Сёньня кіраўнік "Транснафты" Сямён Вайншток заявіў: рашэньне пра трубу ў абыход Беларусі можа быць прынятае цягам тыдня-двух. А пабудуюць яе за 18 месяцаў.

Са слоў Вайнштока, можна было б зьменшыць нафтавы транзыт празь Беларусь удвая.

Дарэчы, прозьвішча кіраўніка "Транснафты" так часта фігуруе ў загалоўках на гэтую тэму, што ў шараговай публікі можа скласьціся ўражаньне, што труба з Унечы на Прыморск — прыхамаць алігарха. Можа, так пакрыўдзіўся за позву ў беларускі суд? :)

Насамрэч дывэрсыфікаваць транзыт "чорнага золата" ў Эўропу загадаў асабіста Пуцін. Прычым, як вынікае з інтэрвію Вайнштока "Коммерсанту", ідэя трубы Унеча — Прыморск узьнікла яшчэ летась увосень. То бок Масква грунтоўна рыхтавалася да нафтагазавай вайны, у якую Менск, мусіць, не хацеў верыць да апошняга.

Між іншым, паводле "Рэха Масквы", у разгар нафтавага канфлікту расейскі міністар Хрыстэнка заяўляў, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве транзыт празь Беларусь можна будзе "цалкам замясьціць".

Калі пляны трубы на Прыморск сталі вядомыя, Аляксандар Лукашэнка саркастычна зазначыў, што "толькі тыя, хто ўвогуле ня ўмее лічыць да дзесяці, здольныя выкарыстоўваць такія маршруты".

Фактычна камень паляцеў не ў Вайнштокаў, а ў Пуцінаў гарод.

Ну а гаспадар Крамля пэўна хоча давесьці, што лічыць умее. Прычым ня толькі да дзесяці, а на мільёны ды мільярды. Бо ў выніку нафтагазавай вайны зь Менскам іміджавыя страты Расеі як пастаўніка энэргарэсурсаў выліліся ў кругленькія сумы.

Карацей, транзытныя козыры ў Беларусі павыбіваюць.

Будуецца ж, нагадаю, і Паўночнаэўрапейскі газаправод, які Лукашэнка назваў "самым дурным праектам Расеі" (на што крыніца ў Крамлі адгукнулася іранічнай рэплікай: мы, маўляў, толькі ўпэўніліся, што робім правільна).

Словы Вайнштока гучаць як замаскаваны ўльтыматум: "Калі будзе болей выгадна экспартаваць нафту цераз Беларусь на Захад, яны пойдуць цераз Беларусь, калі будзе болей выгадна хадзіць цераз Прыморск, яны пойдуць цераз Прыморск. У кампаніях працуюць надзвычай практычныя людзі, яны заўжды пралічваюць эканоміку".

Дадамо: а тыя, хто над кампаніямі, добра пралічваюць палітыку. Ня варта думаць, што яны ня здольныя лічыць да дзесяці.

Канешне, уведзенае Менскам у студзені экзатычнае мыта на транзыт нафты было расейскім стратэгам як абухом па галаве. Але такія фокусы двойчы не праходзяць.

Пытаньне наступнае: у які бок падштурхнуць беларускае кіраўніцтва гэтыя манэўры энэргетычнай імпэрыі?

Захад пэўна ж адгукнуўся б на сыгнал аб гатовасьці да супрацы. Літоўскі прэзыдэнт вунь ужо канкрэтна прапаноўваў траісты хаўрус супраць расейскага нафтагазавага дыктату. А іхні Бразаўскас нават на сустрэчу з афіцыйным беларускім кіраўніком гатовы прыехаць, хай толькі Брусэль дасьць мандат.

Але, мусіць, рана яму купляць квіток на цягнік да Менску :)

Рэч ня ў тым, што тэрмінал у Клайпэдзе нам пакуль што без патрэбы, бо купляць нафту на сусьветных біржах ды вазіць танкерамі — усё адно даражэй, чым браць у хцівых расейскіх алігархаў :(

На думку палітоляга Андрэя Фёдарава, галоўная перашкода меркаванаму дыялёгу з Эўропай — мэнтальнасьць тутэйшага высокага начальства.

Думка пра Захад выклікае, бадай, экзыстэнцыйны страх. Заходнікі зь іх хваравітымі дэмакратычнымі пунктыкамі — як іншаплянэтнікі, як марсыяны. Ну а гульні зь імпэрыяй — справа звыклая. Дый бізантызм Крамля — рэч зразумелая, нават духоўна блізкая, калі хочаце.

Але ж чым далей, тым болей небясьпечныя гэтыя гульні. І тым меней козыраў на руках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?