патрабаванні новай улады, бо часам чулася адно, што запомнілася мне слова «парадак». Быў гэта Аўгуст з суседняй вёскі Міхневічы. Яшчэ ў тую вайну ён, кайзераўскі салдат, прыстаў наўпрымы да тутэйшай жанчыны. За дваццаць з лішкам гадоў у беларускім вясковым асяроддзі Аўгуст натуралізаваўся. Гаварыў па-нашаму, смешнавата скажаючы асобныя словы пры вымаўленні. Перадавалі са смехам сакраментальны выраз Аўгуста з яго нядоўгай начальніцкай практыкі: «Маўчы, жлодзей, бо заштрэлю і пойдзеш, плачучы!.." Яго добра ведалі ў ваколіцы, некаторыя маладзейшыя вучыліся ў яго сталяраваць. Благога на сваім становішчы нікому не паспеў зрабіць: не было такога ў яго натуры, а вось дапамагчы як солтысу яму часам удавалася.

Так пры першым арышце дзядзькі Мікалая Германа, мужа маёй хроснай, Аўгусту ўдалося яго выбавіць.
Коля Герман, родам з Зарудзіч, гадунец паэта, камсамольца-падпольшчыка з польскіх часоў, Алеся Салагуба, у 1940–1941 гадах рабіў сакратаром у Залескім сельсавеце. На трэці месяц вайны яго арыштавалі як савецкага актывіста і пасадзілі ў турму ў Старой Вілейцы.
Цётка Вера, не марудзячы, пайшла ў Міхневічы да Аўгуста, і той на першым часе выратаваў свайго былога вучня-сталярука. Але такое ўдалося толькі раз. Партызанкі, хоць бы на знак, у той час у нас яшчэ не было. Дзядзька Мікалай, помніцца мне рослы, чарнявы, сядзеў ціха. Нідзе ні схінуўся. Праз пэўны час яго ў другі раз арыштавалі.
Гэтым разам адначасна з самім Аўгустам. Казалі, спецслужбы, пэўна гестапа, раскапалі мінулае сталяра, уведалі, што быў ён сацыял-дэмакратам, і цяпер, значыць, разам з патэнцыйнымі праціўнікамі новага парадку падлягаў ліквідацыі. Яму, як і яго навучэнцу Герману, было наканавана не выйсці жывым з Вілейскай турмы. Дзядзька Мікалай, казалі, памёр там быццам ад тыфу. Перад тым родныя спрабавалі яго яшчэ раз выручыць. Дзед Юстын, папраканы за скупасць, не задумваючыся, выдаткаваў дачцэ некалькі залатых дзясятак царскай чаканкі, і цётка Верка адправілася ў Вілейку. Здолела дастукацца да нейкага там турэмна-лагернага начальніка. Быў гэты нехта рускі афіцэр на нямецкай службе па прозвішчы Някрасаў. Якраз піў каву ў сваім кабінеце.
Размовы не атрымалася. «Герман Мікалай — камуніст, вораг Германіі і новай Еўропы. Гутаркі аб яго звальненні быць не можа. Ні пры якіх умовах…»
Бедная хадайніца адчула бяссілле тут важкага высакароднага металу. Мог быць ён дзейсны пры выкупцы радавога ваеннапалоннага з-за дроту. Тут жа вырашала ідэалогія, устаноўка дзяржавы. Са скрухай і сардэчным болем вярталася мая хросная да хаты.
Быў час, і ён доўжыўся ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, калі жыццё асобнага чалавека было надта мала чаго варта. І гэта ўсведамлялася не толькі дактрынёрамі рэальных палітычных сістэм, запанавалых у Еўропе, але такім яно было і ў вачах народу паспалітага, простых людзей.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?