Карэспандэнты «Белсату» распыталі жыхароў Жодзіна, чаму іх зямляк Яўген Літвінковіч, які стаў зоркаю папулярнага шоу «Украіна мае талент», не змог прабіцца на беларускую эстраду.

Рэспандэнты назвалі розныя прычыны: адсутнасць сувязяў, удачы, магчымасцяў, дзяржаўнага фінансавання, недахоп прафесіяналаў, малую колькасць беларускіх тэлевізійных каналаў. Толькі адна апытаная выказала практычную параду: «Звярнуць увагу на найвышэйшае кіраўніцтва і звярнуцца туды, калі ён сапраўды таленавіты. Не трэба рук апускаць».

29-гадовы Яўген Літвінковіч выступіў на ўкраінскім шоу (аналагу расейскай «Хвіліны славы») з песняю «Sweet People», якую спявачка Alyosha прэзентавала на «Еўрабачанні-2010». Зала пляскала беларусу стоячы, а сябры журы прызналі, што Яўген песню выканаў лепей.

«У роднай Беларусі Жэня не раз спрабаваў прабіцца на вялікую сцэну. Аднак пасля чарговага расчаравання адкрыў уласную справу і вырашыў, што будзе жыць, як усе. Калі ж да Жэні дакаціліся чуткі пра шоу, якое змяняе жыцці ды ажыццяўляе мары, то хлопец вырашыў рызыкнуць – можа быць, гэта ягоны шанец», – гэтак прэзентавалі нашага суайчынніка ўкраінцам. Спявак адчыніў у родным Жодзіне невялікую кавярню «У Жэкі», дзе ўсё робіць сам: гатуе, стаіць за бар-стойкаю, а таксама спявае з сябрамі караоке.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?