Віты пярсьцёнак — забыты нацыянальны сымбаль. Артыкул з пошты Рэдакцыі.

Міталёгія — падмурак чалавечае культуры. Людзі ня здольныя жыць бязь мітаў, і чым вышэйшая прыступка разьвіцьця этнасу, тым болей показак ён стварае. Своеасаблiвыя носьбіты міталёгіі — сымбалі, і ў кожнага народу яны свае.

Старажытнаэлінскае слова symbolon азначала ўмоўны матэрыяльны апазнавальны знак для сябраў пэўнага грамадзкага ці таемнага задзіночаньня. Потым сымбалем пачалі называць рэч для вызначэньня якога‑небудзь вобразу, паняцьця ці ідэі.

Акрамя «вялікіх» дзяржаўных сымбаляў, ёсьць і «маленькія» неафіцыйныя, але ня менш значныя знакі, якія разумеюцца як «нашыя», «свае», у адрозьненьне ад «іншых», «ня нашых», што дапамагае людзям усьведамляць сябе суцэльнай нацыяй.

Сярод такіх «маленькіх» сымбаляў ёсьць і прыватныя, а таму вельмі істотныя: вось хаця б пярсьцёнак — адно з найстаражытнейшых і распаўсюджаных упрыгажэньняў для пальцаў рук, пашыранае ў шмат якіх краінах сьвету. Напрыклад, у Латвіі кожны ведае, што Nameja gredzens (пярсьцёнак Намэйса) — сымбаль латышоў, вядомы на іхняй тэрыторыі з ХІІІ ст.. Паданьне кажа, што зэмгальскі князь Намэйс быў апошні, хто мужна змагаўся супраць крыжакоў. Але вораг перамагаў, і князь быў вымушаны бегчы ў Літву да князя Трайдзеня па дапамогу. Перад выправай Намэйс пакінуў свой пярсьцёнак сыну. Крыжакі даведаліся пра гэта й пачалі шукаць хлапчука. Тады ўсе латыскія мужчыны зрабілі для сваіх сыноў такія самыя пярсьцёнкі, каб ворагі ня здолелі пазнаць князевага сына. З тых часоў пярсьцёнак Намэйса — нацыянальны сымбаль, яго носяць латыскія мужчыны, а завушніцы й бранзалеты з такім самым арнамэнтам — аздабленьні для латыскіх жанчын. Лічыцца дрэнным знакам купляць пярсьцёнак самому — звычайна бацька дорыць яго свайму сыну на даросласьць.

Іншая пагудка даводзіць, што палосы пярсьцёнка — гэта гістарычныя землі Латвіі, князі якіх заўжды канфліктавалі паміж сабой. Міжусобныя бойкі й духоўная разьяднанасьць нацыі спрыялi захопніцкім нападам крыжакоў. Маленькая стужка, што злучае тры вялікія палосы, — гэта Намэйс, які нарэшце зразумеў неабходнасьць супольных дзеяньняў супраць крыжакоў і прапанаваў аб’яднацца ў супрацьстаяньні ворагу.

Вось ужо сем стагодзьдзяў маленькі латвійскі Nameja gredzens зьяўляецца вялікім сымбалем волі й еднасьці латвійскае нацыі. І гэта не выпадкова. Круг (кола, кольца, дыск, вянок, пярсьцёнак) — сымбаль з найстаражытнейшай сэнсавай афарбоўкай. Як замкнёная акружнасьць ён сымбалізуе гармонію, суцэльнасьць і адзінства. Кола ня мае ні пачатку, ні канца, а таму — знак вечнасьці. Бясконцасьць, абгорнутая вакол пальца, — знак свабоды, годнасьці, улады й моцы, сымбаль прыналежнасьці да пэўнага кругу й асаблівага статусу. Кола пярсьцёнка — гэта ідэя зачыненасьці ад хаосу й утрыманьня ўсяго свайго пры сабе. Уладальнік пярсьцёнка — герой, пераможца, незалежны гаспадар уласнага ўнівэрсуму, а сам пярсьцёнак — знак самадастатковасьці.

Пярсьцёнак — гэта таксама й кудмень, абарончая чыннасьць якога перадусім зьвязаная з магічным асэнсаваньнем ягонае геамэтрычнае формы, што й абумоўлівае ягоную моц абярэга пры адмежаваньні ад нечага непажаданага й для зьнішчэньня ўсяго шкоднага й небясьпечнага: нячыстае сілы, хваробаў, чужынцаў і г.д. Пярсьцёнак — яшчэ й сымбаль Сонца, таму засьцерагае ад несвоечасовага выйсьця душы. Дарэчы, памерламу пярсьцёнак здымалі. З гэтым стасуецца й асаблівасьць пярсьцёнкаў, знойдзеных пры археалягічных раскопках, — большасьць зь іх разьяднаныя ці разагнутыя. А ў валатоўках ХІ—ХІІ ст. знаходзяць пярсьцёнкі, падвешаныя на поясе ў якасьці амулетаў. Нарэшце, пярсьцёнак — галоўны сымбаль шлюбу, неабходны атрыбут шмат якіх варожбаў і адзін з чароўных казачных талісманаў, а перакідваньне пярсьцёнка з рукі на руку ўспрымаецца як зьдзяйсьненьне ўсіх жаданьняў...

Ці патрэбны такі сымбаль нам? Натуральна! — бо чым мацнейшая ў нацыі міталёгія, чым болей у народу сымбаляў, тым лепш чалавек усьведамляе сябе часткаю адзінага этнасу. Некаторыя знакі, у тым ліку й этнавызначальныя, ёсьць i ў нас: Белавеская пушча, зубар, бусел, дуб, валошка, Сьвятая гара, Нарач‑возера, ды й нават тая ж бульба. І ўсё ж такі, ці ня думаў кожны з нас, што ў Новы год нам не хапае сваіх уласных «курантаў» на экране, што ў нашых гарадох мала знакавых архітэктурных і скульптурных помнікаў, а шматлікія «пячаткі» сёньняшняга электарату ня маюць аніякага пазытыўнага сэнсу?

Паводле археалягічных дадзеных, на нашых землях пярсьцёнкі й іншыя аздобы існавалі ўжо ў каменным веку. Спачатку яны вырабляліся з косьці й бурштыну, потым з каляровых і каштоўных мэталаў, а таксама шкла. Некаторыя пярсьцёнкі былі падобныя да бранзалетаў і прататыпу завушніц — скроневых кольцаў. Разнастайныя злотніцкія вырабы плямёнаў жалезнага веку (ІХ—VII ст. да н.э. — VIII ст.) сьведчаць пра высокі ўзровень тагачаснага мастацтва. Далейшае разьвіцьцё ювэлірнага мастацтва ў ІХ—ХІІІ ст. зьвязана з узьнікненьнем залатарных майстэрняў у Менску, Полацку, Наваградку, Гародні, Тураве, Віцебску, Пінску, Берасьці й іншых местах. Вырабы мясцовых ювэліраў, знойдзеныя ў культурных пластах таго часу, вызначаюцца незвычайнай вытанчанасьцю, дасканаласьцю выкананьня й філіграннасьцю апрацоўкі.

Найбольш пашыранымі на тутэйшых землях былі вітыя пярсьцёнкі. Яны (як і вітыя бранзалеты, шыйныя грыўні й скроневыя кольцы) карысталіся папулярнасьцю сярод усіх насельнікаў балтаславянскага паходжаньня, што жылі на сучаснай тэрыторыі нашай краіны. Самы знакаміты — віты пярсьцёнак ХІ ст. з Полацку.

Віты арнамэнт вядомы нашым продкам ужо з часоў днепра‑дзьвінскае культуры VIII ст. да н.э. — V ст. (мал. 15).

Напрыклад, комплекс археалягічных помнікаў каля в.Гарошкаў (Рэчыцкі р‑н) і знойдзеныя тут бранзалеты й пярсьцёнкі IV—I ст. да н.э. Надзвычай цікавай падаецца знаходка з курганнага могільніку каля в.Лудчыцы (Быхаўскі р‑н), што датуецца ХІ ст. Сярод пахавальнага інвэнтару была знойдзеная бронзавая літая выява чалавека), які трымае ў руцэ вялікую вітую спражку ці зашпільку — прыладу, якая замацоўвала пояс ці верхняе адзеньне, а таксама была ўпрыгожаньнем.

Мяркуюць, што вітыя сповіткі сымбалізуюць калосьсе, заможнасьць і багацьце. Сваю ролю ў іх пашыранасьці адыграла й само дзеяньне вырабу вітых рэчаў (пярсьцёнкі, вянкі): зьвіваньне, віцьцё, скручваньне, якое выступала адным з прыёмаў земляробчае магіі, бо быццам увасабляла ў сабе кругазварот: сеяньне — жніво — сеяньне (нараджэньне — жыцьцё — новае нараджэньне).

Што ж да назвы нашага пярсьцёнка й зьвязаных зь iм паданьняў — гэтае пытаньне патрабуе далейшых, больш грунтоўных дасьледаваньняў, якія, трэба спадзявацца, будуць плённымі.

На ілюстрацыі — Nameja gredzens
Wikipedia

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?