Шмат хто з нашых людзей нічога не ведае пра Адама Бабарэку. У гэтым праяўляецца сіла і эфектыўнасьць афіцыйнай палітыкі памяці. Пасля фізічнага знішчэння наступаў чарод памяці пра чалавека — яго імя і творы таксама належала раз і назаўсёды выкрасліць з гісторыі.

Адам Бабарэка.

Адам Бабарэка.

Адама Бабарэку забівалі двойчы. Першы раз, арыштаваўшы 25 ліпеня 1930 па сфабрыкаванай спецслужбамі справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Колішні выкладчык кафедры беларускай літататуры БДУ, бацька-заснавальнік літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», шматгадовы публіцыст тагачаснай «Савецкай Беларусі» (тады беларускамоўнай), бліскучы інтэлектуал быў на год без дай прычыны кінуты ў турму. Далей была доўгая ссылка, разлука з сям’ёй, работа рахункаводам-бухгалтарам.

Сістэма зрабіліа ўсё, каб забіць у Бабарэку творцу. Але ён працягваў жыць, г.зн. пісаць — у школьных сшытках, бухгалтарскіх ведамасцях, на кавалках кардону. 24 ліпеня 1937 Бабарэку арыштавалі ў ссылцы ізноў — каб гэтым разам знішчыць назаўсёды.

У гэтым выпадку сістэма дапусціла збой.

Падчас ператрусу, які пачаўся ўслед за арыштам, Адамава жонка Ганна кінула ёй выклік — схавала ў ложку, на якім нібыта спала дачка, увесь мужаў архіў. Чэкісты не кранулі дзіцё — і тым самым даробак геніяльнага творцы быў выратаваны.

У гісторыі беларускай культуры першай палове XX ст. ёсць толькі два творцы, чые архівы былі выратаваныя ад хцівых лап НКВД — гэта Адам Бабарэка і Максім Гарэцкі.

Ганна Бабарэка да сваёй смерці так і не перадала мужаў архіў у дзяржаўныя ўстановы. Выбітны даследчык Уладзімір Конан у 1970-ыя напісаў кнігу Бабарэкавай творчасці, так і не атрымаўшы да яго доступу.

Толькі з дзясятак гадоў назад Бабарэкава дачка Алеся перадала архіў у БДАМЛІМ.

Хто такі Адам Бабарэка?

Гісторык беларускага руху, крытык беларускай літаратуры, філосаф, публіцыст, пісьменнік. Адам Бабарэка — адзін з бацькоў-заснавальнікаў беларускага акадэмічнага літаратуразнаўства, беларускай гуманітарнай навукі наагул.

З чаго складаецца Збор твораў Адама Бабарэкі?

З рукапісных дакументаў, якія ніколі раней не былі апублікаваныя (больш за тысячу старонак), а таксама з публікацый 1920 ў малатыражнай прэсе БССР. Па ацэнках укладальнікаў, публікацыя на 95-97% ахоплівае Бабарэкаў увесь творчы даробак.

Пра што Збор твораў Адама Бабарэкі?

Першы том Збору твораў Адама Бабарэкі —

усёабсяжная энцыклапедыя беларускай літаратуры канца XIX — першай траціны XX стагоддзя.
Ён змяшчае артыкулы:

«Лірыка Міхася Чарота», «Контуры творчага шляху А. Гурло», «Творчасць Ул. Дубоўкі як форма нацыянальнай свядомасці пралетарскага характару», «Коласаўская праўда жыцця», «Максім Багдановіч у літаратурных ацэнках», «Паэма «Сымон Музыка» Якуба Коласа», «З. Бядуля. «Танзілія»: Неапублікаваныя варыянты і нататкі», «Т. Кляшторны. Светацені», «Пра Бядулеву аповесць «Салавей», «Пра Коласаву «Новую зямлю», ««Зямля» Кузьмы Чорнага», «Л. Калюга. «Нядоля Заблоцкіх», «На смерць Узвышша», «Слова і мастацтва: Заўвагі аб фармальнай школе і паэзіі Я. Пушчы», «Матэрыялы да гісторыі літаратурных нораваў у Беларусі», а таксама дзясяткі іншых.

Другі том складаецца з практыкаванняў у прозе («Змітрава вяселле», «Максім Трапкач»,»Як красназорцы зямлі сцураліся». «У патайкох: З жыцця за белапольскай акупацыяй»), з філасофіі і эсэістыкі
(«Крытычныя разважанні пра кнігу Артура Шапенгаўэра «Свет як воля і прадстаўленне», «Свет як мысль: Існасць гегелеўскай філасофіі», «Аб дамінантах светагляду і праблеме абсолютнай ісціны», «Да спосабаў мыслі», «Аб «добрай волі» і «канечнасці» ў аб’ектыўным сьвеце», «Сэнс выгнаньня", «Бенедыкт Спіноза. «Этыка»: Агульнае ўражанне. Заўвагі па асобных тэзісах», «Заўвагі да дакладу І. Сталіна аб «процілеглых пачатках»), з публіцыстыкі і карэспандэнцыі, паэзіі, запісных кніжак, дзённікаў, 146 лістоў (да блізкіх, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Антона Адамовіча і інш.), 39 дакументаў і матэрыялаў да яго біяграфіі.

Трэба асабліва падкрэсліць, што

ў томе ўпершыню ў гісторыі друкуецца пратакол допыту А. Бабарэкі па справе «Саюзу вызвалення Беларусі».

Апошнія Бабарэкавы лісты да жонкі і дзяцей са страшнай сілай выкрываюць саму сістэму. Яны апісваюць яго павольнае паміранне ў лазарэце канцлагера пасля таго, як гэтага

хворага на парок сэрца чалавека кінулі рыць лапатаю зямлю. 20 верасня 1938 Бабарэка напіша жонцы і дзецям: «Весь я отёк и опух, ходить не могу, задыхаюсь».
1 кастрычніка 1938 Бабарэка даслаў апошні ліст сям’і: «Были моменты, когда думалось, что не перенесу этой болезни».

Каму адрасаваны Збор твораў Адама Бабарэкі

Школьнікам, студэнтам, выкладчыкам, прафесійным даследчыкам, бацькам, якія гадуюць дзяцей у беларускім духу, а таксама ўсім тым, хто хоча атрымаць глыбокую і займальную чытанку на беларускую мове.

Чаму важны Збор твораў Адама Бабарэкі ?

Публікацыя прэзентуе не толькі тэксты геніяльна абдоранага навукоўца. Яна паказвае, як аб гэтага чалавека абламала зубы савецкая сістэма — нягледзячы на арышты, ссылкі і мучаніцкую смерць Адам Бабарэка нікога не абгаварыў, памёршы крыштальна сумленным чалавекам.

ЦІ ўваскрэсне Адам Бабэрка, залежыць ад нас з вамі. Адзіны шанец на яго жыццё пасля смерці — не даць памерці яго ідэям, зрабіць вечна актуальнымі для Беларусі.

Як выглядае Збор твораў Адама Бабарэкі

Амаль дзве тысячы старонак тэксту вялікага фармату A4 у двух тамах, амерыканскія паліграфія, цвёрды пераплёт, арыгінальны правапіс, грунтоўны навуковы апарат. Збор твораў Адама Бабарэкі быў прызнаны найлепшай кнігай на беларускай мове за 2011 год у традыцыйным штогоднім кніжным рэйтынгу «Нашай нівы». 22 эсперты радыё "Свабода» паставілі гэтае выданне на 3 пазіцыю сярод найлепшых беларускіх кніг 2011 года ў сваім апытанні. Цікава, што нават дзяржаўны часопіс «Маладосць» прызнаў гэтую кнігу найлепшым выданнем 2011 годаў катэгорыі «Нонфікшн».

Пра Збор твораў Адама Бабарэкі двойчы прыхільна пісала афіцыйная «Советсткая Белоруссія — Беларусь сегодня», прызнаючы яго каштоўнасць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?