12.03.2007 / 22:32

Магутная постаць Ткачова З дадаткам фотаархіву 2

10 сакавіка споўнілася б 65 год аднаму з пачынальнікаў найноўшага адраджэньня Міхасю Ткачову. Пра настаўніка піша ягоны вучань Генадзь Семянчук.

10 сакавіка споўнілася б 65 год гісторыку й грамадзкаму дзеячу Міхасю Ткачову. Пра настаўніка піша ягоны вучань Генадзь Семянчук.

31 кастрычніка споўніцца 15 гадоў з дня сьмерці гэтай унікальнай асобы. Па сёньня для шмат каго ён застаецца маральным аўтарытэтам.

Прафэсар Міхась Ткачоў нарадзіўся ў старажытным Мсьціславе ў сям’і настаўнікаў. Бацька Алесь загінуў у 1942 г. пад Ленінградам, не даведаўшыся аб нараджэньні сына. Гадавала яго маці Дамініка.

Багатая гісторыя роднага гораду, Замкавая гара, цэрквы й кляштары паўплывалі на станаўленьне асобы будучага навукоўца. Зь іншага боку, цяжкае, напаўгалоднае жыцьцё ў Савецкім Саюзе, нясправядлівасьці і зьдзекі зь людзей з боку савецкіх функцыянэраў спрычыніліся да раньняга грамадзянскага сталеньня.

У 1959 годзе Міхась Ткачоў паступае на гістарычны факультэт БДУ. Ён канчаткова «захварэў» сярэднявечнай гісторыяй. Але вучоба пачалася не адразу. Дзейнічаў тыповы для бальшавікоў загад: калі ня маеш двух гадоў працоўнага стажу, першы курс вучышся завочна. Будучыя інтэлігенты павінны былі прайсьці пралетарска‑сялянскую загартоўку. Ткачову некалькіх месяцаў працоўнага стажу бракавала. Вяртаецца ў Мсьціслаў і напрацоўвае неабходнае паляводам у калгасе імя Варашылава.


Міхась Ткачоў і вучні: аўтар (Генадзь Семянчук) стаіць зьлева, сядзіць Лявон Калядзінскі. Ліпень 1984 г. Віцебск.


Адаптацыя да тагачаснага Менску таксама праходзіла балюча. Правінцыйны хлопец з рамантычнай душою ехаў у беларускую сталіцу як у духоўны цэнтар, а яго сустрэў чужы расейскамоўны горад. Не адразу ён знайшоў там патрыятычнае асяродзьдзе. Малады Ткачоў знаёміцца з Станіславам Шушкевічам, беларускім паэтам, які нядаўна вярнуўся з ГУЛАГУ, зь Язэпам Сушынскім, паплечнікам Янкі Купалы яшчэ па суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца». У студэнцкія гады лёс зьвязвае яго зь Мікалаем Улашчыкам. Яны сябравалі (вопыт і маладосьць) да апошніх дзён Улашчыка. Сваю перадапошнюю кнігу «Замкі і людзі» Ткачоў прысьвячае гэтаму выдатнаму навукоўцу. Былі сустрэчы і іншага характару. Лаўрэнцій Абэцэдарскі карміў здольнага студэнта абяцанкамі асьпірантуры. А калі дайшло да справы — адмовіў.

Пасьля заканчэньня ў 1964 годзе ўнівэрсытэту Ткачова разьмеркавалі на працу настаўнікам у Жодзіне. Праз 4 гады, у 1968 годзе, ён паступае ў асьпірантуру пры Інстытуце гісторыі, па спэцыяльнасьці археалёгія, а не гісторыя. Лёсам было наканавана, каб ён стаў не кабінэтным навукоўцам, а археолягам.

Ткачоў адным зь першых, ня толькі ў Беларусі, пачаў працаваць на мяжы гісторыі і археалёгіі, вывучаючы абарончае дойлідзтва Вялікага Княства Літоўскага.


Міхась Ткачоў і аўтар (Генадзь Семянчук). Ліпень 1989 г. Браслаў. Раскопкі «Замкавай гары».


Прафэсар праводзіў раскопкі ў Горадні і Наваградку, Лідзе і Крэве, Міры і Геранёнах, Мядзеле і Маладэчне, Дрысьвятах і Іказьні, Браславе. У другой палове 70‑х ягоная ўвага была скіравана на Ўсходнюю Беларусь: ён капаў у Віцебску, Магілёве, Мсьціславе, Крычаве, Гомелі, Чачэрску, Прапойску. У выніку М.Ткачоў пераканаўча паказаў высокі ўзровень абарончай сыстэмы гарадоў і мястэчак Падняпроўя і Падзьвіньня. Гэта была рэакцыя на складаныя адносіны ў XVI—XVIII ст. з суседняй Маскоўскай дзяржавай. Значныя разбурэньні помнікаў вайсковага дойлідзтва прымушалі М.Ткачова шырока выкарыстоўваць у сваіх навуковых працах археалягічныя матэрыялы. Ён, як ніхто іншы, змог у сваіх працах гарманічна спалучыць археалягічныя зьвесткі з паведамленьнямі гістарычных крыніц.

Гісторык, археоляг, крыніцазнаўца, геральдыст — вось няпоўны сьпіс ягоных талентаў. Галоўная ўвага Ткачова была скіраваная на дасьледаваньне вайсковай гісторыі.

Прафэсар Ткачоў прасачыў генэзіс і эвалюцыю разьвіцьця замкаў і абарончых сыстэмаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.

Пасьля драўляных абарончых канструкцый прыходзяць з другой паловы ХІІІ ст. мураваныя вежы‑данжоны (Камянец, Горадня, Берасьце, Наваградак, Тураў) і з XIV ст. — агульнадзяржаўныя замкі‑кастэлі (Ліда, Крэва, Меднікі) і шматвежавыя замкі (Горадня, Наваградак).

З канца XV i да XVII ст. інтэнсіўна будуюцца прыватныя замкі (Мір, Геранёны, Іказьнь, Мядзел, Любча і інш.), робіцца больш дасканалай фартыфікацыйная сыстэма гарадоў (Слуцак, Полацак, Віцебск), зьяўляюцца інкасталяваныя сьвятыні, міні‑замкі (Сынкавічы, Мураванка, Супрасьля).

Зь сярэдзіны XVI ст. на тэрыторыі Заходняй Беларусі будуюцца замкі эўрапейскага тыпу з сыстэмай бастыёнаў (Нясьвіж, Заслаўе, Быхаў і інш.).

Міхась Ткачоў і вучні: аўтар (Генадзь Семянчук) і Андрэй Мяцельскі справа. Ліпень 1984 г. Віцебск.

Ткачоў даказаў, што вайскова‑манумэнтальнае дойлідзтва Беларусі ў сярэднявеччы заўсёды адпавядала патрабаваньням часу. У вайскова‑інжынэрным мастацтве XIV—XVIII ст. ён вылучыў дзьве галоўныя рысы: 1) трывалая сувязь зь мясцовымі традыцыямі вайсковага будаўніцтва і народнай драўлянай архітэктурай; 2) кантакты і выкарыстоўваньне найноўшых дасягненьняў у галіне фартыфікацыі Польшчы, прыбалтыйскіх краін, Чэхіі, Нямеччыны, Нідэрляндаў і Італіі.

Прафэсар не пасьпеў выгадаваць сваіх асьпірантаў, фармальна стварыць сваёй школы. Аднак у яго былі вучні, неабыякавыя да сярэднявечнай гісторыі — Алег Трусаў, Лявон Калядзінскі, Тацяна Бубенька, Алесь Краўцэвіч, Ігар Чарняўскі, Генадзь Сагановіч, Андрэй Мяцельскі, аўтар гэтых радкоў.

З 1978 году лёс на доўгія 12 год зьвязаў Міхася Ткачова з Горадняй. Ён з асаблівай любасьцю ставіўся да гораду над Нёманам і шмат зрабіў для захаваньня яго гістарычнай памяці. Калі сёньня запытаць студэнтаў‑гісторыкаў 1978—1989 гадоў, якія ў іх уражаньні ад вучобы ў Гарадзенскім унівэрсытэце, большасьць успомніць ткачоўскія лекцыі па гісторыі, археалёгіі і культуры.

Плённую навуковую і пэдагагічную працу М.Ткачоў спалучаў з актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. У канцы 80‑х гадоў ХХ ст. ён быў лідэрам гарадзенскага гісторыка‑культурнага і палітычнага клюбу «Паходня». Клюб зрабіўся цэнтрам дэмакратычнага руху гораду, гэта была ўнікальная школа патрыятызму. Як тады перапалохаліся ахоўнікі савецкай ідэі! Было арганізаванае цкаваньне «Паходні», запалохваньне студэнтаў дэканамі і рэктарамі. У 1989 г. прафэсару Ткачову прыйшлося пакінуць мілы ягонаму сэрцу горад Горадню і пераехаць у Менск.

Міхась Ткачоў — Менск. 1990—1992 г.

Працуючы ў рэдакцыі выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» (спачатку кіраўніком гістарычнай рэдакцыі, а пазьней галоўным рэдактарам), Ткачоў быў ініцыятарам стварэньня фундамэнтальных энцыкляпэдый археалёгіі і нумізматыкі Беларусі, а таксама шасьцітамовага выданьня «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі».

У гэты час Міхась Ткачоў абіраецца намесьнікам старшыні Сойму Народнага Фронту. Ён быў адным з ініцыятараў сацыял‑дэмакратычнага руху Беларусі. У сакавіку 1991 году Ткачоў быў абраны першым старшынём Цэнтральнай Рады Беларускай Сацыял‑Дэмакратычнай Грамады.

Міхась Ткачоў — гэта ня проста вялікае імя вядомага навукоўца і палітычнага дзеяча. Для большасьці людзей ён быў у першую чаргу добрым, уважлівым чалавекам. І палымяным патрыётам. У адным з сваіх апошніх інтэрвію ў 1992 г. на пытаньне «Што Вы лічыце сёньня галоўным у жыцьці Беларусі?» Міхась Ткачоў адказаў: «Лічу найважнейшым і неабходным кожнай партыі, кожнаму чалавеку стаць «дзяржаўнікамі»: усімі сіламі і супольнымі намаганьнямі мацаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Бацькаўшчыны, ствараць цывілізаванае, салідарнае, дэмакратычнае грамадзтва».


Міхась Ткачоў. Мітынг у Менску. Пачатак 90‑х гадоў ХХ ст.


Немагчыма ўявіць, каб Ткачоў‑палітык зацьвярдзеў як палітык, накшталт лідэраў сучаснай апазыцыі. Складваецца ўражаньне, што, чым больш яны прайграюць, тым мацней трымаюцца за свае месцы і агрэсіўней бароняцца. М.Ткачоў напэўна знайшоў бы сабе месца ў камандзе Аляксандра Мілінкевіча, зь якім яго зьвязвалі шчырыя сяброўскія адносіны. Іхні саюз у Горадні канца 70—80‑х быў прыкладам гарманічнага спалучэньня ўсходнебеларускай інтэлігентнасьці з заходнебеларускай. Пры жыцьці Ткачова нават у чорным сьне не ўяўляўся падзел Грамады на дзьве часткі — беларускамоўную (пад кіраўніцтвам Шушкевіча) і расейскамоўную (пад началам Казуліна).

Сёньня беларуская археалягічная навука пераўтварылася ў суцэльную камэрцыю. Неабходнасьць самастойна зарабляць грошы на сваё разьвіцьцё прывяла да бездухоўнай канкурэнцыі дзеля ўласнага ўзбагачэньня альбо выратаваньня фінансавага становішча Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Задачы аховы помнікаў, вывучэньня малавядомых старонак мінулага, вырашэньня важных гуманітарных праблемаў забыліся. Памяць пра экспэдыцыі Штыхава, Лысенкі, Зьвяругі, Міхася Чарняўскага і Ткачова засталася толькі на старых фатаздымках. Быў час, быў век, была эпоха…


Міхась Ткачоў са Станіславам Шушкевічам. Пачатак 90‑х гадоў ХХ ст.


Актыўныя ў канцы 80‑х Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі, Алесь Краўцэвіч, Алег Дзярновіч, Валянцін Собаль з розных прычынаў адышлі ад дасьледаваньняў сярэднявечных фартыфікацый. Сёньня толькі ініцыятыўныя студэнты намагаюцца ратаваць замкі ў Любчы і Крэве, палацы ў Ружанах і Косаве.

У адукацыі адсутнасьць маральных і навуковых аўтарытэтаў кшталту праф.Ткачова моцна зьменшыла ўплывы гістарычных факультэтаў на культурнае і сацыяльнае жыцьцё нашага грамадзтва. Нават спэцыялісту сёньня цяжка назваць прозьвішчы і навуковыя школы вядучых спэцыялістаў у сыстэме ўнівэрсытэцкай адукацыі…

Творы Ткачова застаюцца актуальнымі, бо адзінымі ў пэўных навуковых праблемах. Жыцьцёвы шлях Ткачова чакае свайго біёграфа.

Генадзь Семянчук

дацэнт катэдры археалёгіі і этналёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы

Прафэсар Ткачоў

напісаў дзьве сотні навуковых прац, зь іх 10 кніг. Поўная бібліяграфія праф.М.Ткачова зьмешчаная ў зборніку «Castrum, urbis et bellum» (Менск, 2002). У 1972 ён абараніў кандыдацкую на тэму «Вайсковае дойлідзтва Беларусі XIII—XVIII ст. (на помніках паўночна‑заходняй і паўднёва‑заходняй Беларусі)». Праз 15 год, у 1987, Міхась Ткачоў пасьпяхова абараніў доктарскую дысэртацыю «Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV—XVIII cтст.». На падставе гэтых дысэртацый ствараліся папулярныя кнігі. Гэта «Замкі Беларусі» (1‑е выд. 1977 на беларускай мове, 2‑е выд. 1987 і 3‑е выд. 2002 — па‑расейску); «Абарончыя збудаваньні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.» (1978); «Замкі і людзі» (1991). Кола навукоўцаў, зь якімі падтрымліваў сувязь, шырокае: у Маскве — Л.Аляксееў і В.Сядоў, у Санкт‑Пецярбургу — В.Грыцкевіч, П.Рапапорт, А.Кірпічнікаў, Ф.Гурэвіч, В.Булкін; у Кіеве — А.Моця, В.Зоцанка, у Рызе — А.Цаўне, у Торуні — С.Александровіч.

0
Perkunas / Адказаць
13.03.2007 / 03:26
Пад уплывам ягоных кніжак я усьвядоміў сябе беларусам. Каб ня заўчасная сьмерць, то гэты вялікі Чалавек мог стаць першым прэзідэнтам.
0
Антон Лабовіч / Адказаць
13.03.2007 / 10:48
Упершыню пабачыў і пачуў сп. М.Ткачова на пасяджэнні клуба "Паходня" (Гродна) у канцы 80-х. Затым слухаў яго расповяды па мясцовым тэлебачанні пра нацыянальныя беларускія бел-чырвона-белы Сцяг і Герб Пагоня. Ён умеў давесці сваё і пераканаць. Творы прафесара Міхася Ткачова і іншых вучоных-патрыётаў трэба чытаць не толькі прафесіяналам-гісторыкам. а кожнаму, хто хоча ведаць праўду пра Беларусь.Тады і адродзіцца амаль што вынішчаная нацыя. Трэба дэмакратычнаму актыву займацца сапраўдным народніцтвам. Нам ёсць кім ганарыцца і ёсць пра каго расказваць. Прафесар Міхась Ткачоў у гэтых шэрагах. Ён таксама і наш, гродзенскі!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру