Магілёўская каманда Akute — пераможцы «Басовішча», аўтары альбома, які музычныя крытыкі палічылі адным з найлепшых за 2011 год. Іх музыка ўсё часцей гучыць у розных залах і клюбах. Прыкладам гэтага быў нядаўні сумесны з «Yellow Brick Road» и «Петлей пристрастия» канцэрт у менскім клюбе «Re:public» — у той дзень, калі там мусіла выступіць «Крамбамбуля». Як так выйшла? І чым жывуць музыкі сёння?

Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі ўдзельнікі Akute Станіслаў Мытнік і Раман Жыгараў:

— Як з’явіўся «Akute»?

Раман Жыгараў: Можна лічыць, што мы проста працягнулі граць пасля распаду папярэдняга праекту. Праўда, з невялікім перапыначкам на «дэпрэс». Ад самага пачатку мелася граць нешта кшталту сінці-поп музыкі: New order ці Pet shop boys. Канешне, з часам нешта змянілася. Гэта звычайная эвалюцыя.

— Чаму менавіта «Akute» ? З нямецкага гэта: «востры, актуальны». Мо нямецкая — вашая любімая мова? Як правільна ставіць націск?

РЖ: Мы гаворым «акУтэ». І чаму б не востры? :) Наша любімая мова — беларуская.

— Пасля поспеху вашага альбома «Дзевачкі і космас» прадказальнае пытанне пра наступны альбом. Калі запланаваны яго выхад?

РЖ: Ужо гэтай вясной плануем выдаць другую плытку.

Ад лірычнага космасу ў ёй застаўся хіба што беспаветраны дэд спэйс…

— Кожны чалавек ганарыцца тым, што зрабіў. Якая вашая любімая ўласная песня?

Станіслаў Мытнік: Я ганаруся кожнай нашай песняй. Мы не робiм песень для колькасцi.

Вы ўжо маеце добры вопыт выступаў на Беларусі і суседніх краінах. У якім горадзе вашыя кампазіцыі ўспрымаюць лепш за ўсё?

РЖ: Нам падабаецца выступаць упершыню, у новым горадзе, дзе мы дагэтуль яшчэ не былі. А калі цябе яшчэ і не чулі там, то вось гэта сапраўднае выпрабаванне якасці, сумленнасці і адданасці свайму слухачу. Для нас абсалютна ўсе гарады важныя і любімыя. Асабліва беларускія.

— А наогул, што такое «ідэальны канцэрт» у вашым уяўленні?

СМ:

Калi у мяне адбудзецца iдэальны канцэрт — я павешу гiтару на цвiк. Больш не будзе чаго хацець. :)

— Дарэчы, як вы пішаце песні? Што вас натхняе?

РЖ: Песні пішуцца самі, натуральна, натхненне проста так выклікаць немагчыма. Гэта можа быць што заўгодна — размова, позірк, надвор’е. Ну, а па музыцы — гэта толькі імправізацыя.

— Сёння мы маем шмат прыкладаў, калі таленавітыя выканаўцы з Беларусі з’язджаюць у Маскву, Кіеў і там працягваюць творчыя пошукі. Ці былі ўжо думкі пра тое, каб запісваць расейскамоўная песні і захопліваць аматараў у Расіі і іншых краінах?

СМ: Галоўнае рабiць добра, i мова тут не пры чым.

Вакарчук спявае па-украінску, i яго слухаюць… яго разумеюць. А пець па-расейску спецыяльна — гэта падобна на каньюнктуршчыну.

Як вы ставіцеся да існавання «спісу забароненых музыкаў», сярод якіх ёсць «Ляпісы»," Крамбамбуля»? Ці гэта ўдар па гурту, або гэта надае яшчэ больш PR-у і абуджае народную цікавасць?

СМ: I тое, i iншае.

Усе забароны выклiкаюць толькi адваротны эффект i павялiчваюць зацiкаўленасць
адначасова. Але пра гэта яны не думаюць.

А чаму вы пагадзіліся выступаць замест Вольскага ў «Re:public»?

РЖ: Гэта толькі збег абставінаў, які кожны трактуе ў свой бок.

СМ:

Дамова з нагоды канцэту ў лютым была яшчэ ў снежнi. Спачатку мы згадзiлiся граць 10 лютага, потым высветлiлася, што канцэрт перанесены арганiзатарамi на 11 лютага, а ўжо потым мы даведалiся, што ў гэты дзень павiнны быў адбыцца канцэрт Вольскага.

— Як вы ставіцеся да іншых беларускіх калектываў? Напрыклад, «Разбітае сэрца пацана» казалі, што вы «малайцы» і г.д. У часопісах пісалі, што вы «перапелі N.R.M.». Хто зараз найлепшы, і дзе знаходзіцеся вы?

СМ: РСП — малайцы, i ў першую чаргу не таму, што мы з iмi добра сябруем, а таму, што працуюць i робяць песнi, якiя я потым хаджу i пяю. :) Тое ж самае тычыцца i гурта «Петля Пристрастия». Менавiта музыка была прычынай нашага знаёмства. Казаць «хто найлепшы» — вельмi субъектыўна. Усе гэтыя спаборнiцтвы для мяне дзiкасць. I нiхто з нас не ставiў перад сабой мэты перайграць «Паўлава i-Ка».

— Што вас адрознівае ад шэрагу іншых гуртоў? Стайл а-ля Эндзі Уорхал?

СМ: Стаўленне да музыкі — мы гэтым жывем.

— Зараз ідзе шмат размоў пра адбор на «Еўрабачынне». Плануеце самі ўзяць удзел калісьці?

РЖ: Увогуле не бачу сэнсу ўдзельнічаць у падобным. Пакуль нічога адтуль у маім плэй-лісце не з’явілася.

— Які б Вы напісалі слоган для «Нашай Нівы» сёння?

«Наша Ніва» — яшчэ жыва.

* * *

Як паведаміў музычны партал «Тузін Гітоў», свой новы альбом «Не існуе» гурт плануе спачатку выкласці ў сеціва. Сам дыск з’явіцца пазней, яго выдадуць супольна лэйбл «БМА-груп» і кампанія «Вігма». Гэта другі поўнафарматны альбом калектыву. На ім будзе 10 песень.

Akute рыхтуецца да канцэртных прэзэнтацый альбома. Першая пройдзе ў родным для музыкаў Магілёве 8 красавіка ў клубе Cuba (Першамайская, 29). Пачатак, а 17-й. 21 красавіка Akute зайграе ў Мінску, у клубе Re:public (Прытыцкага, 62). Пачатак, а 19-й. Акром таго, гурт 1 і 2 чэрвеня выступіць у Кіеве.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?