Сяргей Калякін, Аляксандр Атрошчанкаў і Анатоль Лябедзька пакараныя штрафам у 10 базавых велічынь. Пра гэта паведамляецца на сайце Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Палітыкаў вызвалілі ў залі суда.

Нагадаем, што лідара партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку і былога палітвязня, каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава уначы на 28 сакавіка ў Оршы знялі з цягніка Мінск — Масква.

Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў накіроўваліся ў Маскву, адкуль планавалі вылецець у Брусэль для ўдзелу ў сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі. Аляксандр Атрошчанкаў, акрамя таго, быў запрошаны на запіс інтэрв’ю для «Рускай службы навін» у Маскве.

Іх судзілі ў напаўзакрытым рэжыме. У залу гарадскога суда ў Оршы пусцілі толькі жонку Калякіна і бацьку Атрошчанкава.

Глядзі яшчэ: Лябедзька: «Гэта спецапэрацыя, якая загадзя рыхтавалася»

* * *

16:04

Пасля перапынку аднаўляецца пасяджэнне. У залу запусцілі толькі 7 чалавек, якія былі да перапынку. Зала запоўнена супрацоўнікамі міліцыі. Пусцілі Таццяну Калякіну.

Людзі, якія былі ўнутры, распавялі, што Аляксандр Атрошчанкаў запатрабаваў адваката. Яму прапанавалі выбраць каго-небудзь з трох дзяржаўных. Атрошчанкаў заявіў, што хоча запрасіць свайго адваката. Тады суддзя яму сказала, што ўвогуле застанецца без адваката.

15.20

Абвешчаны перапынак на 20 хвілінаў. Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў заявілі хадайніцтва, што ім трэба азнаёміцца з матэрыяламі справы. Стала вядома, што пратаколы складзеныя па артыкуле 17.1 Адміністратыўнага кодэксу («Дробнае хуліганства»)

14.55

Пачалі прапускаць у залу суда — без фотаапаратаў, камп’ютараў, тэлефонаў. Туды прайшоў бацька Атрошчанкава Сяргей. Усяго прапусцілі 8 чалавек, і сказалі, што месцаў больш няма.

12.20

Сяргей Атрошчанкаў напісаў скаргу ў судовую кнігу скаргаў. Чаму суд зрабілі закрытым, чаму яго падманвалі пра месца і час суду, чаму яго, бацьку абвінавачанага, не пускаюць у судовую залу.

12.15

Бацьку Атрошчанкава Сяргея не прапусцілі ў залу. Заявілі, што калі суддзя пажадае, яна яго выкліча. Валер Шчукін сваім целам заблакаваў дзверы на трэці паверх. Ён лёг на падлогу ў дзьярах, каб іх не зачынілі.

На трэці паверх не пускаюць нават супрацоўнікаў суда.

12.10

Судовае пасяджэнне вядзе суддзя Натальля Байцова. Супрацоўнікі гарадзкога аддзела міліцыі кажуць, што выконваюць рашэнне суда нікога не пускаць у залу. Праваабаронца Валерый Шчукін спрабуе прарвацца праз міліцэйскае ачапленне, яму пагражаюць затрыманнем. Нікому не вядома, што адбываецца на трэцім паверсе, ці ідзе ўжо там працэс.

11.55

Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава хутчэй за ўсе прывезлі ў гарадскі суд.

10.50

Каля ганка аршанскага гарадскога суда зноў сабраліся некалькі актывістаў, якія чакаюць, калі ж у суд прывязуць Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава.

Бацьку Атрошчанкава Сяргею паведамілі, што, а 12-й адбудзецца выязны суд у лінейным аддзяленні міліцыі.

***

10:20

У аддзяленні міліцыі на транспарце бацьку Аляксандра Атрошчанкава зноў пацвердзілі, што суд павінен адбыцца сёння, 29 сакавіка. Але ніхто не кажа пра дакладны час судовага пасяджэння.

Каля ганку аршанскага гарадскога суда зноў сабраліся некалькі актывістаў, якія чакаюць, калі ж у суд прывязуць Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава.

Лідара партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку і былога палітвязня, каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава уначы на 28 сакавіка ў Оршы знялі з цягніка Мінск — Масква.
Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў накіроўваліся ў Маскву, адкуль планавалі вылецець у Брусэль для ўдзелу ў сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі. Аляксандр Атрошчанкаў, акрамя таго, быў запрошаны на запіс інтэрв’ю для «Рускай службы навін» у Маскве.

* * *

29 сакавіка 2012 г. камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфан Фюле павінен афіцыйна абвясціць пачатак дыялогу па рэформах і мадэрнізацыі Беларусі,
па развіцці адносінаў з Еўрасаюзам. У гэтым дыялогу плануецца ўдзел грамадзянскай супольнасці і беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

З Беларусі не змаглі апошнім часам выехаць: палітыкі — Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Валерый Ухналёў, Леў Марголін; праваабаронцы — Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, Алег Воўчак; журналісты — Жанна Літвіна, Міхаіл Янчук, Андрэй Дынько.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?