Аркадзь Северны.
Я даўно чуў, што з «візітнай карткай» спевака Аляксандра Саладухі, песняй «Здравствуй, чужая милая!», нешта не тое. Але чуў сабе і чуў, адмыслова з гэтым разбірацца не збіраўся, бо, мякка кажучы, не фанат. Аднак гугл вырашае, і вось на якія думкі ён мяне раптоўна падштурхнуў.
Нашыя бацькі збольшага добра памятаюць, што
ў 1970-80-я гады мінулага тысячагоддзя на прасторах СССР былі неверагодна папулярнымі так званыя «блатныя песні», асаблівай папулярнасцю карыстаўся Аркадзь Северны.
Практычна ён дыктаваў тут умовы, ствараў правілы гэтага песеннага напрамку. Жанр, у якім выступаў тады Северны, зараз называюць «шансонам», «гарадскім рамансам» і г.д. Канешне, тут можна доўга спрачацца наконт дакладнасці тэрміналогіі, увогуле, гэта вялікая асобная тэма для размовы. Менавіта
мне больш даспадобы вызначэнні «савецкі блатняк» ці нават смелае «гарадскі хуліганскі блюз». Натуральна, музычна тут блюзам і не пахне, але эстэтыка амаль адзін у адзін: і там і там тэксты-замалёўкі з жыцця злодзеяў, забойцаў, выпівох, растанне з жанчынай і адпаведныя словы ёй удагонку, зноўку крымінал.Нешта падобнае спачатку было і ў хіп-хопе, але там, на жаль, усё патанула ў залатых ланцугах і сіліконавых грудзях, ж...х і мэлізмах.
Аркадзь Северны ж быў абсалютна шчырым, арганічным са сваім рэпэртуарам: вёў, па сутнасці, маргінальны лад жыцця, існаваў практычна без пашпарту і сталага жытла, адначасова трапляў пад некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу СССР— спіс вельмі працяглы. Пра што яшчэ спяваць такому чалавеку, калі ён шчыры, канечне?
Для пэўнай часткі пакалення нашых бацькоў Северны стаў такім своеасаблівым «Высоцкім наадварот»: падпольным чалавекам-легендай, героем не для інтэлігентаў.Вядомасць меў тады каласальную, нават я яшчэ з часоў дзіцячага садку памятаю рэфрэн «Бутылка вина! Не болит голова! А болит у того, кто не пьёт ничего!» Тыповы ўзор маргінальнае творчасці, але як трапна! Адсюль і папулярнасць, панове. Таксама з тых часоў выплывае пачутая «Созрели вишни в саду у дяди Вани». Гэтая песня ўвогуле была адной з маіх першых, якую я граў на барысаўскай гітары, што ўжо тут хавацца))
Северны памёр у 1980-м. Пасля сябе ён пакінуў спадчыну ў 100 падпольна запісаных магнітальбомаў (прывітанне гурту The UNB!). Пісаліся яны альбо пад акустычную гітару на чыёйсьці кватэры, альбо з практычна джазавымі, эстраднымі калектывамі з цудоўнымі назвамі кшталту «Черноморская чайка».Зараз так ансамблі не называюць, а дарма. Шмат чаго з магнітаграфіі Севернага стала сапраўднай класікай, але збольшага тыя аўтсайдэрскія песні засталіся аматарам, у сілу сваёй спецыфічнасці і вузканакіраванасці. З мазгоў жа шырокіх масаў насельніцтва за гады яны паступова ўлятучыліся.
Скажам так, я зусім не аматар так званага «шансону», дакладней, Северны — якраз тое, што я яшчэ магу з такой музыкі слухаць. Бо зноўку ж, тут хутчэй эстэтыка алдовага амерыканскага блюзу, практычна roots music з папраўкай на адэскі габрэйскі фальклор і крымінальную савецкую рамантыку. Таму мяне зацікавіла сама з'ява такая — Аркадзь Северны, я пачаў нешта пра яго вышукваць, «гугліць». І вось, неяк на youtube пабачыў дзіўны загаловак «Аркадий Северный: Здравствуй, чужая милая». Так, у выкананні Севернага гучаў той самы тэкст з «візітнае карткі» Саладухі, дакладней, наадварот:
Саладуха спяваў тэкст, раней выкананы Северным. О як! Можаце самі паспрабаваць, дарэчы, пашукайце, паслухайце, параўнайце! Дзеля справядлівасці адзначу, што Аркадзь Северны таксама не з'яўляўся аўтарам гэтага вершу, проста спяваў яго.Ён увогуле не выконваў сваіх песень, бо не было іх, спяваў чужыя, але як! Гісторыя, сябры, карацей, блытаная)).
У нас у Беларусі Эдуард Ханок прыдумаў да гэтага верша сваю музыку — і «гэй, наперад», як той казаў. Аддаў яе Саладуху, і панеслася ў таго зорна-эстраднае жыццё.
Будзем шчырымі, час ад часу
людзі задавалі на розных там сустрэчах і інтэрв’ю Саладуху пытаньні кшталту «чулі мы гэтую песню ў 1970-я, але КРЫХУ там іншыя словы былі», і спявак, здаецца, ніколі не адмаўляў, што тэкст тут… «народны», але і не падкрэсьліваў гэта асабліва, тым больш па сваёй волі.
...Таксама «Здравствуй, чужая милая» душэўна перайграў наш беларускі Neuro Dubel, за што атрымаў узнагароду на Рок-каранацыі 1996 года ў намінацыі «За найлепшую інтэрпрэтацыю эстраднага шлягера», а таксама прыз Ленінградзкага рок-клубу.