Калі ж тленне гэтае апранецца ў нятленнасць
    І смяротнае гэтае апранецца ў несмяротнасць,
    Тады збудзецца слова напісанае:
    «Паглынута смерць перамогаю».
    І да Каранфянаў, 15:54.

Пасля сарака дзён галадоўкі з чалавека пачынае сыходзіць жыццё. Тонкае на прасвет цела, з якога разам з наедкам знікае ўсё набытае, трапечацца па хадзе на касцях, бы сцяг на тронках, — і застаецца толькі сутнасць. Тое, чым чалавек ёсць.

Вось чаму Ісус сорак дзён нічога не еў, каб вытрымаць д’яблавы спакусы.

А беларуса Сяргея Каваленку, які галадае на смерць за бел-чырвона-белы сцяг і волю, вязуць у вар’ятню.

«Там, на самым версе ёлкі, калі я прымацаваў вуду і адпусціў вялікі сцяг, я адчуў, як мая душа аддзялілася ад цела». Так Каваленка расказвае пра той самы дзень, свята Нараджэння Хрыстова.

Сцяг у Віцебску быў феерычны. Увесь год аблвыканкам збіраў з раёнаў сродкі на ўпарадкаванне Плошчы Перамогі, найвялікшай у краіне. На Новы год тут усталявалі самую вялікую ёлку ў Беларусі. Эх, ёсць чым ганарыцца!.. І вось 7 студзеня, на плошчы святочны канцэрт, і сярод белага дня, апоўдні бялявы, спартовага целаскладу хлопец перасякае брук, сігае за плот, па-альпінісцку ўзбіраецца на 35-метровую вышыню.

І найвялікшая ў краіне плошча ўмомант ператвараецца з плошчы савецкай перамогі ў пляц перамогі беларускай.

Зараз Каваленка бледны-бледны ад голаду. Усё, што засталося ад моцнага, бялявага нашчадка колішняга вялікалітоўскага каваля, крутаскулага, з масіўнай сківіцай сапраўднага байца, героя з горада Альгерда, Шагала, Мірона — палатніна белага цела і кроў, у якую гвалтам колюць глюкозу.

Чалавек-сцяг ператвараецца ў чалавека-смерць.

Тут, у камендзе, Каваленку часам блытаюць з Кавалёвым — ну, гэты, як яго, з Віцебска, каторага расстралялі…. І, разабраўшыся, спачуваюць як свайму брату-«хіміку»: правёў сына ў Лядовы палац пасля 19.00 — парушэнне і ў турму. Таго, хто гатовы аддаць жыццё за бел-чырвона-белы сцяг, паважаюць. Але не разумеюць.

А ці разумеем мы?

Тое, што Каваленка памірае пры нашай агульнай млявасці да ягонага жыцця, — гэта нацыянальная ганьба.
Гісторыя Чалавека-сцяга, а гэта, паверце, ужо самая сапраўдная беларуская гісторыя — сённяшні адказ на пытанне: ці верым? Ці можам? Ці пераможам?

Бо насамрэч наш бел-чырвона-белы сцяг — гэта і ёсць самы ясны на свеце сімвал перамогі жыцця над смерцю. Даўгая льняная палатніна, у якую загортвалі цела памерлага ў Палесціне. Белая з крывавай паласою.

Хрыстос паміраў за нас — і па Уваскрасенні пакінуў нам бел-чырвона-белы сцяг як знак Сваёй перамогі.
Мы пазнаём яго ў штандарах хрысціянскіх краінаў — Англіі, Швейцарыі, скандынаваў, Польшчы, Грузіі, у бел-чырвона-белых стужках патрыярхаў і нават на гербе РПЦ. Ад белых, чырвоных і белых хваляў сэрца захлынаецца святам, пяшчотай і воляй.

І вось у Вялікі Пост, у тыднях цярпення і пакуты, расцятая на турэмных прасцінах, памірае душа Сяргея Каваленкі.

Мы блытаемся ў сеціве, спрабуем вырвацца і ўвесь час тыцкаемся ў тое, што паміраць за Беларусь — дарма, а жыць дзеля яе немагчыма. Наракаюць: Каваленка занадта рэзкі, няправільна сябе паводзіць, не слухае ані родных, ані кіраўніцтва сваёй партыі, і ўвогуле, самагубства — грэх…. Але мы не маем права асуджаць яго. Толькі на волі можна спрачацца з Сяргеем, пераконваць, даводзіць. А зараз адзіна магчымы спосаб дзеяння для нас, тых, за каго і памірае Каваленка — ціснуць на рэжым, а не на Сяргея. Даць Чалавеку-сцягу годна з гэтай смяротнай галадоўкі выйсці.

Ці хоча жыць Каваленка, бацька дваіх дзяцей, муж, беларускі патрыёт? Канечне, хоча.

У свой час, галадуючы больш як 50 дзён, Аляксандр Казулін дамогся таго, каб беларускае пытанне было вынесена на разгляд Рады Бяспекі ААН.
Дзеля жыцця беларуса адна звышдзяржава — ЗША — паставіла на парадак дня тэму Беларусі, а іншая ядзерная дзяржава — Расія — была вымушаная гэты разгляд блакаваць.

Дзякуй Богу — Казулін застаўся жывы.

Глыбокі беларускі супра-ціў заўжды адчайна ахвярны. Пад кропельніцай, прывязаны да ложка, паміж жалезнымі дзвярыма з вочкам і закратаваным небам пакутліва і балюча Каваленка аддае сябе. Па кроплі — кожнаму з нас. І цяпер кожны дзень жыццё Каваленкі мусіць стаць днём бел-чырвона-белага сцяга. Хаця б аднаго сцяга штодня.

Думаю, Каваленка даможацца выніку, вартага галадоўкі не на жыццё, а на смерць. І будзе жыць.

І тады ў светлыя велікодныя дні і для яго самога, і для кожнага з нас стане трошкі ясней, як паміраў на крыжы і як уваскрос пад бел-чырвона-белым сцягам, каб жылі мы, Сам Госпад Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Зарок

Беларуская глыбіня. Эрнст Сабіла

Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

Беларуская глыбіня. У гасцях у Сэрца

Беларуская глыбіня. Бездань Азефа

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?