Выстава мастацкага шкла па выніках Першага міжнароднага сімпозіума гутавага (зробленага гарачым спосабам) шкла «Нёманская хваля» пачне працаваць 3 красавіка ў Мінску ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр-т Незалежнасці, 47).

Сімпозіум прайшоў на базе шклозавода «Нёман» (Бярозаўка), у якім прынялі ўдзел 23 мастакі па шклу з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Венгрыі і Беларусі, восенню 2010 года. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Музей сучаснага выяўленчага мастацтва сумесна з ГА «Беларускі саюз мастакоў» пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. «Сімпозіум стаў глытком свежага паветра для мастакоў, якія сабраліся, яны не проста імправізавалі і тварылі, яны выказвалі свае пачуцці, эмоцыі і прадстаўлялі мастацтва шкла розных школ», — адзначылі арганізатары.

Сярод майстроў, якія прыехалі на першы міжнародны сімпозіум, былі заслужаны мастак Расіі, правадзейны член Расійскай акадэміі мастацтваў, прафесар Барыс Фёдараў; заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Тарас Паражняк; загадчык кафедры дэкаратыўнага мастацтва Санкт-Пецярбургскаймастацка-прамысловай акадэміі імя А. Л. Штыгліца Ігар Томскі; мастак і выкладчык кафедры мастацтва шкла з Латвіі Ініта Эманэ; члены Беларускага саюза мастакоў Марына Князева, Таццяна Малышава, Вольга Сазыкіна, Алена Атрашкевіч, Ірына Кузняцова. Удзел у сімпозіуме прынялі таксама мастак завода «Гусь-Хрустальны» Уладзімір Касаткін, члены Саюза мастакоў Расіі Наталля Волікава і Наталля Эверт, літоўскія аўтары Валда Верыкайтэ і Юлія Пач’ютэ.

Такое мерапрыемства праводзілася ў Беларусі ўпершыню з мэтай развіцця творчых і прафесійных кантактаў паміж мастакамі па шклу. Вынікі творчасці майстроў былі прадстаўлены на падагульняючых выстаўках у Бярозаўцы і Лідзе і, нарэшце, з імі змогуць пазнаёміцца ў беларускай сталіцы.

Выстава прадоўжыць работу да 21 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?