Беларусь своечасова і ў поўным аб'ёме выканае свае абавязацельствы па пагашэнні знешняга доўгу. Пра гэта заявіла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі 4 красавіка ў Мінску.

Паводле яе слоў, ніводны беларускі банк не пратэрмінаваў ніводнага цэнта замежным банкам па вяртанні крэдыту. "Пратэрмінаваных даўгоў у нашых прадпрыемстваў перад замежнымі банкамі таксама няма. Магчыма, хтосьці зрабіў рэструктурызацыю доўгу, дамовіўся пра адтэрміноўку на нейкі перыяд", — сказала яна.

"Што да нашага дзяржаўнага доўгу, які мы павінны пагашаць з бюджэту, то тут таксама пратэрміновак няма, усё ідзе дзень у дзень — як настае тэрмін, мы ўсё вяртаем", — сказала банкір.

"Зможам усё вярнуць. Наш баланс па гэтым годзе пралічваецца з такім разлікам, што ў нас золатавалютныя рэзервы застануцца на ўзроўні 1 студзеня 2012 года,
і мы спадзяемся іх яшчэ і крыху павялічыць, нават з улікам неабходнасці вяртання доўгу", — дадала Ермакова.

Яна звярнула ўвагу, што ўмовы атрымання беларускімі суб'ектамі гаспадарання крэдытаў замежных банкаў досыць жорсткія. "Усё правяраецца педантычна. Проста так замежныя банкі не даюць грошай. Павінны быць заключэнні па бухгалтарскіх справаздачах паводле міжнародных стандартаў, рэйтынгі і гэтак далей", — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.

Паводле яе слоў, Беларусь рэальна ацэньвае свае магчымасці па прыцягненні знешніх пазык і іх вяртанні. "Мы не зможам нарасціць свае абавязацельствы больш, чым здольныя вярнуць. Нам проста не дадуць нарасціць свае абавязацельствы больш, чым мы здольныя вярнуць", — растлумачыла Ермакова.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?