Рада БНР — легітымны гарант захавання традыцый беларускай дзяржаўнасці.
Пра гэта гаворыцца ў заяве сойма Партыі БНФ, прынятай на пасяджэнні 31 сакавіка.
Сойм звяртае ўвагу на тое, што «само існаванне сённяшніх органаў БНР, якія з’яўляюцца спадкаемцамі заснаваных беларускім народам ў 1918 годзе структур Беларускай Народнай Рэспублікі, мае не толькі сімвалічнае значэнне».

«Зыходзячы з нормаў беларускага і міжнароднага права,

само існаванне Рады БНР з’яўляецца гарантыяй таго, што ўсе дамовы паміж цяперашнімі ўладамі і Крамлём, якія ставяць пад пагрозу нацыянальны суверэнітэт нашай дзяржавы, могуць быць перагледжаны не толькі ў гістарычнай перспектыве, але і ў юрыдычным сэнсе.
Таму пакуль існуе Рада БНР — існуе легітымная традыцыя беларускай дзяржаўнасці з гарантыямі яе захавання і аднаўлення», — гаворыцца ў заяве.
Партыя БНФ перасцерагае беларускіх палітыкаў «ад спакусы перагляду сучаснай сістэмы прадстаўніцтва беларускіх нацыянальных інтарэсаў за мяжой».
«Разбурэнне статусу БНР альбо падпарадкаванне сістэмы беларускага замежнага прадстаўніцтва кан’юнктурным інтарэсам бягучага палітычнага моманту можа пашкодзіць пераемнасці таго гістарычнага выбару беларускага народа, які быў засведчаны бацькамі-заснавальнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі», — адзначаецца ў дакуменце.

Партыя пацвярджае агульную пазіцыю беларускіх дэмакратычных сілаў: «сённяшнія сябры Рады БНР, не заангажаваныя ў паўсядзённае, у тым ліку ўнутрыапазіцыйнае, высвятленне адносін, адстойваюць менавіта агульнабеларускія інтарэсы, з’яўляюцца годнымі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці за межамі краіны». І заклікае структуры Еўрасаюза кансультавацца ў сваіх дзеяннях па беларускім пытанні з Радай БНР, спрыяць стварэнню пры органах ЕС яе пастаянна дзеючага прадстаўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?