Сярэдняя загрузка беларускіх гатэляў у 2011 годзе знізілася на 4% у параўнанні з 2010 годам і склала 41%.

Як паведамляе афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта, гатэльныя паслугі прапаноўвалі 317 гатэляў, 24 гатэльныя комплексы, восем турысцка-гатэльных комплексаў, два матэлі і 93 іншыя аб’екты. Іх адначасовая ўмяшчальнасць на канец 2011 года склала 29 тыс. месцаў.

Міжнародную катэгорыю класіфікацыі па зорках маюць толькі 26 гатэляў і восем гатэльных комплексаў.

У 2011 годзе ў гатэлях і аналагічных сродках размяшчэння пражывалі 1 млн. 738 тыс. чалавек. Гэта на 6,5% больш, чым у 2010 годзе. З іх колькасць грамадзян Беларусі склала 1 млн. 144,2 тыс., грамадзян іншых дзяржаў — 593,8 тыс., у тым ліку краін СНД — 440,3 тыс.

Сярод грамадзян краін СНД, якія пакарысталіся паслугамі гатэляў і аналагічных сродкаў размяшчэння, пераважалі грамадзяне Расіі і Украіны. Іх доля ў агульнай колькасці размешчаных замежных грамадзян склала 69%.

Сярод жыхароў далёкага замежжа 48% складалі грамадзяне Германіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы.

Сярэдняя працягласць знаходжання аднаго чалавека ў гатэлях у 2011 годзе, як і на працягу пяці мінулых гадоў, склала ў сярэднім 2,5 сутак.

Белстат паведамляе, што на тэрыторыі Беларусі ў 2011 годзе працавала 421 санаторна-курортная і аздараўленчая арганізацыя, у тым ліку 93 базы адпачынку, 73 санаторыі, 22 аздараўленчыя цэнтры, 19 турыстычных баз, 13 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў, шэсць турысцка-аздараўленчых комплексаў, тры дамы адпачынку і адзін пансіянат.

У санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях у 2011 годзе было размешчана 813,3 тыс. чалавек. Гэта на 102,7 тыс. больш, чым у 2010 годзе.

У агульнай колькасці наведвальнікаў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый грамадзяне Беларусі склалі 77%, з іх 29% — дзеці да 18 гадоў.

У 2011 годзе на тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялі дзейнасць 1 тыс. 576 суб’ектаў аграэкатурызму. Гэта на 329 суб’ектаў больш, чым у 2010 годзе. Колькасць турыстаў, якія пакарысталіся паслугамі аграэкатурызму за 2011 год, склала 145 тыс. Гэта на 21,5% больш, чым у 2010 годзе. Грамадзяне Беларусі ў агульнай колькасці аграэкатурыстаў склалі 85%. Сярэдняя працягласць знаходжання турыстаў у аграэкасядзібах у 2011 годзе склала 7,2 дні і ў параўнанні з 2010 годам павялічылася амаль у тры разы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?