31.03.2012 / 15:44

Палітычныя анекдоты самых несвабодных краін 6

Ад Эрытрэі да Кубы праз Беларусь.

Палітычныя анекдоты з краін, якія займаюць апошнія месцы ў штогадовым рэйтынгу свабоды слова арганізацыі «Рэпарцёры без межаў».

179-е месца. Эрытрэя

* * *

Пытанне: Што ёсць станоўчае ў Эрытрэі?

Адказ: Вынік аналізу на ВІЧ.

178-е месца. Паўночная Карэя

* * *

Мужчына злавіў рыбу і прынёс яе дадому.

— Давай спячэм, — кажа ён жонцы.

— Можна было б, толькі алею няма, — адказвае жонка.

— Можа, зварым?

— Апошні рондаль на кукурузу памянялі.

— Давай тады на вуглях засмажым.

— ды і дроў таксама няма.

Што зробіш — мужчына пайшоў да мора і адпусціў рыбу. Тая плюхаецца ў ваду і ўжо з вады крычыць: «Няхай жыве мудрая палітыка партыі і правадыра!»

177-е месца. Туркменістан

* * *

Генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Туркменатлары» Гулмамедава пытаецца журналіст «Туркменінформ»:

— Чаму прэзідэнту Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаву да гэтага часу не падбяруць асабістага каня?

— Ці бачыце, паважаны, вершнік павінен быць інтэлігентнейшым за свайго каня.

176-е месца. Сірыя

* * *

У Сірыі з гарадскога аўтобуса выпаў чалавек.

Арабскія навінавыя каналы: «Сірыйскія службы бяспекі выкінулі з аўтобуса 30 пасажыраў, 40 з якіх былі пасля забітыя, а 15 цяжка параненыя». Сірыйскі дзяржаўны канал: «Паўчалавека выпала з аўтобуса, чвэрць атрымала нязначныя пашкоджанні».

175-е месца. Іран

* * *

Сустрэліся чатыры лекары: француз, немец, расеец, іранец.

Французскі лекар кажа: «Медыцына ў нашай краіне настолькі дасканалая, што мы можам узяць нырку ў аднаго чалавека, перасадзіць яе іншаму, і праз шэсць тыдняў абодва ўжо могуць шукаць працу». Немец кажа: «Гэта нічога. У Нямеччыне мы можам так жа перасадзіць лёгкае, і праз чатыры тыдні абодва могуць шукаць працу «. Расеец кажа: «А мы можам узяць палову сэрца аднаго чалавека, перасадзіць іншаму, і праз два тыдні абодва могуць шукаць працу». Іранец кажа: «Сябры, вы ўсё далёка адсталі. Мы выявілі чалавека без мазгоў, пасадзілі яго ў прэзідэнцкім палацы і цяпер палова нашай краіны шукае працу».

174-е месца. Кітай

* * *

Фэйсбук назваў чатыры краіны, дзе доступ да сацыяльнай сеткі абмежаваны для грамадзян Сірыі, Ірана, Кітая і Паўночнай Карэі. У падручніках гісторыі гэтыя краіны называюцца старажытнымі цывілізацыямі.

* * *

Эксперты запэўніваюць, што ЗША ўварваліся ў Ірак з-за нафты. Згодна з гэтай жа тэорыяй, ЗША ўварваліся ў В’етнам з-за бананаў, у Карэю — з-за марынаванай гародніны, хацелі займець Кубу з-за цыгар, паслалі кансультантаў ў Афганістан з-за авечак, прэтэндуюць на Расею з-за гарэлкі, распачалі вайну з Германіяй з-за піва, а зуб на Кітай маюць таму, што хочуць ўступіць у Камуністычную партыю Кітая.

* * *

Пасля смерці Бог прапанаваў свінні адрадзіцца аратым, але свіння сказала, што гэта занадта цяжкая праца. Тады Бог прапанаваў свінні стаць садоўнікам, але свіння сказала, што ў яе будзе сыходзіць занадта шмат часу на кветкі. Тады Бог прапанаваў свінні стаць вартаўніком, але свіння сказала, што вартаўнікі мала спяць. Тут Бог раззлаваўся і кажа:

— Дык кім жа ты хочаш стаць?

— Я хачу быць членам Камуністычнай партыі Кітая.

— Ды як у цябе язык паварочваецца пра такое прасіць!

173 месца. Бахрэйн

* * *

Пытанне: як даведацца, што вы — бахрэйнец?

Адказ: вы будзеце арыштаваныя еменцам, вас будзе катаваць іракец і асудзіць егіпцянін.

172-е месца. В’етнам

* * *

Амерыканец, француз і в’етнамец вядуць дыскусію пра шчасце жыцця.

Амерыканец кажа:

— Для мяне шчасце — гэта вярнуцца дадому, з’есці выдатны вячэру, паглядзець на канапе футбол.

Француз:

— Вы, амерыканцы, такія нерамантычныя. Для мяне шчасце — гэта выдатны вечар з маёй палюбоўніцай, мы шпацыруем па горадзе, вячэраем у дарагім рэстаране, а потым усю ноч займаемся каханнем.

В’етнамец:

— Вы называеце усё гэта шчасцем? Я вам раскажу, што такое шчасце. Уявіце: ноч, вы моцна спіце і раптам чуеце гучны стук у дзверы: «Грамадзянін Нгуен Ван Бінь, адамкніце дзверы!» Абліваючыся халодным потам, вы спяшаецеся, адмыкаеце дзверы, а там стаяць два паліцэйскія, гатовыя надзець на вас кайданкі. Адзін з іх кажа: «Грамадзянін Нгуен Ван Бінь, вы арыштаваныя за антыўрадавую дзейнасць і будзеце адпраўленыя ў працоўны лагер на нявызначаны перыяд часу». І тут вы адказваеце: «Таварыш Нгуен Ван Бінь жыве па суседстве». Вось гэта сапраўды шчасце!

171-е месца. Емен

* * *

Кітайскі міністр сустракаецца з еменскім і кажа:

— Аддайце нам Емен усяго на год, і мы зробім з яго Кітай.

— Аддайце Кітай нам усяго на месяц, — адказвае еменец. — І мы зробім з яго Емен.

170-е месца. Судан

* * *

На апошніх выбарах у Судане была адзначаная вельмі нізкая яўка. Эксперты тлумачаць гэта бояззю гвалту, адсутнасцю адукацыі, а таксама адсутнасцю ў выбаршчыкаў канцавінаў, неабходных для таго, каб паставіць птушачку.

* * *

Міжнародны суд абвінаваціў суданскага прэзідэнта Амара аль-Башыра ў генацыдзе. У сваю чаргу той абвінаваціў суданскі народ у парушэнні галоўнага вулічнага правіла: не ябеднічаць.

169-е месца. М’янма

* * *

Жыхар М’янмы прыехаў у Індыю і пайшоў да стаматолага зубы лячыць. Стаматолаг пытаецца:

— Чаму ты ў сябе ў М’янме зубы не лечыш?

— А ў нас рот нельга раскрываць.

168-е месца. Беларусь

* * *

Яшчэ гадоў дзесяць эфектыўнага кіравання краінай — і ў Беларусі перапіс насельніцтва заменяць на пераклічку.

* * *

Недалёкая будучыня:

— Вось, унучак, ты грэчку на бутэрброд намазваеш, а я яшчэ вельмі добра памятаю, як мы яе лыжкамі елі.

167-е месца. Куба.

* * *

На Кубе абжорства не з’яўляецца смяротным грахом — гэта цуд.

* * *

Перад пасадкай у аэрапорце Гаваны пілот аб’яўляе: «Сардэчна запрашаем на Кубу! Калі ласка, перавядзіце вашыя гадзіннікі на 50 гадоў назад».

* * *

Амерыканец прыехаў на Кубу. Размаўляючы з кубінцам, распавядае яму, што калі ў ЗША набраць нумар 911, то выклік аўтаматычна будзе накіраваны ў бліжэйшы паліцэйскі ўчастак, дзе яго запішуць і вызначаць, адкуль ён паступіў. Кубінец адказвае:

— У гэтым няма нічога дзіўнага. Тут, на Кубе, вам нават не трэба набіраць 911.

0
sid / Адказаць
31.03.2012 / 17:04
Эрытрэя больш не свабодна за Паўночную Карэю? Што ж там адбываецца, у Эрытрэе?
0
alex79 / Адказаць
31.03.2012 / 19:04
Большасць сапрауды смешныя.
0
Неанекдот / Адказаць
31.03.2012 / 20:50
Беларусь 2011 год - Алло, милиция? Тут на улице хлопают, приезжайте скорее! А, нет, там просто выстрелы, извините, показалось...."
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру