Уладзімір Пефціеў, Юрый Чыж, Анатоль Тарнаўскі — тройца беларускіх бізнэсоўцаў з чорнага спіса Еўрасаюза. Візавыя санкцыі і эканамічныя абмежаванні мусяць ускладніць ім вядзенне бізнэсу. Хто яшчэ мог апынуцца ў «чорнай» кампаніі? Сярод кандыдатаў у гэты не вельмі пачэсны спіс называліся ўладальнік «Санта-Брэмара» Аляксандр Машэнскі, стваральнік «Тытунь-Інвеста» Павел Тапузідзіс, а таксама Аляксандр Шакуцін. «Наша Ніва» расказвае пра апошняга з іх.

Сенатар Аляксандр Шакуцін за працай.

Сенатар Аляксандр Шакуцін за працай.

Непалец Упендра Махата — галоўны акцыянер «Амкадора»

У Алёны Ланской адабралі ўзнагароду за перамогу ў «Еўрафэсце»

Сенатар з «Белай Русі»

Старшыня рады дырэктараў «Амкадора» Аляксандр Шакуцін знаходзіцца нашмат бліжэй да ўлады за астатніх бізнэсоўцаў. Рэч у тым, што Шакуцін — сам улада. З 2008 года ён уваходзіць у савет рэспублікі, з’яўляючыся намеснікам камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Быць сенатарам — няпыльная, але прыбытковая праца.

Да дэвальвацыі зарплата складала каля $1000.
Але бізнэсоўцаў тут мала, можна назваць хіба што яшчэ генеральнага дырэктара віцебскага абутковага «Марка» Мікалая Мартынава.

Прозвішча Шакуціна можна знайсці і сярод членаў прэзідыума «Белай Русі». Спіс афіцыёзных дасягненняў вянчаюць два медалі ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Хірург-камсамолец

У афіцыйнай біяграфіі сенатара пазначана, што ён нарадзіўся ў 1959 на Аршаншчыне ў вёсцы Вялікае Бабіна. Пачаўшы з працы трактарыстам у мясцовым калгасе, паехаў у сталіцу рэспублікі вучыцца на доктара. Тут, у Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (цяперашні Медуніверсітэт), Шакуцін заадно праявіў і актыўную грамадскую пазіцыю — стаў намеснікам сакратара інстытуцкага камсамола,
а таксама камандзірам студэнцкіх будаўнічых штабоў мінскага абкама камсамола. Магчыма, менавіта пра тыя часы Шакуцін узгадваў у інтэрв’ю «Белгазеце», абураючыся магчымым увядзеннем санкцый: «Яшчэ ў Савецкім Саюзе я змагаўся з падобнымі абмежавальнымі мерамі. А сёння ЕС паводзіць сябе гэтак жа, як Палітбюро тады. У Еўропе хапае сваіх праблем, але яны хочуць, каб і ў нас было дрэнна».

Медыцынская кар’ера Шакуціна ішла ўгару — яго прызначылі загадчыкам хірургічным аддзяленнем у 10-й гарадской бальніцы Мінска, а пасля дырэктарам медыцынскага цэнтра МТЗ.

Пераход з медыцыны ў прамысловасць

Абвяшчэнне незалежнасці краіны ў 1991 азначала для Шакуціна, як і для многіх іншых прадпрымальных беларусаў, пачатак новага жыцця.
Заплыў да вялікіх грошай быў павольным.
Спачатку хірург узначаліў навукова-вытворчае «ПрамМедІнвест» (цяпер «ПМІ-Груп»), неўзабаве ператворанае ў акцыянернае таварыства. Пастаўкі медыцынскай тэхнікі змяніліся на больш прыбытковы імпарт тэхнікі на прадпрыемствы краіны.
Шакуцін і цяпер застаецца ў кіраўніцтве кампаніі, дзейнасць якой у многім звязаная з продажамі за мяжу прадукцыі «Амкадора» — галоўнай крыніцы багацця сенатара.

Непальскае адценне завода

«Амкадор», акцыянерам якога з’яўляецца Шакуцін, заслугоўвае асобнага расповеду.
Завод дарожнай і будаўнічай тэхнікі быў створаны яшчэ ў 1920-х, аднак у гісторыю Беларусі ён трапіў як першае буйное прадпрыемства Беларусі, у якім прайшло акцыянаванне. Яго яшчэ ў 1991 ажыццявіў прэзідэнт канцэрна Васіль Шлындзікаў, які быў заўзятым прыхільнікам рынкавай эканомікі. Пакуль астатнія заводы ледзь трымаліся на плаву, ягонае прадпрыемства імкліва нарошчвала магутнасці. Шлындзікаў пакінуў сваю пасаду ў 1996. Дэпутат Вярхоўнага Савета і намеснік старшыні АГП, ён вырашыў прысвяціць сябе палітыцы.

А на «Амкадор» прыйшлі замежныя інвестыцыйныя кампаніі.

Цяпер кантрольны пакет (каля 60%) акцый холдынга належаць ганароваму консулу Непала ў Беларусі Упендра Махата. Апроч таго, ён кантралюе некалькі бізнэс-цэнтраў у Мінску. Непалец жыве ў Маскве, таму «кіраванне на месцах» ажыццяўляе Аляксандр Шакуцін як уладальнік другога па велічыні пакета акцый.
Каштоўныя паперы засталіся і ў многіх работнікаў «Амкадора» пачатку 1990-х.
Агульная колькасць акцыянераў перавышае 3 тысячы чалавек, аднак ніхто з іх у апошнія гады не атрымлівае ні рубля дывідэндаў. Пры гэтым чысты прыбытак «Амкадора» за 2010 склаў $11,2 мільёна, а за тры кварталы 2011 — яшчэ $31,2 мільёна.

Цэнтр новага холдынга

Прадпрыемства з’яўляецца адным з самых паспяховых у краіне, таму Аляксандр Лукашэнка і абраў яго для таго, каб стварыць вакол «Амкадора» холдынг.
Падобная практыка прымяняецца і ў іншых галінах эканомікі. Напрыклад, прыбытковы «Савушкаў прадукт» Аляксандра Машэнскага мае аб’яднаць вакол сябе многія беларускія малаказаводы. Гэтыя выпадкі вылучаюцца тым, што магчымасць стварэння холдынга даецца прыватніку.
Для гэтага дзяржава прадае яму за бясцэнак (фактычна аддае) некалькі іншых прадпрыемстваў. Так здарылася і з «Амкадорам».

Напрыклад,

у сярэдзіне 2011 Аляксандр Лукашэнка сваім указам дазволіў прадаць канцэрну тры заводы: дзяржынскі «Аграмаш», лагойскі «Эпас» і Мінскі прыборабудаўнічы завод (цяпер «Амкадор-Белвар») за сімвалічныя $1,5 мільёна.

Зрэшты, не кожнае прадпрыемства прыходзіць да Шакуціна і Махата само. «Амкадор» праводзіць экспансію і за мяжу. У 2009 го-

дзе канцэрн выкупіў завод «Энергазапчастка» ў расійскім Бранску і Пабяржскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання пад Вільняй. Выхад на рынак Еўрасаюза не павінен уводзіць у зман. «Амкадор» пастаўляе сваю прадукцыю ў дзясяткі краінаў свету. 50% сыходзіць у Расію, яшчэ 35% тэхнікі асядае ў Беларусі, але сярод астатніх пакупнікоў краінаў Еўропы мала, там перадусім Венесуэла, Індыя і Непал.

Старанны мецэнат

З імем Шакуціна звязаная і скандальная гісторыя з перамогай Алены Ланской у адборы на «Еўрабачанне-2012».
Выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, які і прывёў да поспеху спявачкі, абярнулася нечаканай паразай і вывалачкай, якую атрымалі ад Аляксандра Лукашэнкі ўсе арганізатары конкурсу, апроч Шакуціна. На публіку трапілі цікавыя падрабязнасці. Напрыклад, палову ад выдаткаў «Еўрафэста» аплачваў «Амкадор» — цікава, ці давалі на гэта згоду акцыянеры, якія сядзяць без дывідэндаў?
Чаму ж Шакуцін так лабіраваў перамогу
Ланской? Алена — адна з трох выканаўцаў, што працуюць у ягоным прадзюсарскім цэнтры «Спамаш», разам з Іванам Буслаем і Дарыяй. Але самая паспяховая сярод калегаў — летась перамагла на «Славянскім базары».
Прадзюсарскі цэнтр быў створаны яшчэ сем гадоў таму ў памяць дачкі Шакуціна, якая загінула ў аўтакатастрофе.
У назве схавана расійскамоўная фраза — «СПАсение МАши Шакутиной». Гэты быў першы прыватны прадзюсарскі цэнтр у краіне. Выдаткі на культуру, нават папсовую — рэдкая рэч сярод беларускіх мільянераў. Імкнучыся адпавядаць густам начальства, звычайна яны з большым імпэтам спансаруюць спартыўныя каманды.

* * *

Імперыя «Амкадора»

У склад канцэрна ўваходзяць прадпрыемствы ў Мінску («Белвар», «Унікаб», «Унімоб», «Спецсэрвіс», «Торг»), Жодзіне («Літ»), Крупках («Можа»), Пінску, Маладзечне, Лагойску, Дзяржынску. Назвы пералічаных прадпрыемстваў пачынаюцца з прыстаўкі «Амкадор». Апроч таго, ва ўласнасці знаходзяцца заводы ў Бранску, пад Вільняй («Амкадор-Балтык»), «Дормаш», «Дормашмет», «Ударнік», завод імя Гастэлы ў Мінску, калгас «Амкадор-Шклоў». Агульная колькасць супрацоўнікаў — больш за 5 тысяч чалавек.

Брат-2

Хоць Аляксандр Шакуцін прамяняў медыцыну на больш прыбытковы занятак, фармацэўтычным бізнэсам займаецца зводны брат сенатара, Сяргей. Ён — уладальнік кампаніі «Іскамед», аднаго з найбуйнейшых імпарцёраў лекаў і актыўнага ўдзельніка дзяржаўных тэндараў. Яму належыць сетка аптэк,
11 з іх адкрыта ў Мінску і ўдвая больш у рэгіёнах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?