На ўручэнні прадстаўніку аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух» Віктару Івашкевічу папярэджання Генеральнай пракуратуры Беларусі 27 сакавіка прысутнічала здымачная група беларускага тэлебачання, паведаміў палітык.

Відэааператара БелаПАН у будынак Генпракуратуры не пусцілі.

«Намеснік генпракурора выдаў мне афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закону. Падчас уручэння гэтага папярэджання прысутнічала здымачная група беларускага дзяржаўнага тэлебачання», — сказаў Івашкевіч.

Паводле яго слоў, пасля зачытвання папярэджання ў палітыка спыталі, ці зразумелы яму сэнс таго, што ён адчуў, на што Івашкевіч адказаў, што яму ўсё зразумела. «Я звярнуўся да пракуратуры і да дзяржаўнага тэлебачання і сказаў, што найбольшую шкоду Беларусі наносіць беларускае кіраўніцтва, якое сваімі дзеяннямі — і ў першую чаргу наяўнасцю палітвязняў — правакуе эканамічныя санкцыі, і лепш бы пракуратура звярнулася да дзяржаўных службовых асобаў, дзякуючы дзеянням якіх выносяцца гэтыя санкцыі. Таму што іх уплыў на падзеі ў тысячу раз больш важны, чым выказванні такой сціплай асобы, як грамадзянін Віктар Івашкевіч», — заявіў палітык.

Ён мяркуе, што папярэджанне Генпракуратуры не звязана з мітынгам 25 сакавіка, на Дзень Волі. «Афіцыйна мне сказалі, што гэта звязана з маімі публічнымі заявамі і заклікамі ўвесці санкцыі. Я пацвердзіў, што такія заклікі ўсвядомлена рабіў, мая мэта была паспрыяць вызваленню палітвязняў», — растлумачыў Івашкевіч.

Нягледзячы на папярэджанне Генпракуратуры, ён не плануе спыняць сваю дзейнасць. «Усе тое, што рабіў, буду далей рабіць. Рабі, што можаш, і будзь, што будзе. Пакуль што я не арыштаваны. Так што ўсё не так страшна», — сказаў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?