Мітынг прадпрымальнікаў: вынікі і высновы. Піша Зьміцер Панкавец.

Надвор’е ўсяляк спрыяла, каб мітынг прадпрымальнікаў прайшоў як мага больш масава. Увесь дзень сьвяціла сонца. Аднак ужо на падыходзе да Бангалору стала зразумела, што шмат людзей сёньня ня выйдзе.

Першага, каго я заўважыў на плошчы, быў адзін зь лідэраў незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьміцер Хведарук. Пытаюся, чаму няма сьцягоў. Хведарук цісьне плячыма – нельга, «сам разумееш прадпрымальнікі». Хведарук сказаў, што, праяжджаючы нядаўна ля плошчы Якуба Коласа, дзе ад пачатку мелася прайсьці акцыя, пабачыў, што там людзей ніяк ня меней, чым на Бангалоры. А 12:00 мітынг яшчэ ня думаў пачынацца. Не было электрычнасьці. Толькі на сцэне стаяў экс‑палітвязень Сяргей Скрабец з партрэтам Аляксандра Казуліна. Мэгафона таксама ў пару не аказалася пад рукамі.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў гаварыў безь мікрафона, што трэба троху пачакаць, пакуль «нашы людзі дамовяцца ў «Менэнэрга» пра электрычнасьць. Празь нейкі час прынесьлі мэгафон. Міліцыі практычна не было. Толькі за сцэнай дзяжурыла пара АМОНаўцаў, а ў натоўпе хадзіла колькі чалавек у цывільным з рацыямі. На пляцы было недзе сто чалавек, пасьля падышло яшчэ троху, усяго было каля двухсот. Прадпрымальнікаў добра калі была палова.

Пакуль мітынг не пачынаўся, людзі бавілі час на сонейку, размаўлялі між сабой. Да мяне падышоў таксіст, які сказаў, што хоць і ня мае наёмных рабочых, але хоча, каб такія зьявіліся, а ўказ абмяжоўвае гэтую магчымасьць. Тым часам моладзь раздавала газэты «Выбар», «Новы час», а таксама дыскі зь фільмам «Плошча».

Уласна мітынг пачаўся дзесьці а 12:50. Апроч аднаго сьцяга Менску, болей ніякай сымболікі на Бангалоры не было. Транспарантаў і расьцяжак таксама было вобмаль. Сярод іх не было ніводнага на беларускай мове.

Мітынг пачалі прадстаўнікі рэгіёнаў, якія заклікалі адмяніць дзеяньне ўказу прэзыдэнта №760. Нагадаем, што паводле гэтага ўказу прадпрымальнікі ня маюць права прымаць на працу не сваякоў.

Прадпрымальніца з Рагачова Ала Гурэвіч сказала, што ёй сорамна за менскіх дробных гандляроў, якія не прыйшлі падтрымаць акцыю. Яна ж заклікала зьвярнуцца з просьбай адмяніць гэты ўказ да «гаранта нашай Канстытуцыі». З натоўпу зараўлі, што ён ня ёсьць гарантам «нашай» Канстытуцыі.

Прадстаўніца Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Кацярына Чыжык сказала, што прадпрымальнікі мусяць працягваць высоўваць эканамічныя лёзунгі. З натоўпу ізноў пачалі парыраваць: а палітычныя? Адказу на гэтае пытаньне не прагучала.

Увогуле, варта адзначыць, што самі прадпрымальнікі не высоўвалі ніякіх палітычных патрабаваньняў, абмяжоўваліся выключна эканамічнымі. Лідзія Сітава заклікала дабівацца асабістай сустрэчы з прадпрымальнікаў з прэзыдэнтам, каб «паспрабаваць зь ім дамовіцца».

Пэнсіянэр Алег Гаеўскі перадаў тым, хто сабраўся на плошчы, прывітаньне ад народнага пісьменьніка Беларусі Ніла Гілевіча.

Прадпрымальнікі казалі, што ўвядзеньне ў сілу ўказу №760 пакіне бяз працы прыкладна 300 тысячаў чалавек, што ён набліжае нас да Паўночнай Карэі, што такім чынам улады лабіруюць інтарэсы буйнага бізнэсу і спрабуюць задушыць сярэднюю клясу, якая толькі‑толькі пачынае нараджацца ў Беларусі. Але разам з тым узьнікала пытаньне: чаму на пляцы так мала саміх прадпрымальнікаў? У нейкай ступені адказ на гэтае пытаньне даў Аляксандар Макаеў, які адзначыў, што самі прадпрымальнікі яшчэ да канца не разумеюць сэнс і пэрспэктыву гэтага ўказу.

У другой частцы троху паболела палітыкі, найперш дзякуючы выступам лідэрам палітычных партыяў – Вінцука Вячоркі і Анатоля Ляўковіча. Вячорка тлумачыў, што выкананьне 12 патрабаваньняў Эўракамісіі палегчыць жыцьцё і прадпрымальнікам. Ужо пасьля Ігар Леднік і Вячаслаў Сіўчык заклікалі распачаць збор подпісаў за тое, каб Беларусь стала сябрам Рады Эўропы.

Пры канцы мітынга прынялі рэзалюцыю, якая апроч эканамічных патрабаваньняў, заклікае да вызваленьня палітвязьняў, годнае адзначэньне 125‑годзьдзя Купалы і Коласа, а таксама ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Рэзалюцыя была прынятая аднагалосна. Пасьля чаго пачаўся канцэрт барда Зьмітра Бартосіка.

Прадпрымальнікі кажуць, што гэта была толькі рэпэтыцыя агульнанацыянальнага страйку 25 Сакавіка. Цяжка адназначна адказаць ці шмат прадпрымальнікаў выйдзе на плошчу на Дзень Волі, бо з трыбуны амаль не гучала ніякіх лёзунгаў падтрымаць акцыю пратэсту. Прадпрымальнікі ўсё вычэкваюць.

* * *

Он-лайн-рэпартаж зь мітынгу.

14.30 Мітынг скончаны.

13:43 Нарэшце далі электрычнасьць, і выступы працягваюцца з гукаўзмацняльнай апаратурай. Пра іх зьмест пазьней у матэрыяле па выніках акцыі.

13:21 Каля 12.50 мітынг распачаўся. Выступоўцы мусяць прамаўляць з дапамогаю мэгафону. У электрычнасьці, паводле арганізатараў, ім было катэгарычна адмоўлена. Першымі выступалі прадпрымальнікі з рэгіёнаў, Яны выказвалі выключна эканамічныя лёзунгі й дакаралі менскіх калег, што тыя не падтрымалі акцыю: «Бадай, ім добра жывецца…»

На мітынгу абвешчана, што 25 сакавіка мае адбыцца агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў.

12:47 Мітынг да гэтага часу не пачаўся, бо няма электрычнасьці для гукаўзмацняльнай апаратуры. Арганізатары аб'явілі праз мэгафон, што будуць чакаць, пакуль не дадуць сьвятло. Людзей за гадзіну паболела да 200-250 чалавек. У грамадзе раздаюць газэты «Выбар», «Новы час», дыскі з фільмам «Плошча».

З сымболікі — адзін сьцяг Менску і лёзунгі па-расейску: «Прэзыдэнт, рабі што хочаш, усё ў тваіх руках», «Дайце нам спакойна працаваць», «Віцебск: цярпеньне на зыходзе» ды іншыя.

У акцыі бяруць удзел прадстаўнікі з Баранавічаў, Віцебску, Гомелю, Наваполацку.

12:10 На плошчы Бангалор у Менску пачынаецца мітынг прадпрымальнікаў. На яго сабраліся каля ста чалавек.

У грамадзе заўважаныя Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, маладафронтаўцы. Сяргей Скрабец трымае ў руках партрэт Казуліна. На сцэне — расьцяжка «Свабоду Казуліну».






Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?