ЗША падтрымліваюць узмацненне санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і заклікаюць Міжнародную федэрацыю хакея «прыпыніць план правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску». Пра гэта заявілі БелаПАН у пасольстве Злучаных Штатаў Амерыкі.

«Мы вітаем рашэнне ЕС ад 23 сакавіка аб пашырэнні санкцый. Злучаныя Штаты салідарныя з партнёрамі з Еўрапейскага саюза і падтрымліваюць іх заклік да Беларусі спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі», — зазначылі ў пасольстве ЗША.

«Першым крокам у гэтым кірунку павінна стаць неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных, і мы цесна каардынуем нашы дзеянні ў адказ на працяг пераследу», — падкрэслілі ў дыппрадстаўніцтве.

Пасольства ЗША адзначае, што

«санкцыі скіраваны не супраць народа Беларусі, а супраць тых, хто нясе адказнасць за працяг задушэння асноўных свабод пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года».

Адзначаецца таксама, што «і ЗША, і ЕС павялічылі падтрымку беларускага народа ў яго памкненні пабудаваць сучаснае, дэмакратычнае і працвітаючае грамадства».

У дыппрадстаўніцтве нагадваюць, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты кангрэсам ЗША ў снежні 2011 года і падпісаны прэзідэнтам Баракам Абамам у студзені 2012 года, «заклікае Міжнародную федэрацыю хакея прыпыніць план правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску да таго часу, пакуль урад Беларусі не вызваліць усіх палітзняволеных».

У той жа час «пасольства лічыць за лепшае не рабіць меркаванняў» адносна магчымасці байкоту зборнай ЗША чэмпіянату свету 2014 года, калі ён пройдзе ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?