Патрыярх Кірыл прызнаў, што валодае кватэрай у Доме на набярэжнай у Маскве. Гэта здарылася ў эфіры «Вестак FM». З патрыярхам гутарыў тэлевядучы Уладзімір Салаўёў.

У Расіі набраў сілу скандал, звязаны з судовым пазовам на 20 млн рублёў, які прапісаная ў кватэры патрыярха жанчына прад’явіла ўладальніку жылля на суседнім паверсе — былому міністру аховы здароўя, хірургу-кардыёлагу, а цяпер святару Юрыю Шаўчэнку. На думку жанчыны, пыл, які падняўся ў выніку рамонту ў кватэры Шаўчэнкі, нанёс шматмільённую шкоду бібліятэцы патрыярха.

Гэтая гісторыя выклікала вялікі рэзананс. Ставіліся пытанні, ці не парушае наяўнасць кватэры коштам 1,5 мільёна даляраў і прапіска ў ёй жанчыны тых манаскіх зарокаў, якія патрыярх даваў. Прадстаўнікі патрыярхіі раней называлі сітуацыю вакол кватэры прыватным жыццём патрыярха, а скандал — вынікам «чорных» піяр-тэхналогій.

Па выніках гутаркі з патрыярхам Салаўёў паведаміў, што ў кватэры, якая апынулася ў эпіцэнтры скандалу, пражываюць 2 траюрадныя сястры Кірыла. Па словах журналіста, ён задаў патрыярху Кірылу пытанне, «чаму нельга было дараваць» суседзям. Як адзначыў Салаўёў, патрыярх растлумачыў, што «такі варыянт заўсёды быў, але гэта таксама было б некарэктна», цытуе праграму агенцтва Інтэрфакс.

«Ды і я па максімуме пастараўся — напрыклад, замест двайной ачысткі пагадзіўся на адзінарную, што зэканоміла істотную суму грошай», — працытаваў тэлевядучы патрыярха.

«Для патрыярха гэтая гісторыя вельмі балючая. Асабліва раніць душу патрыярха, што чамусьці спрабуюць непаважліва, з нейкімі дзіўнымі намёкамі гаварыць пра ягоных траюрадных сясцёр», — заявіў Салаўёў.

Сярод іншага, патрыярх заявіў, што гадзіннік у яго на руцэ, зняты ўкраінскімі фатографамі, быў фотамантажом. Што ён сапраўды валодае такім гадзіннікам, яму яго падарылі, але ён яго ніколі не надзяваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?