Анатоль Лябедзька на безальтэрнатыўнай аснове пераабраны старшынёй. Алег Корбан зняў сваю кандыдатуру, што знайшло разуменне ў зале.

Партыя будзе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах, але на апошнім этапе кандыдаты ад АГП здымуцца з выбараў. Кампанія атрымае назву «За чэсныя выбары». Кандыдаты ад АГП будуць пераконваць грамадзян, што «Лукашэнка — гэта тупік», а выхадам могуць стаць свабодныя выбары без Лукашэнкі. Намеснікамі абраныя Леў Марголін, Васіль Палякоў, Людміла Пеціна, Антаніна Кавалёва.

У фае палаца звыкла прадаецца мёд. Трэба было прайсці праз яткі са шчучынскім і башкірскім мёдам, каб трапіць у залу. Над сцэнай вісеў сцяг АГП. Два гады таму быў вялізны плакат з фатаздымкамі 33 сяброў партыі. Сёлета больш сцісла.

З’езд вядуць народная артыстка Зінаіда Бандарэнка і намеснік Лябедзькі Леў Марголін. Размаўляюць па-беларуску. На пачатку працы ў партыі былі прынятыя маці палітвязня Аліневіча Валянціна, а таксама палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.

Вітальныя словы казалі Ірына Вештард (БСДП), Дзяніс Садоўскі (БХД), Аляксей Янукевіч (БНФ).

Сяргей Калякін з «Справядлівага света» сказаў: «І хоць мы розныя, але цесныя партнёры. У нас розныя погляды на эканоміку, сацыяльную сферу. Тым не менш, толькі ад агульнай працы залежыць, ці пабудуем мы асновы дэмакратычнага грамадства».

Пакуль госці выступалі Анатоль Лябедзька паспяваў посціць допісы ў Фэйсбук пра навіны з’езда.

Калі слова далі Лябедзьку, то спачатку ён падышоў да мікрафона, але адразу ж пачаў рабіць крокі наперад, бліжэй да залы. На ягоным пінжаку ўжо быў замацаваны маленечкі мікрафон, што дазволіла выступаць, ходзячы па сцэне. А не за трыбунай, што надавала пэўнай жывасці. Выступаў метафарычна, іранічна, па-беларуску.
Старшыня адзначыў, што гэтыя два гады прапушчаныя праз сэрца. Ён падзяліў гэты час на тры адрэзкі. 1. Да выбараў. 2. Ад 19 снежня 2010 да красавіка 2011. 3. Ад красавіка па сённяшні момант.

«Прэзідэнцкая кампанія да 19 снежня была пазітыўнай. Потым было велізарнае выпрабаванне», — сказаў Лябедзька. Ён мог лёгка прапусціць гэты з’езд, калі б замест штрафа ў чацвер атрымаў суткі ў Оршы. «З мяне яшчэ не выйшаў пах аршанскага ІЧУ», — пажартаваў палітык.

Як праблемай адзначалася тое, што партыя так і не набыла  «жаночых твараў», большасць партыйцаў па-ранейшаму мужчыны. Яшчэ адным момантам са знакам мінус называлася тое, што ў партыі «не з’яўляецца новых Чыгіроў, Дабравольскіх».

Лябедзька далікатна абыходзіў тэму Яраслава Раманчука, але пасля выкрыку з залы «Раманчук — гэта вялізная памылка», павінен быў зрэагаваць. «Маці нараджаюць сыноў не для таго, каб з іх рабілі цвікі. Адзінкі вытрымалі ўсё, што з імі рабілася ў „амерыканцы“. Не напісалі прашэнняў, не агаварылі паплечнікаў. Тут у зале знаходзіцца маці Ігара Аліневіча. Гэты хлопец са стрыжнем, ён усё вытрымае, але ўпэўнены, што яго мама нараджала не для гэтага».
Напрыканцы выступа расказаў байку пра мужчын, якія часалі камяні. «Што ты робіш, запыталіся ў першага? Я апрацоўваю камень, мучуся, так усё надакучыла. Тое самае спыталіся ў другога чалавека, што робіш ты? Я будую ўніверсітэт для сваіх дзяцей. Гэтак і мы павінны ведаць, што робім і для чаго».

У перапынках з'езда грала «Пагоня» ў выкананні Мулявіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?