Увечары 13 сакавіка былі затрыманыя палітык Вячаслаў Сіўчык і Вінцук Вячорка. На асноўных магістралях у сталіцы стаялі пасты ДАІ і спынялі практычна кожную машыну.

Управу БНФ блякавалі людзі ў цывільным. Вінцуку Вячорку ўдалося зьехаць дахаты, але ён быў затрыманы ля дзьвярэй уласнае кватэры, прыкладна а 22-й гадзіне. Ён пасьпеў толькі перадаць сыну Франаку малодшую дачку Ружану, якую была зь ім пасьля школы.

Жонку сп.Вячоркі Арыну і ягоных дзяцей чакаюць трывожныя дні. Варта нагадаць, што толькі тыдзень таму старшыня Аргкамітэту сьвяткаваньня Дня Волі пахаваў бацьку Рыгора, праз што вымушаны быў перарваць свой візыт у ЗША, дзе ён перабываў у складзе апазыцыйнай дэлегацыі.

Сіўчык быў затрыманы дзьвюма гадзінамі раней, пасьля 20-й, на плошчы Якуба Коласа, ён знаходзіцца ва УУС Савецкага раёну.

У цэнтры гораду скрозь можна было бачыць незвычайную колькасьць патрулёў спэцназаўцаў у плямістай форме. Такое ўражаньне, што іх перавялі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. На асноўных магістралях у сталіцы стаяць пасты ДАІ і спынялі практычна кожную машыну. Гэта нагадвала сакавік мінулага году, калі былі прынятыя надзвычайныя захады, каб паралізаваць распаўсюд улётак.

У кватэры маладафронтаўца Барыса Гарэцкага адбыўся ператрус. Яго ладзілі тры супрацоўнікі КДБ у цывільным. Апроч іх у кватэры знаходзіліся панятыя і брат Барыса Кастусь. Зь ягоных словаў, кадэбісты канфіскавалі матэрыялы, датычныя Маладога Фронту — "фактычна, любую паперку, на якой напісана: Малады Фронт".

Сіўчыка ж і Вячорку затрымалі па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні дробнага хуліганства. На думку праваабаронцаў, будзе зроблена спроба затрымаць палітыкаў да 25 Сакавіка.

Нагадаем, што ў аўторак былі выкліканыя на допыт маладафронтаўцы Наста Палажанка і Аляксей Янушэўскі, якіх перакваліфікавалі па справе МФ са сьведак у падазраваных, допыты моладзевых актывістаў прайшлі ва ўсіх рэгіёнах.

«Улада баіцца 25 Сакавіка, — заявіў пра затрыманьні Аляксандар Мілінкевіч. — Яна ня ведае, што рабіць. З аднаго боку, ёй ня хочацца дэманстраваць агрэсіўнасьць, бо 25-га — гэта тэст: ня здасьць — пакажа ўсяму сьвету няшчырасьць сваёй праэўрапейскай рыторыкі апошняга часу. А з другога боку існуе гэты яе вялікі страх перад Днём Волі». У сваіх плянах на 25 Сакавіка лідэр дэмакратычных сілаў нічога зьмяняць не зьбіраецца.

* * *

Камэнтар Рэдакцыі

Улады хочуць прадэманстраваць жалезную пасьлядоўнасьць. «Так было і так будзе», як казаў царскі міністар унутраных справаў Макараў пасьля Ленскага расстрэлу.

Патэнцыйных лідэраў маніфэстацыі затрымліваюць прэвэнтыўна, як гэта рабілася перад выбарамі летась. Добра загадзя, каб запалохаць патэнцыйных удзельнікаў. Што, дарэчы, амаль напэўна азначае, што ў сам дзень 25-га, перад тэлекамэрамі, усё будзе як найцішэй.

Маладафронтаўцаў хочуць прымусіць спыніць дзейнасьць. Яны не скараюцца; лічба крымінальных справаў пойдзе на дзясятак. Што таксама стане гістарычным прэцэдэнтам.

Выявілася патрабаваньне Праляскоўскага выдаліць з падручнікаў беларускай літаратуры ня толькі паасобных творцаў, але сам выраз «нацыянальнае адраджэньне».

Вылез законапраект пра ахову інфармацыі, якім, найхутчэй, будзе ўведзеная цэнзура Інтэрнэту.

Рэакцыя Лукашэнкі на Дзень Волі выяўляе цалкам яго "незалежніцтва".

Пасланьне ўладаў: бюракратычна-сілавая машына будзе працаваць у ранейшым рэжыме. Супраціўленьне бессэнсоўнае. Маштаб акцый пратэсту будзем зьмяншаць ад разу да разу пасьлядоўнымі прэвэнтыўнымі мерамі.

Сьвет праінтэрпрэтуе арышты інакш: у Лукашэнкі здалі нэрвы, ён баіцца маніфэстацый, ён адракаецца заходняга вэктару, ён зарабляе расейскі крэдыт, кароткая палітычная адліга скончылася; аднак апазыцыя не скараецца і нават — маладафронтаўцы — праяўляе гераізм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?