12.03.2007 / 21:43

Распрацаваны тэкст Малой Канстытуцыі, якая істотна абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзыдэнта 5

Новы дакумэнт улічвае досьвед усходнеэўрапэйскіх краінаў, зазначаюць ягоныя стваральнікі.

Малая Канстытуцыя, праект якой плянуецца прадставіць падчас будучага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, амаль распрацаваная. Найважнейшыя палажэньні дакумэнта, напрыклад, тыя што датычаць функцыянаваньня і ўзамадзеяньня галінаў уладаў, будуць абмеркаваныя ў найбліжэйшы час. Для гэтага распрацоўшчыкі праекту маюць зладзіць шэраг круглых сталоў.

Паводле распрацоўшчыкаў, мяркуецца, што Малая Канстытуцыя будзе тым дакумэнтам, які «будзе дзейнічаць у часе пераходнага пэрыяду ад дыктатуры да цывілізаванага грамадзкага ладу». Над дакумэнтам працавалі былыя судзьдзі Канстытуцыйнага суду і вядомыя праўнікі. Адзін з удзельнікаў праекту праўнік Сяргей Альфер распавядае, што пры стварэньні дакумэнту быў улічаны вопыт краінаў Усходняй Эўропы, што зазналі пераходны пэрыяд ад савецкага да капіталістычнага ладу. «Мы зараз існуем пры фактычна адрэстаўраваным савецкім ладзе з пэўным узроўнем капіталізму, і таму той вопыт нам будзе вельмі неабходны» – зазначае праўнік. Паводле ягоных словаў, тэкст Малой Канстытуцыі быў ухвалены падчас сустрэчы беларускіх апазыцыйных палітыкаў зь літоўскімі палітыкамі ў Вільні.

Дакумэнт прадугледжвае пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту і прэм’ер‑міністра, адначасова істотна скарачаючы паўнамоцтвы прэзыдэнта. Малая Канстытуцыя надае таксама вялікую ўвагу мясцоваму самакіраваньню.

Сяргей Альфер галоўным вынікам супрацы над праектам называе кампраміснасьць выніковага дакумэнту. Амбіцыі ўсіх удзельнікаў стварэньня дакумэнту былі задаволеныя ў роўнай ступені, кажа, ён. У хуткім часе тэкст Малой Канстытуцыі трапіць на старонкі незалежнай прэсы. Распрацоўшчыкі дакумэнту разьлічваюць на шырокае яго абмеркаваньне ў беларускім грамадзтве. Удзел у правядзеньні круглых сталоў будзе адкрытым для ўсіх зацікаўленых бакоў. Пытаньне пра запрашэньне да абмеркаваньня афіцыйных асобаў ня ставілася.

Сямён Печанко

0
pan Brudas / Адказаць
12.03.2007 / 22:05
Пачалася праца на будучыню - як аддаленую - залежыць ад усіх нас...
0
нефанат / Адказаць
13.03.2007 / 01:34
Эх. народзе! Адну Канстытуцыю, мы ўжо напісалі пад пэўную асобу...што атрымалі?
0
Ігар / Адказаць
13.03.2007 / 09:54
"Паводле ягоных словаў, тэкст Малой Канстытуцыі быў ухвалены падчас сустрэчы беларускіх апазыцыйных палітыкаў зь літоўскімі палітыкамі ў Вільні." Гэта што, мы ўжо пачынаем з замежнымі палітыкамі ўзгадняць праекты ўладкаваньня свайго ўнутранага жыцьця? Ці гэта між сабой узгаднілі ў прысутнасьці арбітраў :-)?
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру