З 27 па 29 красавіка ў Беларусі пройдзе 11-ты фестываль сярэднявечнай і фальклорнай музыкі «Дударскі фэст». Аб гэтым паведаміў адзін з арганізатараў творчай акцыі, мастацкі кіраўнік групы сярэднявечнай беларускай музыкі «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі 4 красавіка ў Мінску на прэзентацыі мерапрыемства.

Паводле яго слоў, гэты фестываль будзе адрознівацца ад папярэдніх, у першую чаргу стылістыкай. «Напрыклад, калі два гады таму мы адзначалі, што стылістыка музыкі валынкі ўплятаецца ў цяжкі рок у спалучэнні з народнымі інструментамі, то сёння ўсё па-іншаму: усё больш і больш эксперыментаў праводзіцца з электроннай музыкай, з рознымі беларускімі дзіджэямі», — адзначыў Сасноўскі.

Музыкант паведаміў, што на «Дударскі фэст» прыедуць не толькі прафесійныя валыншчыкі, але і маладыя выканаўцы. «Напрыклад, на сцэне з’явяцца падлеткі ад 12 да 15 гадоў — гурт з Івянца «Рарог», — сказаў Сасноўскі.

Упершыню на беларускім фестывалі валынкі выступяць Віктар Лявіцкі — прызнаны майстар ігры на валынцы з Украіны, і польскі гурт Tryzna.

Акрамя таго, паводле слоў Сасноўскага, прадугледжаны танцавальныя канцэрты, канферэнцыя выканаўцаў музыкі на валынцы на хутары Шаўловічы (Валожынскі раён Мінскай вобласці), выступленне ў музейныі комплексе «Дудуткі», дзе пройдзе навучанне танцам пад валынку. У мерапрыемствах возьме ўдзел тэатр танца «Яварына», які займаецца распрацоўкай і пастаноўкай сцэнічных і масавых варыяцый старажытных танцаў.

Папярэдняя праграма:

27.04 – канцэрт-адкрыццё (плануемае месца – ДК ветэранаў);

28.04 – Дударская канферэнцыя на хутары Шаўловічы (Валожынскі раён);

29.04 – камерны канцэрт-канферэнцыя ў Музейным комплексе “Дудуткі” (першая палова дня);

29.04 – танцавальны фольк-мадэрновы канцэрт-закрыццё (плануемае месца – адзін з клубаў Мінску).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?