Увечары 4 красавіка TUT.BY паведамілі непрыемную навіну: падобна, што брацкую магілу "Ручай крыві", у якой пахаваныя вязні канцлагера "Дразды", сабраліся перакапаць. Яе вось-вось перасячэ свежая канава. Між тым месца пахавання ваеннапалонных і мірных грамадзян часоў Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Лагер смерці ў Драздах.

Лагер смерці ў Драздах.

План пахавання, 1996 год.

План пахавання, 1996 год.

На раскопках пахавання.

На раскопках пахавання.

- Сёння мы прыехалі на месца (паміж гаражамі на вуліцы Нававіленскай і Свіслаччу) і ўбачылі, што перпендыкулярна рову ідзе канава. Мабыць, укладваюцца камунікацыі - у канаве ляжыць бетонны кораб.

Да пахавання часоў Вялікай Айчыннай засталося каля дзесяці метраў. Будаўнікі вось-вось залезуць на косткі
, як бы ні капалі далей - направа ад гэтага месца роў ідзе прыкладна на 80 метраў, налева - на 220.
Шчыт, які інфармаваў аб тым, што гэта брацкая магіла "Ручай крыві", знік,
- расказаў старшыня аддзялення міжнароднага мемарыяла ў РБ і сябра Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Уладзімір Раманоўскі, - непадалёк стаіць памятны камень, але на яго, мабыць, не звяртаюць увагі.

Трывожыцца сапраўды ёсць пра што. Зарэгістравалі пахаванне ў Драздах як гісторыка-культурную каштоўнасць 3-й катэгорыі менш за два гады таму (пастанова Савета Міністраў РБ №1351 ад 21 верасня 2010). Напярэдадні рэгістрацыі гісторыкі ўсцешыліся, маўляў, цяпер ужо брацкая магіла ўнікне забыцця і хутчэй за ўсё будзе добраўпарадкаваная. Аднак, як бачым, здарылася наадварот - пахаванню пагражае небяспека.

- Калі там так неабходна ўкладваць, напрыклад, камунікацыі, я не выключаю, што можна правесці эксгумацыю, але гэта мусіць рабіцца цывілізавана.
Калі працягваць капаць далей - гэта будзе чарговае будаўніцтва па касцях, - абураны Уладзімір Раманоўскі.

Гісторыя пытання

У ліпені 1941 года нацысты стварылі пад Мінскам першы ў Беларусі лагер смерці.

"Лагер размясціўся на тэрыторыі калгаса Крупскі, які знаходзіўся на левым баку ракі Свіслач, у паўночнай частцы Мінска, на адлегласці 3-х кіламетраў ад горада. Плошча лагера складала прыкладна 150 тыс. кв.м... На паўночны ўсход ад лагера, прыкладна за 500 м, немцы выкарысталі траншэю ад водаправоднай лініі для пахавання памерлых, расстраляных.
Гэтая траншэя мае даўжыню 350 м, шырыню - 2,5 м, глыбіню - 2,5 м. Са словаў мясцовага жыхара Мілашэўскага высветлена, што за перыяд існавання лагера гэтая траншэя цалкам была запоўненая трупамі савецкіх людзей, трупы клаліся ў гэтую траншэю ў некалькі шэрагаў..." - пісаў у пратаколе старэйшы лейтэнант дзяржбяспекі Гусеў, які праводзіў агляд тэрыторыі лагера ў 1944 годзе. Крыху пазней Надзвычайная дзяржкамісія па высвятленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў (ЧГК) вызначыла, што
ў лагеры было знішчана каля 10 тысяч чалавек.

Аднак ніякіх спробаў пазначыць месца пахавання па выніках ЧГК не рабілася. Паступова тэрыторыя пачала выкарыстоўвацца ў сельскагаспадарчай дзейнасці. Пахаванне знаходзілася ля ўзвышша, якое да лагера смерці называлася Кайдасавай гарой, а пасля яго стала называцца "Салдацкай горкай".

Падчас майскіх пасяўных работ 1972 года тут знайшлі чалавечыя парэшткі. Дзякуючы настаўніку школы №104 Мікалаю Міхею пра гэта стала вядома органам улады. Аднак усталявалі невялікую памятную пліту па вул. Нававіленскай, перад КПП в/ч 22210 "Д" (якой ужо няма) толькі ў 1995 годзе.

Пліта, якая расказвала, што тут быў лагер смерці, была ўсталяваная за грошы фабрыкі імя Крупскай, аднак стаяла не на гістарычным месцы. У 1996 было праведзенае першае сапраўднае даследаванне пахавання. Пры дапамозе шурфавання мясцовасці ўдакладнілі межы пахавання, а работнікі Акадэміі навук Беларусі правялі даследаванне парэшткаў. Паводле словаў Уладзіміра Раманоўскага, у архівах захоўваецца зварот афіцэра Шумскага, што кіраваў раскопкамі, у якім ён просіць забяспечыць максімальную захаванасць пахавання. Пасля раскопак паблізу брацкай магілы ўсталявалі камень з надпісам: "Тут у ліпені 1941 г. нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі вязняў канцлагера "Дразды": ваеннапалонных, мірных жыхароў г. Мінска і навакольных вёсак (каля 10 тысяч чалавек). Нашчадкі памятаюць пра вас". У 2009 годзе месца вакол помніка добраўпарадкавалі, а ў 104-й школе стварылі музей, куды перадалі знойдзеныя пошукавай групай прадметы, якія належалі закатаваным у лагеры. У 2010 годзе, як ужо адзначалася, гісторыкам удалося дамагчыся, каб пахаванне ўключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Уладзімір Раманоўскі ўжо тады выказваў асцярогу, што непрыняцце мераў па пазначэнні і ахове межаў пахавання рана ці позна прывядзе да вольнага або міжвольнага вандалізму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?