У Беларусі ў 2011 годзе незаконна да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 426 чалавек, што амаль у два разы больш, чым у 2010 годзе. Такія даныя прывёў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед 5 красавіка на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах барацьбы са злачыннасцю і падрыхтоўкі кадраў для праваахоўных органаў, якая праходзіць у Акадэміі МУС.

Кажучы пра перадумовы прыняцця рашэння аб стварэнні Следчага камітэта, Швед адзначыў, што практычна ўсе ранейшыя следчыя структуры займаліся тым, што распачыналі крымінальныя справы па дробных, няцяжкіх злачынствах. Толькі ў 2010 годзе судамі была спынена вытворчасць прыкладна па 5 тысячах такіх крымінальных спраў.

Па крымінальных справах, папярэднім расследаваннем якіх займаліся следчыя ДФР КДК, колькасць грамадзян, незаконна прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, у 2011 годзе павялічылася ў 8 разоў, па справах, якія расследаваліся ў МУС, — у 2,3 разу.

У следчых МУС, КДБ, ДФР КДК, органаў пракуратуры, паводле слоў Шведа, не было адзінай правапрымяняльнай практыкі, яны залежалі ад ведамасных інтарэсаў, «што выражалася ў наяўнасці абвінаваўчага ўхілу», прысутнічала нездавальняючая якасць папярэдняга следства і дазнання, «што дазваляла вінаватым пазбягаць крымінальнай адказнасці і не пакрываць дзяржаве і грамадзянам прычыненага злачынствам урону».

«У некаторых выпадках да крымінальнай адказнасці прыцягваліся невінаватыя асобы, як з прычыны абвінаваўчага ўхілу з боку следчых, так і ў выніку памылак, а часам і прамых фальсіфікацый доказаў», — канстатаваў Швед.

Кожнае ведамства, паводле яго слоў, кіравалася ўласнай крыміналагічнай статыстыкай, «ацэнка вынікаў працы праводзілася па колькасці распачатых і накіраваных у суды крымінальных спраў». «Такая сістэма прама ці ўскосна падштурхоўвала да таго, каб знаходзіць злачынствы там, дзе іх няма», — заявіў першы намеснік старшыні Следчага камітэта.

Швед падкрэсліў, што з пачаткам працы 1 студзеня 2012 года Следчага камітэта значна зменена не толькі структура праваахоўнай сістэмы, але і парадак вытворчасці па матэрыялах і крымінальных справах. Паводле яго слоў, цяпер СК спалучае функцыі дзяржаўнага праваахоўнага органа і органа папярэдняга расследавання.

Швед нагадаў словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «рэфармаванне следчага апарата — гэта не мэта, а сродак павышэння эфектыўнасці яго працы».

Сярод задач СК Швед назваў аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, а таксама абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?