У «крамольныя» яны трапілі найперш таму, што ў слоўнікавых артыкулах падаваліся са спасылкай на творы «нядобранадзейных» з гледзішча ўлады пісьменнікаў.

Доктар філалогіі, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іван Лепешаў расказвае», колькі фразеалагізмаў ім апісана і як цэнзураваўся ягоны слоўнік.

— Спадар Іван, як доўга вы займаецеся зборам і апісаннем фразеалагізмаў?

— Фразеалагізмамі я пачаў цікавіцца вельмі даўно, яшчэ ў той час, калі працаваў у школе настаўнікам. Вось ужо гадоў пяцьдзясят я рэгулярна чытаю беларускую літаратуру і раблю выпісы.

Перачытаў, можна сказаць, усе творы і дасавецкага перыяду, і савецкага, і паслясавецкага.
380 аўтараў перачытана мною, складзеная картатэка. У ёй больш за 90 тысяч картак. На кожны фразеалагізм прыводзіцца некалькі ўжыванняў. У апошнім двухтомавым выданні слоўніка, які выйшаў у свет у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» апісана больш як 7000 фразеалагізмаў.

— З ім у вас і ўзніклі праблемы. Якія прэтэнзіі выставіла вам названае выдавецтва?

— Прэтэнзіі з’явіліся яшчэ на першай стадыі падрыхтоўкі: трэба гэта выкінуць, трэба тое выкінуць.

Выдавецтву, найперш яго дырэктару Генадзю Пашкову, не падабаліся некаторыя аўтары, нават народныя пісьменнікі — Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч.
Я спрабаваў іх адстойваць, даказваў, што іх нельга выкідаць. Хадзіў да Пашкова, бо ўсе забароны ішлі ад яго. Загадчыца рэдакцыі Малей і чатыры рэдактары, якія са мной працавалі, ставіліся да мяне памяркоўна, але мусілі выконваць распараджэнне дырэктара.

— Якія пісьменнікі ўрэшце былі выкасаваныя з вашага слоўніка?

— Я магу іх пералічыць:

Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Сяргей Астравец, Ларыса Геніюш, Сяргей Дубавец, Сяргей Законнікаў, Аляксандр Лукашук, Іван Макаловіч, Вінцэсь Мудроў, Уладзімір Някляеў, Вольга Паўлава, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Масей Сяднёў.
15 асобаў. Апрача таго, у мяне там былі цытаты з розных перыядычных выданняў, з газетаў і часопісаў. То пяць з іх таксама трапілі пад забарону Пашкова.
Гэта часопіс «Дзеяслоў» і газеты «Народная воля», «Наша Ніва», «Наша слова», «Свабода» і беластоцкая «Ніва».

— Чым жа апраўдвалі Пашкоў і яго падначаленыя свае дзеянні?

— Я спрабаваў яму тлумачыць: «

Гэта ж з Уладзіміра Арлова цытата, чаму вы яе выкідаеце, яго ж у школе праходзяць, у хрэстаматыях для сярэдняй школы ён ёсць». А Пашкоў мне адказвае: «Быў у хрэстаматыях, цяпер яго ўжо там няма».
Маўляў, трапіў Арлоў у «нячэсныя» пісьменнікі. І пра вас была гаворка таксама. Я адстойваў некалькі цытатаў, узятых з вашых твораў, але Пашкоў заявіў: «Ні ў якім разе — ён жа працуе на „Свабодзе“!» Выкінулі цытаты і з Івана Макаловіча, з яго дэтэктыўнай аповесці, якая была напісаная, і я пра гэта казаў Пашкову, яшчэ ў даперабудовачны час, калі Макаловіч быў галоўным рэдактарам газеты «Звязда». Але Пашкоў мне адразу сказаў:
«Выкіньце яго, і не будзем размаўляць. Гэта ж намеснік Іосіфа Сярэдзіча, галоўнага рэдактара «Народнай волі»!
Таксама некаторыя цытаты з Ніла Гілевіча павыкідалі, хоць і не ўсе. І гэта нанесла вялікую шкоду слоўніку. Разумееце, калі выкінуць дзве цытаты, то фразеалагізм застаецца аголеным, без пацверджання.

— А якія канкрэтна цытаты вас прымусілі зняць?

— Ну, напрыклад, «да белых мядзведзяў».

Завезці каго-небудзь да белых мядзведзяў — адправіць у канцэнтрацыйны лагеры на поўначы або на ўсходзе Расіі. Выкінулі, быццам і не было ў нас гэтага.
«Архіпелаг Гулаг» таксама выкінулі. Хоць на гэты фразеалагізм у мяне былі цытаты з Васіля Быкава, з Рыгора Барадуліна, з Алега Лойкі, з іншых аўтараў, якія пацвярджаюць ужыванне яго ў нашай літаратуры.
Выкінулі і выраз «малодшы брат» — беларусы ў дачыненні да Расіі і расійцаў. Такое было тлумачэнне фразеалагізму. І ўсе прыклады пачынаючы з Язэпа Лёсіка пацвярджалі — шырокаўжывальнага.
Я спецыяльна для яго даў ажно чатыры ўжыванні. Усё павыкідалі. Выраз «старэйшы брат» таксама выкінулі з усімі цытатамі.
Усяго са слоўніка ў «Беларускай энцыклапедыі» выкінулі больш за 500 цытатаў. Я пасля падлічыў — 56 фразеалагізмаў засталіся аголенымі, без пацверджання іх ужывання.
Я тлумачыў гэта Пашкову — так нельга пакідаць, без пацверджання. Што рабіць — здымаць фразеалагізмы? «Пакідайце так, без цытатаў», — быў адказ. І так яны засталіся без пацверджання.

— Дык я ўсё ж не зразумеў: з вашага слоўніка здымаліся «крамольныя» выразы, ці ўвогуле выкасоўваліся ўсе непажаданыя прозвішчы?

— Думаю, што і тое, і тое рабілася.

А часам выдавецтву проста здавалася, што ў той ці іншай цытаце ёсць нешта палітычнае.
Скажам, да фразеалагізму «выпростваць спіну» давалася цытата з Сяргея Законнікава: «Пад сатрапаўскім ціскам мяккіх ічыгаў Сталіна, якія з замілаваннем апяваліся ў многіх мастацкіх творах, не толькі нашаму народу цяжка было выпрастаць спіну». Выкінулі. На фразеалагізм «павесіць замок на рот» у мяне было некалькі цытатаў, у тым ліку і з Барадуліна:


«Няхай жыве народ
у думцы, згодзе, бунце —
яму замок на рот
павесіць не спрабуйце».

Выкінулі. Да выразу «гамбургскі рахунак» давалася цытата з Арлова: «Ці ведаем па гамбургскім рахунку мы самі, дзе гэтая краіна Беларусь? Менавіта краіна, а не месца жыхарства. Ці ўмеем мы ёю ганарыцца?» І гэта выкінулі.

— Ці маеце вы намер калі-небудзь перавыдаць свой слоўнік — ужо без цэнзурных скаротаў, вярнуўшы ўсе 500 знятых цытатаў і 15 забароненых аўтараў?

— Ведаеце,

слоўнікі выдаюцца вельмі рэдка. Прыкладна раз на два дзесяцігоддзі, і тое калі ёсць на гэта прычыны, калі слоўнік нашмат дапоўнены. А я ўжо сабраў усе фразеалагізмы, якія ёсць у беларускай літаратурнай мове, і яны мною апісаныя.
Шкада толькі, што некаторыя так і засталіся на старонках перыядычных выданняў, не трапілі ў апошні, самы поўны слоўнік. Наўрад ці я паспею яго перавыдаць. Мне ж ужо 88 гадоў.

— Часам можна пачуць з вуснаў кіраўніка краіны, што ў нас з Расіяй адна родная мова. Ці можа існаваць незалежная Рэспубліка Беларусь без беларускай мовы?

— Пра гэта не можа быць і гаворкі! Якая ж гэта дзяржава без сваёй мовы? Толькі ў Беларусі можна аплёўваць мову з самых высокіх трыбунаў. Толькі ў Беларусі мову тытульнай нацыі паставілі ў такое ганебнае становішча. І сам кіраўнік краіны, калі выступае, з насмешачкай пра беларускую мову гаворыць. А гледзячы на яго, і падначаленыя так сябе паводзяць.

У Гродзенскім універсітэце ў пачатку 90-х на беларускае аддзяленне набіралі 125 чалавек, летась — 18, а сёлета — 12.
Завочнае аддзяленне зусім скарацілі — няма куды размяркоўваць выпускнікоў, бо школы закрываюцца, месцаў вакантных няма. Цяжка ўявіць, што далей будзе. Здаецца, горш ужо не можа быць.

— Як вы лічыце, ці зменіцца што да лепшага ў Беларусі пры гэтай уладзе?

— Пры гэтай уладзе нічога да лепшага не зменіцца, бо ўлада гэтая вядзе мову на далейшае вынішчэнне. І ўсе чыноўнікі прыкрываюцца: у нас жа дзве дзяржаўныя мовы! Толькі скажы што — у нас жа дзве мовы!

У нашым універсітэце ўжо нічога беларускага не засталося, апрача шыльды, якая вісіць на будынку. Раней, калі быў рэктарам Маскевіч, дакументацыя па-беларуску вялася, і навуковыя саветы праводзіліся на беларускай мове.
А цяпер — усё па-расійску, быццам жывем мы ў правінцыі Расіі, дзе-небудзь у Смаленску. Не было горшых часоў. Горай было хіба толькі за царызмам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?