Афіцыйны беларускі кіраўнік вунь нават на ўрачыстасьці, адкрываючы беларускі гарналыжны комплекс ля Сочы, мусіў крануць балючае: "Нягледзячы на пэўныя рознагалосьсі з кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі...".

Во як жыцьцё паварочваецца! Калі пачыналі будаваць той курорт, мусіць, усё толькі ў ружовым сьвятле бачылася. Вось ён, наш адказ Чэмбэрлену! Плявалі мы на іхнія чорныя сьпісы! Будзем у братнюю краіну на элітарны адпачынак лётаць.

Крэмль, канешне, да чорных сьпісаў наўрад ці дойдзе. Але пасьля нафтагазавай вайны і гэтая запаветная мясьціна ля Чорнага мора — ужо, лічы, пляцдарм на імпэрыялістычнай тэрыторыі :(

Бач, і на курортнай ўрачыстасьці гучаць адгалоскі супрацьстаяньня (якое, зрэшты, ня скончылася).

Дарэчы, там, у Краснай Паляне, любіць коўзацца і Пуцін.

Але ці запрасіў бы зараз на гарбату — гэта яшчэ пытаньне.

Бо найперш пад вялікім пытаньнем апынуўся інтэграцыйны слалам.

Складаныя асабістыя стасункі між цяперашнімі кіраўнікамі Беларусі і Расеі даўно ўжо сталі сакрэтам Полішынэля.

А вось Шушкевіч ад Ельцына некалі аж дзьве расейскія ўзнагароды атрымаў.

Спакойна, ніякага гандлю Радзімай!

Тады яшчэ і слоў такіх ня ведалі, як "братняя інтэграцыя" :)

Старшыня Вярхоўнага Савета ў літаральным сэнсе падтрымаў калегу, калі той на саміце СНД у Алматы трошкі... карацей, не разьлічыў сілы :)

Вы ж ведаеце, была ў тагачаснага гаспадара Крамля слабасьць, якая часам перарастала ў "працу над дакумэнтамі".

Дык вось, тады ў Алматы ўдзячны Ельцын не адыходзячы ад касы прэзэнтаваў Шушкевічу гадзіньнік з гравіроўкай "Ад прэзыдэнта Расеі".

(Трэба думаць, такія сувэніры заўжды былі пад рукой для шырокіх жэстаў.)

Ну а празь некалькі месяцаў саміт быў акурат у Маскве. І там ужо цар Барыс шырокім жэстам гаспадара стаў адорваць такімі самымі гадзіньнікамі ўсіх высокіх гасьцей. Натуральна, не абмінуў і беларускага кіраўніка.

"Вось і атрымаўся дубль два, — распавядаў мне потым Шушкевіч. — Так і ня ведаю дасюль: ці ён забыўся пра выпадак у казаскай сталіцы, ці мо' наўмысна брывом не павёў".

Некалі і Аляксандар Лукашэнка ў статусе "маладога прэзыдэнта" падняў чарку ў Крамлі — за "братняе яднаньне".

На той час Шушкевіча ўжо скіравалі ў адстаўку за анэкдатычную "скрыню цьвікоў".

Але Станіслаў Станіслававіч з Барысам Мікалаевічам пасьпелі выпіць па келіху трохі раней — у Віскулях.

Потым былы сьпікер падкрэсьліваў: не злоўжывалі. Ужо на фінішы, калі збольшага накідалі дакумэнты, што ўвойдуць у гісторыю як Белавескія пагадненьні, — трохі заахвоцілі сябе малдаўскім каньяком. (Бач, і савецкая Малдова такім чынам спрычынілася да "развалу"! :)

Тост у Віскулях, як бачым, аказаўся мацнейшы.

Так што падораныя Ельцыным гадзіньнікі ўсё адно паказваюць беларускі час :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?