Епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Веніямін заявіў, што з’яўляецца праціўнікам прымянення смяротнага пакарання.

«Я — прыхільнік таго, каб смяротнага пакарання не было», — сказаў уладыка Веніямін на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Мінску, прысвечанай 400-годдзю з дня смерці святой праведнай Сафіі Слуцкай [помнік ёй будзе адкрыты 31 сакавіка ў Курасоўшчыне ля храма ў яе імя].

Адказваючы на пытанне, ці звярталася да яго маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага за тэракт у мінскім метро, з просьбай хадайнічаць аб памілаванні яе сына, уладыка Веніямін сказаў,

што «маці Кавалёва да мяне не звярталася»,
цытуе яго словы Інтэрфакс

Са свайго боку прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы пратаіерэй Сяргей Лепін заявіў, што «Беларуская праваслаўная царква зрабіла сваю заяву па пытанні прымянення смяротнага пакарання, і ў нас няма падстаў меркаваць пакуль, што яно засталося не пачутым».

«Царква вітае тэндэнцыі ў грамадстве, накіраваныя на адмену смяротнага пакарання», — падкрэсліў С. Лепін.

***

Епіскап Веніамін (Віталь Тупека) нарадзіўся ў 1968 ў Лунінцы Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў БДУ на факультэце радыёфізікі і электронікі, атрымаў дыплом па спецыяльнасці «інжынер-радыёфізік». Служыў у войску.

У жніўні 1992 г. паступіў на першы курс Мінскай духоўнай семінарыі. У 1999 г. скончыў ужо навучанне ў Духоўнай акадэміі з вучонай ступенню «кандыдат багаслоўя». Высвячаны ў епіскапы ў сакавіку 2010 года. Рашэннем Сінода Беларускага экзархата ад 4 чэрвеня 2010 г. прызначаны старшынёй Выдавецкай рады БПЦ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?