З гэтага свету. Вершы пасля вершаў / Леанід Галубовіч. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 108 с.

З гэтага свету. Вершы пасля вершаў / Леанід Галубовіч. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 108 с.

Пасля таго, як у 2000-м выйшлі «апошнія вершы леаніда галубовіча», ён з паэзіяй «завязаў». Не ўсе, праўда, паверылі. Але міналі год за годам, а новых радкоў Галубовіча так і не было. І нават скептыкі здаліся.

Галубовіч скіраваў сваю энергію ў іншы бок — у крытыку. Тыднёвік «Літаратура і мастацтва» друкаваў «Кулуары», у якіх ён ЛеГалізаваў кнігі беларускіх аўтараў. Пакуль тую рубрыку не закрылі.

Затым і кніга выйшла яго крытычных эсэ -- «Сыс і Кулуары».

Паэт неаднаразова падкрэсліваў, што піць кінуў і вершы пісаць кінуў. Але калі першага зароку трымаецца шмат гадоў , то ад паэзіі адрачыся ўсё-такі не здолеў.

«З гэтага свету» — 23 кніга ў серыі «Кнігарня пісьменніка».

Леанід Галубовіч

Усе мае лепшыя вершы
са мною павінны памерці,
калі ж я сканаю першы,
то вы ім паверце
і без маёй прысутнасці,
проста на слова,
бо, калі браць па сутнасці,
я — іх палова.
Не тая, што водзіць пяром
і строфы складае,
а тая, што ў неба пралом
пагляды кідае
і ловіць маланкі клінок
натомленым духам,
зямны завяршыўшы віток
немачнай скрухай.
Калі ж пакарае Гасподзь —
і жыць буду доўга,
чытач, не саромся, прыходзь
за паэтычным доўгам.
Ці хоць бы зірнуць на таго,
хто зоркі вымольваў з неба
не толькі для аднаго
духоўнага хлеба,
хто ў цень ступаў Сатаны,
душы сваёй не прадаўшы,
таго, што Бог затаіў,
так і не разгадаўшы…

29 красавіка 2011

* * *

Леанід Галубовіч нарадзіўся ў вёсцы Вароніна ў Клецкім раёне. Скончыў ПТВ у Слуцку. Працяглы час працаваў электрыкам. У 1984 Галубовіч выдаў зборнік вершаў «Таемнасць агню», за які яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў на Беларускім тэлебачанні, у часопісе «Крыніца». Напісаў кнігі «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994), «Зацемкі з левай кішэні» (1998).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?