05.04.2012 / 17:14

«Васіль Канстанцінавіч узяў мяне ў чым была: апрануў, абуў і замуж паклікаў» 4

Былы старшыня легендарнага калгаса «Рассвет» Васіль Старавойтаў і яго жонка Валянціна расказалі, што позні шлюб не перашкаджае моцнаму пачуццю.

На прапанову стаць удзельнікамі рубрыкі «Камсамолкі» «Формула кахання» Валянціна Старавойтава спачатку адказала адмовай. Маўляў, Васіль Канстанцінавіч вельмі слабы, дрэнна чуе…

— Раней кожную раніцу расказваў мне якую-небудзь гісторыю. Гаварыў, гаварыў, гаварыў. Цяпер ужо не расказвае… — уздыхнула гаспадыня.

— Дык цяпер настаў ваш час казаць!

Усміхнуўшыся, Валянціна Мікалаеўна пагадзілася.

Фота Ганны Абразумавай.

Ажаніліся ў новенькім катэджы, выклікаўшы на дом прадстаўніка загса. Фота з сямейнага архіва.

Васіль Старавойтаў двойчы герой сацпрацы, узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.

На адпачынку.

Абрусы Валянціна Мікалаеўна вышывае сама.

Старавойтаў з Быкавым і Слюньковым.

Гэтую старонку фотаальбома Валянціна Мікалаеўна аформіла пасля вяртання мужа з турмы.

Бульвар Будаўнікоў у вёсцы Мышкавічы, што за 160 км ад Мінска, мы знайшлі не адразу.

— Нічога сабе, у вёсцы — і бульвар! — не ўтрымаўся кіроўца, не ведаючы, што і бульвар, і ліпавыя прысады, і лазнева-пральны камбінат, і каўбасная вытворчасць з асфальтавым заводам і многімі іншымі дасягненнямі ў калгасе «Рассвет», што грымеў некалі на ўвесь Саюз, з’явіліся дзякуючы неўтаймоўнай энергіі знакамітага Васіля Старавойтава. У той час з цэнтра вёсачкі да дома старшыні вяла асфальтаваная дарога, цяпер пад нагамі хлюпае пясочнага колеру жыжка.

— Усё абяцаюць асфальт пакласці, але, мабыць, не да таго, — сустракае ля сімпатычнай хаткі з зялёным плотам усмешлівая гаспадыня, расказваючы, што раней замест бульвара было балота. Побач — участак, быццам пад лінейку падзелены акуратнымі сцежкамі і градкамі.

Усярэдзіне звычайны з выгляду двухпавярховы катэдж — быццам казачны церам:
на абабітых дрэвам сценах — маляўнічыя карцінкі ды сподачкі, на падлозе — тканыя кілімы, на сталах — вышытыя гаспадыняй абрусы і вязаныя сурвэткі. На падваконніках — папяровы цуд-паўлін і парачка лебедзяў — ізноў жа справа рук Валянціны Мікалаеўны. Над ложкам мужа і жонкі — ружовыя сэрцы з іх юнымі фота. Драўляная лесвіца вядзе на другі паверх-фае з бібліятэкай. Усё — у зялёных вазонах ды саджанцах.

— Мая Валянціна — найлепшая! — уступае ў размову Васіль Канстанцінавіч, які 17 гадоў таму зрабіў Валянціне Мікалаеўне прапанову. Яны былі знаёмыя гадоў 20, з таго часу як яна разам з сям’ёй пераехала ў «Рассвет» і ўладкавалася ў мясцовую школу вучыць дзетак музыцы і маляванню. Неўзабаве праўленне калгаса дала іх сям’і невялікую кватэру. Як і многім іншым, хто пераязджаў у «Рассвет» працаваць.

«Я ведала, што Старавойтаў добры чалавек, з ім не прападу!»

Васіль Канстанцінавіч сядзіць у скураным крэсле ў самым светлым пакоі. Нягледзячы на паважны ўзрост — улетку Старавойтаву споўніцца 88 гадоў — падцягнуты і свежы.

— А калі вы вырашылі, што хочаце быць разам менавіта з гэтай жанчынай? — не без трымцення цікаўлюся ў Васіля Канстанцінавіча.

— У Валі была вельмі вялікая сям’я, і ўсе спявалі песні: і мама, і сёстры. А я любіў музыку, вось мы і размаўлялі. І адна з сясцёр аднойчы сказала мне, што Валя разводзіцца з мужам. Вось тады я і зразумеў, што хачу быць з гэтай жанчынай! — з усмешкай успамінае гаспадар. Яго рашэнне ўхвалілі многія аднавяскоўцы, тыя, хто ведаў Валянціну Мікалаеўну як выдатнага чалавека і працавітую гаспадыню.

— Прызнання ў каханні не было, узрост ужо не той, але прапанову Васіль Канстанцінавіч зрабіў прыгожа: «Васпані, ты цудоўны чалавек, я ведаю! Давай мы з табой сыдземся: ты дапаможаш мне жыць, а я — табе. У нас вялікая розніца ва ўзросце, падумай, даю табе часу тры дні!» — усміхаецца Валянціна Мікалаеўна, якую спачатку агаломшыла прапанова чалавека, на 27 гадоў за яе старэйшага. — Я ведала, што Старавойтаў добры чалавек, што з ім не прападу, але ўсё ж першыя эмоцыі спалохалі. А потым падумала, зразумела, што хачу быць побач з ім, што ён мяне не пакрыўдзіць, і вырашыла: «А што, я цудоўная жанчына. Магу справіцца і з усімі бедамі, і з усімі радасцямі. Галава не закружыцца!» І пагадзілася. Так і сказала: «Я буду вам, Васіль Канстанцінавіч, і сяброўкай, і жонкай, і паплечніцай, і палюбоўніцай… Буду дапамагаць ва ўсім!»

А крыху пазней пацікавілася: «Васіль Канстанцінавіч, чаму ж так атрымліваецца: мне здаецца, што нашы душы ўжо даўно разам, а сышліся мы толькі цяпер? Чаму гэтага не здарылася раней?»

— Спачатку я называла мужа толькі на вы. Чаму не? У дваранскіх сем’ях таксама звярталіся адно да аднаго на вы. Для іх жа гэта было не сорамна!..

Двойчы герою працы Васілю Старавойтаву тады быў 71, Валянціне Мікалаеўне — крыху за 40.
У кожнага за плячыма шлюб, дзеці, унукі. Яго сям’я была супраць новага саюза, хоць у той час Старавойтаў ужо жыў асобна, але яшчэ не развёўся. Дом быў падзелены на дзве паловы: Васіль Канстанцінавіч асталяваўся ў левай частцы, былая жонка і дачка з сям’ёй — у правай. Даведаўшыся пра новую пасію, сям’я паставіла ўльтыматум, і ён сышоў.

Новы дом Старавойтаў купіў толькі праз год, там і распісаўся з Валянцінай Мікалаеўнай, выклікаўшы на дом прадстаўніка загса. А да таго закаханыя год пражылі ў санаторыі.

Распытваць Старавойтава пра справы сардэчныя — няўдзячны занятак. Іншая справа — калгас «Рассвет», якому былы старшыня аддаў сябе без астатку. Пра сваё стварэнне гаспадар гатовы гаварыць гадзінамі. А вось даведацца, за што ён цаніў жанчын і чаму абраў менавіта Валянціну Мікалаеўну, атрымліваецца з цяжкасцю.

— Калі шчыра, я закахаўся, — нягучна прызнаецца Васіль Канстанцінавіч і тут жа пераходзіць на падвышаны тон: — Каб займацца жанчынай, часу шмат трэба. А ў мяне быў «Рассвет» — цяжкая гаспадарка. Яна займала ўвесь вольны час. Да нас жа з’язджаліся дэлегацыі з усяго свету! Вось я гэтым гаспадаркай, як лялькай, і займаўся. Мне трэба было, каб дарожкі былі роўныя, каб на іх ляжаў асфальт… Я павінен быў гэтую «ляльку» ўсім на зайздрасць гадаваць: і Паўднёвай Амерыцы, і Японіі. Мне адзін вялікі спецыяліст так сказаў: «Я ведаў, што раз нас вязуць з Масквы ў Беларусь, значыць, вязуць у добрую гаспадарку. Але не ведаў, што ў такую!»

«Ён убачыў мяне на сцэне і закахаўся ў маю песню»

— Ён мяне і галубкай, і васпані называў, і Валюшачкай… — усміхаецца гаспадыня.

— Я і цяпер кажу, што няма лепшага чалавека, які б пра мяне клапаціўся, які лепш за мяне ведае, чым мая жонка, — падтрымлівае жонку Старавойтаў. — Не было ніводнага застолля, каб я не падняў тост за маю каханую. Гаспадарка, агарод — усё на ёй. Яна прафесар сваёй справы! У нас 26 яблынь, сем груш, 35 кустоў. Валя ўсё ведае, а я дапамагаю падлічыць, колькі фосфару ды калію пад дрэўца пакласці трэба. А ўраджаем сяброў частуе, закатвае…

— А з чырвонай, белай, чорнай парэчкі і вінаграду мы робім смачнае віно, — ганарыцца гаспадар. — У нас жа шмат гасцей бывае, часцяком і сястра Валі з мужам заходзіць. З імі я і каньячок магу пакаштаваць. Ведаеце, я вельмі люблю гэты дом, ён добры. Я наогул шчаслівы чалавек!

— А ў чым вашая формула шчасця?

— Вы з мяне хочаце філосафа зрабіць! — тут жа хмурыцца Старавойтаў. — А гэта да Чарнышэўскага і Дабралюбава. Я так, як яны, хораша не сфармулюю. Або спытайце лепш маю Валю.

— Упершыню ён пачуў мяне як салістку хору, — успамінае гаспадыня. — У калгасе быў вялікі народны хор, вось я і пайшла ў самадзейнасць, не магла без песні.

— І што падумаў Васіль Канстанцінавіч, убачыўшы вас упершыню?

— Што можа падумаць мужчына, убачыўшы жанчыну? Але ў мяне быў ужо не той узрост, каб какетнічаць, — каментуе Старавойтаў. — Проста я вельмі любіў музыку. Вось і закахаўся разам з ёй і ў яе песню.

— А памятаеце самую любімую?

— Самая — гэта зыкінская «Травы луговые». Валя, праспявай… — ціха просіць гаспадар.

І Валянціна Мікалаеўна, усміхаючыся, пачынае ціха напяваць, ды так дзівосна, што аж дух захоплівае!

— Ведаеце, як Старавойтава ў гаспадарцы любілі! — успамінае Валянціна Мікалаеўна. — Ні адзін канцэрт без яго не пачынаўся. Удзельнікі хору выглядвалі з-за куліс: «Прыйшоў?» «А-а, няма яшчэ…» — і журыліся. А як толькі ён заходзіў, з’яўляўся настрой. Зала набівалася бітком, але часам здавалася, што выступалі толькі для Старавойтава. Бо народны хор быў яго любімым стварэннем.

— Я вельмі добра адчуваў музыку, у Маскве яшчэ. калі я быў саюзным дэпутатам, нас вадзілі на оперу «Пікавая дама», «Яўгеній Анегін», на балет «Лебядзінае возера», — кажа Васіль Канстанцінавіч, тлумачачы, што і танга танцаваць умее, і вальс «Бастон».

«І вы б у яго адразу закахаліся»

Валянціна Мікалаеўна праводзіць экскурсію па хаце і нягучна расказвае пра жыццё. Маўляў, хтосьці, можа, і засмуціўся б позняму пачуццю, па маладосці яно і ярчэйшае бывае, і больш вар’яцкае.

— Затое ў нас здарылася сапраўднае ўсвядомленае каханне, — і Валянціна Мікалаеўна паказвае двух лебедзяў, якіх змайстравала з паперы. — Вы пытаецеся, ці дарыў мне Канстанцінавіч падарункі? А што для мяне быў нейкі падарунак, пярсцёнкі або іншыя цацкі? Хата — вось галоўны падарунак. Ён яе і абставіў, і мяне гаспадыняй увёў. Я ў чым была, у тым ён мяне і ўзяў. Апрануў, абуў, замуж паклікаў. Што яшчэ трэба для шчасця?

А яшчэ дакладна ведаю, што формула кахання ні ў якім разе не спрацуе, калі сустрэўся дрэнны чалавек. Яна спрацуе тады, калі чалавек добры, добры, разумны, працавіты. Старавойтаў жа — халерык, працаголік, як яго не любіць? Калі б вы раней з ім пагаварылі, вы б адразу ў яго закахаліся! Вось і ў нас формула кахання спрацавала сама па сабе, як толькі я яго сустрэла…

— Пры гэтым характар у Старавойтава заўсёды быў такі, што ўжыцца з ім, мне здаецца, было зусім не проста.

— А я адразу ведала, што павінная быць другой скрыпкай. Ні ў якім разе не першай. Я павінная падпарадкоўвацца і дзесьці ціхенька гуляць, а дзесьці на сярэдзінцы. Але ні ў якім разе не гучней. Навошта мне на ражон лезці? Сваю палавіну дапаўняць трэба. Нездарма ж паабяцала быць і сяброўкай, і жонкай, і палюбоўніцай. Кім заўгодна буду для гэтага чалавека! Таму што геніяльныя людзі з такімі характарамі вельмі шматгранныя, іх адразу цяжка разгадаць.

— З такім мужам, напэўна, і не паспрачаешся?

— Паспрачацца маглі, але не сварыліся. Васіль Канстанцінавіч заўсёды знаходзіў разумныя словы, якія мяне адразу абяззбройвалі… Посуд жа па маладосці б’юць. Да таго ж я не тое каб саромелася, але заўсёды думала: як жа я буду крычаць на паважанага дарослага чалавека? Ён вельмі цікавы, я заўсёды да яго прыслухоўвалася.

Для мяне вельмі важны быў яго клопат, ён падарыў мне не толькі сябе, але і вялікі прыгожы дом, які абставіў як хацеў, — і гаспадыня паказвае прасторны пакой на першым паверсе: драўляная шафа і дзве невялікія канапы з самаробнымі падушачкамі.

— Раней тут была наша светлая спальня, потым яе канфіскавалі, як і іншую мэблю. Цяпер вось паволі, з пенсіі, усё нанова абстаўляем, нешта ў крэдыт бяру, — і Валянціна Мікалаеўна ўспамінае 1997 год, калі мужа арыштавалі. — Гэта такі боль быў! Добра, што дзеці тады да мяне пераехалі… Я не магла па вёсцы хадзіць, наўзрыд плакала, так балюча было. Аднойчы на спатканні расказала пра гэта Васілю Канстанцінавічу, а ён мне ў адказ: «Ты нічога не бойся: я нічога не скраў, ідзі з горда паднятай галавой».

«Нават адзін год побач з гэтым чалавекам зробіць цябе шчаслівай на ўсё жыццё!»

Мы стаім у бібліятэцы каля драўлянага стала, на якім грувасцяцца шматлікія фотаальбомы. Каля сценкі — шафы з неацэннымі чорна-белымі фота за шклом: дзеці і ўнукі мужы і жонкі, фота першай жонкі Васіля Канстанцінавіча, агульнае фота шчаслівых мужа і жонкі. А яшчэ Васіль Канстанцінавіч з ордэнамі-медалямі побач з іншымі героямі нашага часу: Быкавым, Клімуком, Машэравым.

— А як вашая радня паставілася да вашага саюзу, розніца ва ўзросце не збянтэжыла?

— Ведаеце, што сказала мая мама, якая яго добра ведала? «Нават калі ты пражывеш з гэтым чалавекам адзін год (ніхто ж не ведае, колькі наканавана), ты запомніш гэты шчаслівы час на ўсё сваё жыццё!»

Так і здарылася, толькі разам мы ўжо сямнаццаты год.

***

Васіль Старавойтаў, 87 гадоў. Удзельнік вайны, дэлегат XXV, XXVI і XXVII з’ездаў КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 8-га і 10-га скліканняў, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Амаль 30 гадоў, да 1997 года, кіраваў легендарным калгасам «Рассвет» (Магілёўская вобласць), які славіўся на ўвесь саюз. Да 1994 года на рахунках гаспадаркі было каля 5,5 мільярда рублёў.

У кастрычніку 1997 года быў адхілены ад працы і арыштаваны. Абвінавачваўся ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, эканамічных злачынствах, хабарах, арганізацыі забойства кіраўніка Магілёўскага Дзяржкантролю Мікалуцкага. Былы старшыня правёў за кратамі каля двух гадоў. У СІЗА ён перанёс два сардэчныя прыступы, мікраінсульт, пасля якога некаторы час не мог гаварыць.

У Кіраўску Васілю Старавойтаву ўсталяваны бюст.

Двойчы герой сацыялістычнай працы, узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР.

0
Дзьмiтры / Адказаць
05.04.2012 / 18:23
Ну, правікаўскія тралі, ФАС! Гэта ж былы наменклатуршчык!
0
Неслучайный прохожий / Адказаць
05.04.2012 / 19:26
Ну и что, что номенклатурщик. Он враг власти- пусть хоть черт с рогами, но он ваш, "пятой колонны", парень.
0
a / Адказаць
06.04.2012 / 03:00
а вам бы все в какую-нибудь графу его отнести- то номенклатурщик, то пятоколонщик... сортировщики, понимаешь... а что дальше? Система и создала его и сгубила его же. ТОлько женщина одна видит ЧЕЛОВЕКА.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру