Я пачаў збіраць ваенныя лісты — фронт, эвакуацыя, тыл. Навошта? Вядома, не ў пошуках сакрэтаў.

Атмасфера, якую яны нясуць, перажыванні, усведамленне таго, што гэтыя лісты з таго самага часу, пакідаюць адчуванне далучанасці.
І тут я выявіў, што лістоў захавалася вельмі мала. Людзі, якія сабраліся ў Ізраіль, палілі лісты і рвалі фатаграфіі. У канцы 1980-х і пачатку 1990-х з Савецкага Саюза з’язджалі назаўсёды, без права вяртання. Пакідаць не было каму.

Рэпатрыяцыя зняла немату, людзі пачалі дзяліцца тым, пра што маўчалі шмат гадоў. Але адначасова яна знішчыла дакументальныя сведчанні народнай памяці. Засталіся вусныя сведчанні, дзіўныя аповеды, але не засталося лістоў…

І калі раптам шанцуе, і хтосьці прыносіць «трохкутнік» або паштовую картку, часам каляровы канверт (яны былі рэдкасцю, каштавалі дорага, узяць не было дзе), то я адчуваю сябе шчаслівым.

Публікацыя лістоў з вайны была і ў нашым мінулым жыцці. Як правіла, гэта былі парадныя выданні, прымеркаваныя да той ці іншай юбілейнай даты — 20, 30, 35, 40 гадоў Перамогі.

Гэта былі пранізлівыя лісты-развітанні салдат перад боем, калі выжыць было нельга, партызанаў і падпольшчыкаў, асуджаных на пакаранне смерцю (і амаль ніколі — вязняў гета).
Яны дыхалі прагай жыцця і нянавісцю да ворага. Словам, тое, што і патрабавалася для рэжыму асабістай улады Сталіна. Усе астатнія сведчанні выбракоўваліся вайсковай цэнзурай або перадаваліся па спісе ў органы контрвыведкі…
Ні разу за савецкім часам не было выдадзена ніводнага зборніка лістоў пра цяжкае матэрыяльнае становішча ў тыле, незваротныя страты на фронце, адчайны голад і непасільную працу эвакуяваных, хлусню ўладаў і службовыя злачынствы, эпідэміі і дзіцячую смяротнасць, катаржную працу ў калгасах…
Усё спісвалі на вайну. Лічылася, што нават у галодным тыле лепш — там не стралялі, не бамбавалі і не падрывалі. А што адбывалася насамрэч? Былі людзі, якія насуперак усякай логіцы пісалі або перадавалі лісты, карыстаючыся выпадковай аказіяй, вялі дзённік…

Важныя ўсе лісты, каб найбольш поўна адлюстраваць карціну падзей тых лёсавызначальных гадоў.

Я мяркую сабраць максімальную колькасць паштовых адпраўленняў, што стане асновай вялікі сур’ёзнай кнігі. У ёй будуць згаданыя не толькі тыя, хто пісаў, але і тыя, хто правяраў карэспандэнцыю.

Як працаваў у людзей унутраны цэнзар, што даводзілася прыносіць у ахвяру самакантролю?

Ваенныя лісты (фронт і тыл) дапоўняць сакрэтныя данясенні, складзеныя супрацоўнікамі Міністэрства дзяржбяспекі аб затрыманых пасланнях, што кампраметуюць савецкую ўладу. Асобны раздзел будзе прысвечаны стаўленню да палітыкі нацысцкага генацыду габрэйскага насельніцтва.

Лісты адрозніваліся не толькі па вонкавым выглядзе і змесце. Вялікую ролю адыгрывала тое, хто пісаў: мужчына ці жанчына, юнак або дзяўчына, бацькі сыну або дзеці бацьку на фронт. Лісты ўтрымліваюць непаўторныя дэталі, наіўнасць або суровую канстатацыю.

Хто ваяваў у дзейнай арміі, успамінаюць, што

палітработнікі спецыяльна інструктавалі салдат і афіцэраў не пісаць праўду пра нястачы і страты, пазбягаць любой негатыўнай інфармацыі.
Чаму? З аднаго боку, каб не выдаць «ваенную таямніцу», а з другога — не расчароўваць родных, якія і так выбіваюцца з сіл, каб дапамагчы фронту. Насамрэч гэта было імкненне схаваць пралікі і няўдачы камандавання, непадрыхтаванасць і непрафесіяналізм, неапраўданыя людскія страты…

Ліст з фронту заўсёды быў радасцю, нават калі без зместу. Піша — значыць жывы, ёсць шанец, што вернецца…

Я збіраюся прыцягнуць да працы над кнігай не толькі ўжо існыя калекцыі лістоў (Яд Вашэм, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, Кіеве, СПб, Расійскі цэнтр «Халакост» у Маскве і іншых навуковых установаў), але і весці пашыраны пошук незапатрабаваных да гэтага часу лістоў. Далёка не ўсе ўяўляюць каштоўнасць лістоў у сямейных архівах. Калі сыдуць з жыцця апошнія ўдзельнікі і сведкі вайны, лісты могуць быць канчаткова страчаныя. З іншага боку, нават тую частку, якая застанецца, няма каму будзе пракаментаваць…

Публікацыя лістоў — гэта самы просты варыянт. Іх аналіз і абагульненне паслужыць праўдзіваму выкладу агульнай карціны падзей. Значэнне лістоў вайны як нестандартнай і дакладнай крыніцы нельга пераацаніць. Фактычна гаворка ідзе пра ўключэнне ў навуковы абарот новага пласта народнай памяці.

Сабраць лісты — значыць зберагчы ад забыцця памяць пра многіх людзей і тых, хто ім быў дарагі. Часу для выканання гэтай працы засталося няшмат. Трэба спяшацца. Калі ў вас нешта ёсць, падзяліцеся. Мне можна патэлефанаваць 02-672-3682 (+972-2-672-3682) або даслаць электронны ліст: [email protected], або скарыстацца звычайнай поштай па адрасе:

Leonid Smilovitsky

Alexander Rubovich Str., 322–20 93811, Jerusalem, Israel

Загадзя ўдзячны,

Леанід Смілавіцкі, доктар гістарычных навук,

ст. навуковы супрацоўнік Цэнтра дыяспары

пры Тэль-Авіўскім універсітэце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?