Эўропа падае Менску сыгналы.

Хавіер Саляна намякае, што стасункі могуць быць размарожаныя.

Мэтар літоўскай палітыкі Бразаўскас кажа, што мог бы сустрэцца з Лукашэнкам, калі Брусэль дасьць паўнамоцтвы.

Што гэта — трыюмф прагматызму ці ілюзіі ідэалізму?

Канешне, заявы кшталту Салянавых могуць быць выключна піяраўскімі. Тутэйшаму начальству паказваюць моркаўку.

Зрэшты, менскі аналітык Раман Якаўлеўскі, зь якім я толькі што меў гаворку, не выключае, што Брусэль выявіць падвойныя стандарты.

— Могуць узяць верх, умоўна кажучы, антырасейскія меркаваньні. То бок жаданьне супрацьстаяць энэргетычнай імпэрыі, — мяркуе Якаўлеўскі.

На ягоную думку, у выніку Эўразьвяз здольны пайсьці на нейкі "выгадны для рэжыму кампраміс".

Сапраўды, пры жаданьні можна паставіць афіцыйнаму Менску залік ("працэс пайшоў"), напрыклад, за пару крокаў кшталту вяртаньня апальных газэтаў у шапікі. Хаця насамрэч гэта будзе толькі аднаўленьнем статус-кво, а ніякай не лібэралізацыяй.

Ці вось пададуць як саступку звышгуманнай Эўропе абмежаваньне сьмяротнага пакараньня. Хаця, самі разумееце, сымптомам палітычнай адлігі гэта можна назваць толькі зь неверагоднай нацяжкай.

Дый нават калі выпусьцяць датэрмінова пад маркай якой-небудзь амністыі аднаго-двух палітычных... Канешне, дай бог хоць гэта! Аднак у вымярэньнях дэмакратыі і правоў чалавека такім чынам нічога ня зрушыцца.

Пытаньне ў тым, наколькі моцная ў Брусэлі спакуса задаволіцца паліятывам.

Дарэчы, летась, яшчэ да вылучэньня 12 умоваў ЭЗ і нафтагазавай вайны, мне ўжо даводзілася абмалёўваць як вельмі імаверны для афіцыйнага Менску сцэнар зацяжной "шматвэктарнай імітацыі".

Выглядае на тое, што нашых апазыцыянэраў зараз клапоціць менавіта такая пэрспэктыва.

Ва ўсякім разе, Анатоль Лябедзька рэфрэнам цьвердзіць, каб эўрапейцы не ўхапіліся за якую небудзь бутафорыю кшталту прызначэньня амбудсмэна. Ды хоць заўтра прызначаць дэкрэтам, кажа старшыня АГП. І дадае: Касьцяна...

Адметна, што і Мілінкевіч заўчора на сустрэчы з эмісарамі Саляны паўшчуваў Брусэль за брак рашучасьці ў беларускім пытаньні.

Там сапраўды не сьпяшаюцца пускаць у ход пэўныя вагары. Гэта Вашынгтон заўжды рвецца ў бой пад штандарам дэмакратыі (і часам нарываецца). А ў маленькай Эўропе лічаць, што ўжо наваяваліся.

Трохі сьмешна бывае чытаць асобныя ўльтраапазыцыйныя сайты, калі яны намагаюцца стварыць уражаньне, што ўвесь кантынэнт дзень і ноч думае пра свабоду Беларусі. Як ні цынічна, масе бюргераў найперш важна, каб спраўна пампаваліся энэргарэсурсы. Ад транзыту праз дыктатуру яны ж, урэшце, не псуюцца!

Натуральна, і сярод эўрапейскіх палітыкаў ёсьць розныя падыходы да беларускага пытаньня. Але ўвогуле гэты вось "бюргерскі" чыньнік адчувальны.

Зрэшты, што да былога літоўскага прэзыдэнта, дык ён, ва ўсякім выпадку на словах, выяўляе хутчэй ня лішак прагматызму, а лішак ідэалізму.

Пра Бразаўскаса, колішняга лідэра кампартыі, яшчэ пры СССР казалі, што ён найперш літовец, а потым ужо камуніст. Гэты моцны, аўтарытэтны дзеяч, як і многія прадстаўнікі савецкай эліты Літвы, арганічна ўпісаўся ў рэаліі новай эпохі. Яны без шкадаваньня разьвіталіся з "саўком". Яны напрацавалі маральны капітал у барацьбе за незалежнасьць, эўрапейскі выбар. І давялі сваю прафэсійную прыдатнасьць ва ўмовах канкурэнтнай палітыкі.

Але Бразаўскас са сваімі сацыял-дэмакратамі, пры ўсёй высакароднасьці намераў у беларускім пытаньні, баюся, перабольшваюць здольнасьць тутэйшага начальства да падобнай трансфармацыі :)

У кантэксьце развагаў пра імаверную сустрэчу з Лукашэнкам экс-прэзыдэнт Літвы заявіў: "Я і былыя кіраўнікі суседніх зь Беларусьсю дзяржаў маглі б распавесьці ў Беларусі, што такое жыць ва ўмовах дэмакратыі, умовах свабоднага рынку, калі існуе вольная прэса ды апазыцыя".

Адметна, што калі "Інтэрфакс-Захад" яшчэ падаў гэты пасаж, то ўрадавая агенцыя, інфармуючы пра заяву былога літоўскага кіраўніка, ўвогуле абышлася бяз згадак пра гнілыя заходнія каштоўнасьці.

Так што ня варта цешыцца ілюзіяй, нібыта тут дадуць трыбуну для лекцыяў пра дэмакратыю.

Увогуле ж тутэйшая кіроўная эліта якраз добра ўсьведамляе, чым для яе абернецца пашырэньне непадкантрольнага рыначнага абсягу, магчымасьцяў незалежнай прэсы ды апазыцыі. Таму і душыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?