Вандруючы па Лацінскай Амерыцы, я наведаўся ў кастарыканскі гатэль Tabacon, супастаўны па коштах з Klosterbräu, дзе адпачываў Аляксандр Лукашэнка.

Знаходзіцца Tabacon каля вулкану Арэналь. Па версіі міжнароднага часопіса Travel+Leisure Tabacon уваходзіць у топ-10 гатэляў Лацінскай Амерыкі (ацэньваліся ўсе пяцізоркавыя ад Аргентыны да Мексікі).

Апартаменты найвышэйшага класу каштуюць тут блізу 850 даляраў за суткі (уключна з падаткамі і сняданкам). Праўда, тэарэтычна у такіх апартаментах можна пакласці спаць аж шэсць чалавек. Вось як гэта выглядае:

Каралеўскі ложак.

Два вялікія ложкі ў суседнім пакоі.

Усе шэсць чалавек могуць змясціцца ў адным джакузі, а вось ракавіны зрабілі дзве: адна — для мужчын, другая — для жанчын.

Прыбіральня стылізаваная пад шафу-купэ, і яна ў апартаментах толькі адна.

Сярод кліентаў — і галівудскія зоркі, і прыбіральшчыцы

Нядаўна ў гатэлі наўмысна павялічылі колькасць апісаных мной апартаментаў найвышэйшага класу. На ўсіх ахвотных кліентаў элітных нумароў не хапала.

Што ж за крутыя перцы прыязджаюць у Tabacon? А гэта, аказваецца, звычайныя грамадзяне: настаўнікі, бізнэсоўцы, мэнэджары…
Калега з ЗША распавяла мне, што ў красавіку ў пяцізоркавы гатэль блізу вулкана Арэналь едзе жанчына, што прыбірае катэджы (у тым ліку і ейны). Прыбіральшчыца зарабляе 12 даляраў за гадзіну і час ад часу вандруе па свеце.

Падобны адпачынак для беларуса — рай са шчаслівых сненняў, а для шэраговых грамадзян некаторых іншых краін, як бачыце, проста добра праведзены час.

У асноўным

кліенты прылятаюць у пяцізоркавыя гатэлі блізу вулкана Арэналь з ЗША, Канады, Японіі, Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Чэхіі і нават з суседняй ад нас Польшчы.

-А зоркі з тэлебачання да вас прязджаюць? — цікаўлюся ў супрацоўніка гатэля Tabacon Хаўера Фернандэса.

-Не так даўно у нас адпачываў галівудскі акцёр Уіл Сміт.
Хадзіў па тых жа сцежках, дзе зараз прагуляемся мы, — кажа Хаўер і суправаджае мяне па месцах баявой славы акцёра.
Галоўнай тутэйшай «фішкай» лічацца гарачыя тэрмальныя воды, што цякуць рачулкамі з вулкану Арэналь і ўтвараюць з тузін прыродных басэйнаў на тэрыторыі гатэля.

Прыродныя басейны разбітыя на сектары па цікавасцях — для актыўных людзей, для аматараў пабыць галяком, для рамантыкаў… Адно з такіх месцаў мае такую ж назву, як мінскае казіно «Шангры Ла». Тут пераліваюцца вадаспады і гучыць жывая музыка:

З рэкрэатыўных опцыяў, якія прапануе гатэль, мяне

ўразіла традыцыйная мексіканская лазня «тэмаскаль».
У традыцыйным абрадзе бяруць удзел 13 чалавек, а галоўная ідэя — не толькі адпачыць, але і ачысціцца духоўна.

Замест лыжаў — палёт на тарзанках у аблоках

У трапічнай Коста-Рыцы не выпадае снег, і ўлюбёныя лыжныя забавы беларускіх чыноўнікаў тут адмяняюцца. Затое любы ахвотны турыст узростам ад васьмі гадоў можа палётаць на тарзанках. Мясцовыя трапічныя лясы амаль увесь час атуленыя туманамі, і калі ляціш на канаце, такое ўражанне, што рассякаеш аблокі.

Гэта паслуга (тут яе называюць Sky Track) карыстаецца вялікім попытам у ваколіцах вулкана Арэналь.

Мяне (як журналіста) супрацоўнікі мясцовай канторы Sky Adventure дапусцілі да канатаў бясплатна,

для турыстаў паслуга каштуе блізу 70 даляраў на чалавека.
Вось як гэта выглядае:

Пралятаючы над туманнымі лясамі, вы пабачыце падобныя карцінкі:

Чаму б не арганізаваць такога кшталту атракцыёны ў Беларусі?
Ці прыдумаць нешта сваё. Натоўпамі ж валяць турысты! Працуе ж Акадэмія навук, Мінспорта і гэтак далей. Але нічога падобнага я асабіста не бачыў.

Сотні тысяч турыстаў прылятаюць паглядзець на мятлушак і жабак

Чым яшчэ спакушаюцца турысты, якія мкнуцца ў Коста-Рыку і плоцяць па 100-200-300 даляраў за нумар у гатэлі? Канечне ж, мясцовай ўнікальнай трапічнай прыродай. Супрацоўнікі гатэлю Los Lagos, які таксама знаходзіцца ў ваколіцах вулкану Арэналь, запрасілі мяне ў госці, каб паказаць дзівосных жывёлак і казюрак, што жывуць прама ля сцежак, па якіх ходзяць госці…

Гуляючы, я раптам пабачыў літаральна за тры метры ад сябе жывога каймана — прадстаўніка сямейства алігатараў.

А мясцовая чырвоная жабка, у якой мне ўдалося ўзяць інтэрвію, памерам — з палову вашага мезенца.

Але гуку робіць на ўсё наваколле:

Трапляюцца і так званыя «п’яныя мятлушкі». Ромам і тэкілай яны, канешне, не цешацца, але п’юць вадкасць з трапічных фруктаў.

«Замест каймана пакажам зубра, замест мятлушак -мурашоў, а жабы ў нас і так ёсць», — падумаў я аб адкрыцці ўласнага беларускага гатэлю,

але тут жа прыйшоў у сябе…

P. S. Гаючая вада з азёраў, якія-небудзь інавацыйныя канаты над беларускімі лясамі, унікальныя жывёлы, лазні, пяцізоркавыя гатэлі па адэкватных коштах, сотні тысяч турыстаў…

Гэта ўсё — не пра сучасную Беларусь, дзе пра турызм толькі разважаюць, балбочуць, але нічога падобнага, як у Коста-Рыцы, не робяць. А паспрабуй арганізаваць свой бізнэс у сучасных умовах! Гэта дазвалецца толькі «набліжаным», а «набліжаным» гэта не так і патрэбна — лёгкія грошы ў адсутнасць канкурэнцыі і так цякуць ракой.

Таму пакуль усё, што застаецца, гэта глядзець і зайздросціць замежнаму адпачынку, які сабе могуць дазволіць амерыканскія пакаёўкі, але ніяк не беларускія ўрачы і прафесары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?