Можа і некарэктна прысвячаць эсэ жывым людзям, але жадаць чалавеку смерці з мэтай напісаць аб ім — яшчэ горш.

Пагаворвалі, што ў Валеркі Сядзельніка будаваўся дом пад Талінам. А яшчэ, што ён «кабель», правакатар і сябар Варшаўскай філіі БАЖу. З апошнім момантам, як карэнны гарадзенец, ён рашуча не пагаджаўся.

— Валера, ты колькі з ёй сустракаўся?

— Два гады.

— І што — усё?

— Ну, так, — разводзіць рукамі.

— І хто вінаваты?

— Ну, хто — адлегласць вінаватая, Лукашэнка... — зацягвае пад агульны рогат колішні змагар. Твар як заўжды каменны, вочы блішчаць, тон лірычны, пагаліцца, вядома, забыўся... Ёсць такая беларуская хвароба — «абагаўленне» асобы з абавязковым наступным «скіданнем куміраў». І Сядзельнік тут не стаў выключэннем. Багата хто грашыў гэтым — асабліва старыя імпатэнты ды акулярыкі, сапраўдныя рахманыя і талернатныя беларусы (значэнне слова «рахманы» заўжды было для мяне таямніцай).

Каго толькі з яго не спрабавалі ляпіць! Пісьменніка, гісторыка, медыйную зорку, нацыянальнага лідэра...
Кожны чарговы «дэміург» зазвычай прапаноўваў нешта сваё, тое, што ўжо меў сам, але з чым бы з задавальненнем развітаўся ў абмен на раскошу ўсмешлівай абыякавасці, якую некаторыя рамантыкі дагэтуль называюць «свабодай».

— Калі ты, Валера, п’яны калі-небудзь падохнеш пад плотам — я табе гэтага не прабачу!

— Эх, Андруша...

— Калі ты ўжо, нарэшце, за розум возьмешся?

— Ды я б з радасцю...

Гадоў з дзесяць таму ўсё было па-іншаму.

Жыццё ў нефармальнай сталіцы Заходняй Беларусі (а мо і не толькі Заходняй?) віравала: акцыі, мітынгі, рэзалюцыі, легендарнае шэсце з паходнямі па Савецкай у 1999-м,
якое нарадзіла легенду аб УНСО ў Горадні... Цяпер, нібыта, таксама засталіся рэзалюцыі, сіратлівыя пікеты, дні волі, нібыта, ніхто не адмяняў і з календара не выкрэсліваў — але што ўсё гэта ў параўнанні з тым, што было тады? Пара кветак, сумныя песні, сінія ад «карчоўкі» морды па заканчэнні афіцыйнай часткі «Дня герояў» у Свіслачы...

А 2001-ы? Незабыўны 2001-ы, які нібыта ўзяў ды з размаху ўдарыў тварам аб асфальт цэлае пакаленне. Я не ведаю, дакладней, не памятаю гэтага — мне хапае штодня бачыць зомбі са згаслымі вачыма, якія так і не змаглі адысці ад таго ўдару.

Іх сэнс жыцця застаўся недзе там, у верасні першага году, мажліва нават у тым самым моманце, калі ашалелыя ад напругі «краёўцы» ўварваліся ў пустую залу занятага ДК Прафсаюзаў, а там... невыразны смуглявы чалавек у акулярах, якога ведала ўжо уся Беларусь, не знайшоў нічога лепшага як пісаць «Адозву да беларускага народу»...

На гэтым усё, зразумела, не скончылася, былі зноўку спробы, высілкі, «жорсткія рэзалюцыі» ды панурыя белыя з чырвоным гваздзікі да помнікаў.

Нехта сышоў у «бытавуху», нехта з’ехаў з краіны, нехта ўжо хутчэй па інэрцыі працягваў «разбудоўваць беларушчыну»...

Неяк у верасні ўжо пасля вызвалення мы выпадкова сустрэліся з Валерам у Горадні на Савецкай, прыселі выпіць квасу ў адзін з агароджаных «загонаў», якія беларусы памылкова называюць летнімі кавярнямі.

-- Дык вы, значыцца, разам жыць плануеце... Думаеце надоўга?

-- А ты думаў.

-- Зразумела, але ты май на ўвазе: я вось зубы далячу, ды праз годзік на Аляску — крабавы промысел, ведаеш, прыгажосць неверагодная...

Паедзе, не сумняюся. Працаваў жа ў Арызоне перад тым як стаць журналістам як усе.

Што ў рэшце рэшт трымае гэтага чалавека? Каму ён і чым забавязаны? Радзіме? Так. Але не акулярыкам-кухонным нацыяналістам, вечным заўзятарам гістарычных падзеяў, якія ніколі не выйдуць на поле,
толькі не ім.

Яшчэ, канечне, Богу. Але Валера пра гэта пакуль не ведае. У дадзеным выпадку лепш «пакуль», чым «ужо». Калі не адкрылася пад ментоўскім ботам ці ў кабінеце гарадзенскага КДБ на Тэльмана (па іроніі лёсу за немцамі там было гестапа), мажліва адкрыецца сярод холаду ды цемры палярнай ночы.

Калі б у Валеры запыталіся навошта ён жыве, ён бы схітраваў, але пасля б прызнаўся: дзеля кнігі. Бо пакінуць па сабе кнігу — далёка не найгоршы сыход для беларуса.
Беларусы як-ніяк кніжная нацыя. Кнігі для яе як агеньчыкі — спаліць усё навокал не ў стане, але і згаснуць не даюць.

Вось і Валера піша кнігу свайго жыцця: ці то пра Горадню, ці то пра 90-я, а мажліва пра самога сябе. Працэс гэты мае агульныя рысы гульні з жыццём — пакуль не напіша нібыта і не памрэ, не «падохне пад плотам»...

-- Я вось апошні сказ прыдумаў: «Беларусь — гэта прыгожая і сумная казка, якая знікае як толькі перастаеш у яе верыць». Прыдумаў і... рэшту стала нецікава пісаць, --
глядзіць на мяне вялікімі зялёнымі вачыма нібыта ў люстэрка чарговы таленавіты гарадзенскі раздзяўбай.

Трымайся, Валера, і пішы зараз: крабы пачакаюць, а вось жыццё -- наўрад ці.

* * *

Алесь Кіркевіч — намеснік старшыні «Маладога Фронту». Быў асуджаны па справе аб «масавых беспарадках», атрымаў чатыры гады турмы. Пазней быў памілаваны. Жыве ў Гродне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0